19-03-2019
18 сакавіка 2019 г. на палях 63-й сесіі Камісіі ААН па становішчы жанчын Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры ААН Валянцін Рыбакоў прыняў удзел у якасці спецыяльнага запрошанага госця ў тэматычным мерапрыемстве «Пераадоленне ўразлівасці: сумесныя меры па папярэджанні гандлю людзьмі праз прызму правоў чалавека», якое было арганізавана кааліцыяй міжнародных няўрадавых арганізацый, якія працуюць у сферы супрацьдзеяння гандлю людзьмі.
У сваім выступе кіраўнік беларускай місіі падкрэсліў ролю і патэнцыял Глабальнага плана дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі як першага ўніверсальнага дакумента, накіраванага на абарону ахвяраў гандлю людзьмі. В.Рыбакоў адзначыў узрастаючую ролю прыватнага сектара і няўрадавых арганізацый у сферы папярэджання гандлю людзьмі, таксама падкрэсліў неабходнасць умацавання партнёрскіх сувязяў усіх зацікаўленых бакоў, у тым ліку ў мэтах забеспячэння і выканання правоў ахвяр гандлю людзьмі.
Беларускі дыпламат праінфармаваў удзельнікаў мерапрыемства аб намеры Беларусі ўнесці на разгляд 74-й сесіі ГА ААН праект традыцыйнай беларускай рэзалюцыі аб умацаванні каардынацыі намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі.
Падчас мерапрыемства было прадстаўлена практычнае кіраўніцтва для ўрадаў і грамадзянскай супольнасці па папярэджанні гандлю людзьмі ў мэтах сэксуальнай эксплуатацыі.