09-10-2018
9 кастрычніка 2018 г. Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей сустрэўся з намеснікам Генеральнага сакратара ААН — Выканаўчым дырэктарам Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці (УНП ААН) Юрыем Фядотавым, які знаходзіцца ў Мінску для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню “Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху”.
Гэта другі рабочы візіт кіраўніка УНП ў Беларусь. Першы візіт Ю.Фядотава адбыўся ў 2013 годзе.
Бакі абмеркавалі сумесныя крокі ў сферы барацьбы з наркапагрозай і процідзеяння гандлю людзьмі, узаемадзеянне ў рамках рэгіянальнай праграмы УНП ААН для Беларусі, Малдовы і Украіны ў галіне барацьбы са злачыннасцю і наркатрафікам. Удзельнікі сустрэчы адзначылі ўстойлівы высокі ўзровень супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці.
У.Макей з задавальненнем адзначыў падтрымку, якую аказвае УНП ААН у ажыццяўленні беларускіх антытрафікінгавых ініцыятыў. Міністр таксама падзякаваў кіраўніку УНП ААН за ўклад у падрыхтоўку і ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам у лічбавую эпоху.