30-12-2016
Міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Макеем ад імя Урада Рэспублікі Беларусь падпісаны пагадненні аб фінансаванні праграм трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС «Латвія-Літва-Беларусь» і «Польшча-Беларусь-Украіна» у межах Еўрапейскага інструмента суседства на 2014-2020 гады.
Падпісанне пагадненняў стварае прававую аснову для ўдзелу Беларусі ў рэалізацыі дадзеных праграм, якія накіраваны на падтрымку супрацоўніцтва паміж краінамі-ўдзельніцамі і іх сумежнымі тэрыторыямі ў такіх галінах, як упраўленне дзяржаўнай граніцай, барацьба з трансгранічнай злачыннасцю, сумеснае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі, ахова навакольнага асяроддзя, падтрымка прадпрымальніцтва, развіццё турызму, аховы здароўя і сацыяльных паслуг, захаванне культурна-гістарычнай спадчыны, прасоўванне міжкультурных сувязей і кантактаў паміж людзьмі.
Агульны бюджэт абедзвюх праграм складае больш за 280 мільёнаў еўра, якія будуць вылучацца на праектную дзейнасць у краінах-удзельніцах на конкурснай аснове. Пры гэтым больш за 20 мільёнаў еўра з гэтых сродкаў будзе вылучана на пазаконкурсную рэалізацыю ў Беларусі буйнамаштабных праектаў па развіцці прыгранічнай інфраструктуры, у тым ліку мадэрнізацыі пагранічных пунктаў пропуску, удасканаленне тэхнічных сістэм аховы граніцы і рэканструкцыі пад’язных шляхоў.
Пагадненні аб фінансаванні цалкам уступяць у сілу пасля іх ратыфікацыі Рэспублікай Беларусь у 2017 годзе.