10-04-2014
Па матэрыялах брыфінгу начальніка ўпраўлення інфармацыі — прэс-сакратара МЗС Дзмітрыя Мірончыка, праведзенага для прадстаўнікоў СМІ 10 красавіка 2014 года
9–10 красавіка 2014 г. у г.Любляне (Славенія) з рабочым візітам знаходзіцца дэлегацыя Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь на чале з намеснікам Міністра Аленай Купчыной.
9 красавіка адбылася сустрэча кіраўніка беларускай дэлегацыі з намеснікам Прэм’ер-міністра – Міністрам замежных спраў Рэспублікі Славенія Карлам Эр’яўцам. Прайшоў чарговы раунд кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі Беларусі і Славеніі. Славенскую дэлегацыю на кансультацыях узначаліў генеральны дырэктар дэпартамента двухбаковых адносін і пытанняў Еўрасаюза Міністэрства замежных спраў Тадэй Рупель. У гэты ж дзень А.Купчына правяла перамовы з дзяржаўным сакратаром МЗС Славеніі Богданам Бенка і палітычным дырэктарам славенскага знешнепалітычнага ведамства Ігарам Юкічам.
Падчас сустрэч быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў двухбаковага парадку дня, развіцця дыялогу паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, узаемадзеяння на пляцоўках міжнародных арганізацый, а таксама актуальныя праблемы міжнароднай палітыкі.
Бакамі дасягнута дамоўленасць аб пашырэнні тэматыкі кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін. Узгоднены прынцыповыя і арганізацыйныя пытанні падрыхтоўкі і правядзення чарговага пасяджэння двухбаковай Міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, якое мае адбыцца восенню бягучага года, а таксама адпаведнага беларуска-славенскага бізнэс-форума. Разгледжаны сумесныя крокі па далейшым развіцці дагаворна-прававой базы двухбаковых стасункаў, у тым ліку ў сферы інвестыцый і ўзаемадзеяння паміж міністэрствамі юстыцыі дзвюх кріан. Абмеркаваны механізмы працягу праграм аздараўлення беларускіх дзяцей у Славеніі.
На 10 красавіка запланаваны сустрэчы беларускай дэлегацыі па лініі ўмацавання эканамічных стасункаў паміж дзвюма краінамі.