18-04-2018
18 красавіка 2018 г. адбыўся пяты раўнд палітычных кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі Беларусі і Амана. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік Міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас, аманскую – выканаўца абавязкаў намесніка Міністра замежных спраў па дыпламатычных пытаннях Махамед аль-Хасан.
Да даведкі: Двухбаковыя кансультацыі паміж Аманам і Беларуссю на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў праводзяцца з 2008 году і на сёння з’яўляюцца галоўным стала працуючым механізмам міждзяржаўнага дыялогу.
Падчас кансультацый абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, сучасны стан і перспектывы развіцця беларуска-аманскага дыялогу, у тым ліку на вышэйшым і высокім узроўнях, узаемадзеянне ў галінах адукацыі, навукі і культуры, магчымасці развіцця дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін.
Асаблівая ўвага на кансультацыях была нададзена пытанням развіцця гандлёвых сувязей, інвестыцыйнага супрацоўніцтва, абмену візітамі дэлегацый дзелавых колаў. Бакі адзначылі важнасць больш шырокага і наступальнага маркетынгу ў Амане гандлёвых, тэхналагічных і інавацыйных магчымасцей Беларусі і абмеркавалі магчымыя мэтазгодныя крокі на гэтым кірунку.
Больш дэталёва гэтыя і іншыя пытанні суразмоўцы дамовіліся абмеркаваць падчас першага пасяджэння Сумеснага міжурадавага камітэта, прынцыповае пагадненне аб неабходнасці стварэння якога было агучана падчас кансультацый.
Бакі таксама разгледзелі перспектывы далейшай узаемнай лібералізацыі візавага рэжыму, ў тым ліку ў кантэксце магчымасці поўнага скасавання віз для ўладальнікаў звычайных пашпартоў.
Да даведкі: Аман уваходзіць у лік дзяржаў, грамадзяне якіх маюць права на бязвізавы пяцідзённы побыт у Беларусі.
Акрамя гэтага, кіраўнікі беларускай і аманскай дэлегацый абмяняліся думкамі па пытаннях развіцця сітуацыі на Блізкім Усходзе, у краінах Паўночнай Афрыкі, еўрапейскім рэгіёне, а таксама абмеркавалі ўзаемадзеянне дзвюх дзяржаў у рамках ААН.
У той жа дзень кіраўнікі дэлегацый узялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці Аманскага цэнтра арабскай мовы і культуры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.