Логотип
Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь
Сайт: http://mfa.gov.by/be/press/news_mfa/f5dca69ccb3fdb35.html

Заява дэлегацыі Беларусі на заключнай сесіі пасяджэння СМЗС АБСЕ (5 снежня 2025 г.)

05 снежня 2025

 

Дэлегацыя Беларусі вымушана адрэагаваць на заявы ў гэтай залі шэрагу дзяржаў, якія адносяць сябе да так званай "групы сяброў дэмакратычнай Беларусі". Гэтыя заявы з'яўляюцца ні чым іншым, як наборам палітызаваных штампаў і падвойных стандартаў, якія скажона прадстаўляюць рэальную сітуацыю ў Беларусі.

Беларусь - суверэнная, незалежная дзяржава. Наша грамадства, наша заканадаўства, нашы інстытуты – не прадмет для знешняга дыктату. Беларускі народ здольны самастойна вызначаць свой лёс. Дапамога з боку замежных добраахвотаў у «падрыхтоўцы дэмакратычнай будучыні» краіны беларусам не патрэбна.

Больш за тое, спробы навязаць Беларусі авантурысцкія палітычныя сцэнары звонку - гэта прамое парушэнне прынцыпу неўмяшання. Гэтыя спробы асуджаныя на правал.

Тыя, хто сёння спрабуе чытаць Беларусі лекцыі аб дэмакратыі і правах чалавека, самі даўно і паслядоўна ігнаруюць уласныя абавязальніцтвы. Мы бачым масавыя пратэсты, гвалт паліцыі, цэнзуру, забароны партый і крымінальны пераслед непажаданых у тых самых краінах, якія зараз паспрабавалі выступіць «маральнымі аўтарытэтамі». Мы не прымаем маралі ад тых, хто не выконвае гучна дэкларуемыя прынцыпы ў сябе дома.

Цяперашняя палітычная лінія шэрагу заходніх дзяржаў у дачыненні да Беларусі – пагардлівае ігнараванне геапалітычных рэалій, гатоўнасць жыць у віртуальным свеце сваіх жаданняў і фантазій, гіпертрафаванае ўяўленне аб сваім уласным аўтарытэце і магчымасцях – выразна гаворыць аб сыходзе гэтых дзяржаў ад традыцый класічнай дыпламатыі ва ўгоду імгненным павевам палітычнай кан'юнктуры. Гэта пазбаўляе гэтыя дзяржавы рэальнага палітычнага ўплыву і магчымасці быць пачутымі.

Заклікаем калегаў адмовіцца ад існуючай заганнай практыкі, якая дыскрэдытуе як вашы дзяржавы, так і нашу арганізацыю.

Яшчэ раз паўтараем: Беларусь адкрытая для дыялогу - але толькі паважлівага і раўнапраўнага. Шантаж, ціск і маніпуляцыі пад выглядам "праваабарончай заклапочанасці" такому дыялогу не толькі не спрыяюць, а наадварот - канчаткова руйнуюць яго.

Беларуская дзяржава ўпэўнена працягне абараняць суверэнітэт краіны, інтарэсы беларускага народа і яго неад'емнае права самастойна вызначаць шлях развіцця краіны.