16-10-2018
16 кастрычніка 2018 г. у г.Нью-Дэлі адбыўся шосты раўнд кансультацый знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Індыі. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік Міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас, індыйскі бок – намеснік Міністра замежных спраў Ручы Гханашыям.
Практыка кансультацый паміж МЗС з'яўляецца традыцыйным інструментам супрацоўніцтва Беларусі і Індыі для разгляду актуальных двухбаковых і міжнародных пытанняў. Папярэдні раўнд кансультацый быў праведзены ў Мінску ў лістападзе 2016 года.
Намеснікі міністраў замежных спраў Беларусі і Індыі абмеркавалі стан двухбаковага палітычнага і міжпарламенцкага дыялогу, эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне, навукова-тэхнічныя, адукацыйныя і культурныя сувязі, развіццё дагаворна-прававой базы адносін, супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях і асобныя пытанні міжнароднага парадку дня.
Разгледжана праграма і практычнае напаўненне ўзаемных візітаў на высокім узроўні на бліжэйшую перспектыву. А.Дапкюнас і Р.Гханашыям абмеркавалі мэтазгоднасць магчымага пераводу кансультацый паміж МЗС Беларусі і Індыі з двухгадовай на штогадовую аснову.
У кантэксце развіцця міжпарламенцкіх кантактаў была абмеркавана магчымасць стварэння беларуска-індыйскай міжпарламенцкай групы дружбы. Беларуская частка будучай групы ўжо сфарміравана ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.
Беларусь і Індыя дамовіліся аб працягу дыялогу і наступных практычных кроках па распрацоўцы канцэпцыі Беларуска-Індыйскага вытворча-інвестыцыйнага кластара ў асаблівай эканамічнай зоне “Брэміна-Ворша”. Рашэнне аб стварэнні рабочай групы для дэталёвага абмеркавання дадзенай тэмы прыняла Беларуска-Індыйская Міжурадавая камісія па супрацоўніцтве ў галіне эканомікі, гандлю, прамысловасці, навукі, тэхналогій і культуры ў верасні 2018 г.
Індыя пацвердзіла падтрымку ўступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.
А.Дапкюнас і Р.Гханашыям падтрымалі неабходнасць далейшага спрашчэння ўмоў для ўзаемных паездак грамадзян дзвюх краін. Індыя вывучыць магчымасць прадастаўлення беларускім грамадзянам магчымасці атрымліваць электронную індыйскую візу.
Разгледжаны магчымасці для развіцця ўзаемадзеяння Беларусі і Індыі ў рамках шматбаковых арганізацый, уключаючы ААН, Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва і Рух недалучэння.