25 лютага 2006 года ў Беластоку адбываюцца ўрачыстасці з нагоды святкавання 50-годдзя з дня заснавання Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы (БГКТ) і заключны гала-канцэрт XIII Агульнапольскага фестываля “Беларуская песня 2006”.
За значны ўклад у развіццё беларускай культуры і адукацыі ў Польшчы і ў сувязі з 50-годдзем Таварыства прынята рашэнне ўзнагародзіць БГКТ ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
25 лютага 2006 года адбылося ўрачыстае пасяджэнне Галоўнага праўлення БГКТ, падчас якога кіраўнікі і актыўныя дзеячы Таварыства ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і падарункамі ад імя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрстваў замежных спраў, адукацыі, культуры, Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Гродзенскага аблвыканкама і Пасольства Беларусі ў Польшчы.
Ва ўрачыстых мерапрыемствах прымае ўдзел афіцыйная дэлегацыя Рэспублікі Беларусь на чале з намеснікам Міністра культуры Валерыем Гедройцам. У яе склад таксама ўвайшлі Пасол Беларусі ў Польшчы Павел Латушка, Генеральны консул ў Беластоку Леанід Каравайка, намеснік старшыні Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей Уладзімір Ламека, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, прадстаўнікі Міністэрстваў замежных спраў, адукацыі, Гродзенскага аблвыканкама, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Я.Купалы.
У заключным гала-канцэрце XIII Агульнапольскага фестываля “Беларуская песня 2006” удзельнічае вялікая творчая дэлегацыя з Рэспублікі Беларусь – Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, Ансамбль беларускай песні і музыкі “Сваякі”, пераможца дзіцячага конкурса “Еўрабачанне 2005” Ксенія Сітнік.
26 лютага 2006 года ў Музеі і Цэнтры беларускай культуры ў Гайнаўцы з удзелам афіцыйнай беларускай дэлегацыі адбудзецца адкрыццё выстаўкі “Малюся я небу, зямлі і прастору...”, арганізаванай Пасольствам Беларусі ў Польшчы сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем імя Я.Купалы.
Даведачна:
БГКТ з’яўляецца адной са старэйшых і уплывовых арганізацый беларускай меньшасці ў Польшчы, мае багаты вопыт і традыцыі. Штогод БГКТ праводзіць каля 70 разнастайных фестываляў, конкурсаў, аглядаў і прэзентацый, у якіх удзельнічае больш за 60 тысяч чалавек. Многія з гэтых мерапрыемстваў маюць доўгія гісторыю і праводзяцца ўжо на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў.
Пры БГКТ актыўна дзейнічае на сталай аснове каля 60 аматарскіх калектываў, якія прымаюць удзел у мерапрыемствах не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі, у іншых краінах. Па запрашэнні БГКТ штогод у галоўных мерапрыемствах прымаюць ўдзел ад 20 да 30 прафесійных і аматарскіх калектываў з Беларусі.