24 красавіка 2026 г. у г.Маскве адбыўся чарговы раунд кансультацый па пытаннях міжнароднай дзейнасці Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і рэгіянальнай бяспекі на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў дзяржаў – членаў ШАС.
Беларускую дэлегацыю ўзначаліў першы намеснік Міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч.

Кансультацыі былі накіраваны на паглыбленне знешнепалітычнай каардынацыі дзяржаў – членаў ШАС з мэтай узмацнення міжнародных пазіцый Арганізацыі. Адмысловая ўвага была нададзена ролі ШАС у фармаванні архітэктуры роўнай і непадзельнай бяспекі ў Еўразіі ў кантэксце бягучых выклікаў у рэгіёне, удасканаленню механізмаў аператыўнага рэагавання ў рамках Арганізацыі.
У сваім выступе першы намеснік Міністра, у прыватнасці, зазначыў:
«У Рэспубліцы Беларусь з глыбокай трывогай сочаць за развіццём сітуацыі ў Персідскім заліве. Зыходзім з таго, што агрэсія супраць суверэнных і незалежных дзяржаў недапушчальная.
Адмысловую небяспеку ў гэтым канфлікце ўяўляюць удары па аб'ектах грамадзянскай, прамысловай і энергетычнай інфраструктуры. Ніякія мэты не могуць апраўдаць пагарды да чалавечых жыццяў. Гуманітарныя наступствы ўжо набылі катастрафічны характар. Падкрэсліваем безумоўную неабходнасць абароны мірнага насельніцтва ў адпаведнасці з Жэнеўскімі канвенцыямі.
Трывогу выклікае нанясенне ўдараў па аб'ектах мірнай ядзернай інфраструктуры Ірана, у тым ліку ў раёне АЭС «Бушэр». Любое пашкоджанне такіх аб'ектаў пагражае не проста лакальнай катастрофай, але і рызыкай некантралюемага радыёактыўнага заражэння, якое не прызнае дзяржаўных меж. Адзіным выйсцем застаецца вяртанне ў рэчышча палітыка-дыпламатычнага ўрэгулявання.
У цяперашніх умовах неабходна аб'яднаць намаганні, каб спыніць спаўзанне рэгіёна і свету ў бездань поўнамаштабнай вайны з катастрафічнымі, доўгатэрміновымі і непрадказальнымі наступствамі.
Выступаем за дыялог з уладамі Афганістана, пошук шляхоў яго рэінтэграцыі ў міжнародную супольнасць, што, упэўнены, адпавядае інтарэсам як краін-суседзяў, удзельнікаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, так і ўсяго свету.
У гэтых умовах гатовы садзейнічаць сацыяльна-эканамічнаму развіццю і харчовай бяспецы гэтай краіны, рабіць свой пасільны ўнёсак у павышэнне ўзроўню бяспекі ў ёй і вакол яе перш за ўсё за кошт зніжэння ўзроўню беднасці, умацавання эканомікі і ўключэння афганскага насельніцтва ў легальныя віды занятасці.
Разлічваем на хутчэйшую стабілізацыю сітуацыі на афгана-пакістанскай мяжы і ў сувязі з гэтым высока ацэньваем канструктыўную ролю Кітая ў садзейнічанні дыялогу Кабула і Ісламабада.
Несумненна, «аднапалярны момант» ужо застаўся ззаду. Больш за тое, мы абсалютна перакананыя ў неабходнасці ўмацавання шматпалярнасці, паколькі яна з'яўляецца залогам эфектыўнай шматбаковасці, якая, у сваю чаргу, дае магчымасць усім без выключэння краінам свету супрацоўнічаць на ўзаемнай, раўнапраўнай і паважлівай аснове.
У гэтым плане вельмі да месца і своечасова паўстала ідэя Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі. Асноўная мэта гэтай ініцыятывы – дапамагчы еўразійскім дзяржавам стварыць парадак унутры іх уласнага рэгіёну – Еўразіі, а таксама паспрабаваць суаднесці еўразійскі парадак з парадкамі ў іншых рэгіёнах – гэта феномен, які мы ўсе часта называем «інтэграцыяй інтэграцый».
Адна з самых прыярытэтных задач на сённяшні дзень – удасканаленне дзейнасці ШАС. Мы працягнем браць самы актыўны ўдзел у абмеркаванні паправак, якія ўносяцца ў Хартыю ШАС і шэраг іншых дакументаў Арганізацыі. Аптымізаваць дзейнасць ШАС дазволіць таксама зліццё статусаў назіральніка і партнёра па дыялогу.
Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва мае рэсурс для больш актыўнага ўдзелу ў глабальным кіраванні. Істотным узмацняльнікам гэтага патэнцыялу з'яўляецца наша імкненне да бесперапыннага ўдасканалення ШАС, якая ўжо стала выбітнай платформай для ўзмацнення голасу еўразійскага рэгіёна».
На палях мерапрыемства С.Лукашэвіч таксама сустрэўся з кіраўнікамі дэлегацый Расіі, Індыі, Кыргызстана і Пакістана. Падчас перагавораў бакі абмеркавалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння ў рамках ШАС і двухбаковага парадку дня.