25-04-2018
23-25 красавіка 2018 г. адбыўся візіт у г.Гаагу намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алега Краўчанкі для ўдзелу ў палітычных кансультацыях з Міністэрствам замежных спраў Каралеўства Нідэрландаў. Гэта першыя ў гісторыі двухбаковых адносін кансультацыі паміж МЗС на ўзроўні намеснікаў міністраў.
Нідэрландскую дэлегацыю ўзначаліў намеснік Генеральнага дырэктара па палітычных пытаннях МЗС Пітэр Ян Клейвег Дэ Зваан.
Падчас перагавораў абмеркаваны стан і перспектывы развіцця беларуска-нідэрландскіх адносін у палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах, праблематыка правоў чалавека, пытанні ўзаемадзеяння па лініі Беларусь — ЕС, сітуацыя ў рэгіёне.
Бакі пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым пашырэнні палітычнага дыялогу, гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.
У рамках візіту ў г.Гаагу А.Краўчанка правёў таксама сустрэчу з групай экспертаў у нідэрландскім інстытуце міжнародных адносін “Клінгендаль”, на якой прадставіў знешнепалітычныя падыходы Беларусі і бачанне рэгіянальнай сітуацыі.