«РІА Навіны»: У выданні Le Monde з'явілася інфармацыя пра тое, што на мінулым тыдні Мінск наведаў высокапастаўлены супрацоўнік МЗС Францыі. Ці можаце вы гэта пацвердзіць і пракаментаваць?
Р.Варанкоў: Хацеў бы звярнуць увагу, што такія візіты не з'яўляюцца чымсьці надзвычайным.
Беларускі бок падтрымлівае рэгулярныя працоўныя кантакты як з Францыяй, так і з іншымі заходнімі дзяржавамі.
Пры гэтым дыялог як па двухбаковых каналах, так і на палях шматбаковых мерапрыемстваў нярэдка мае канфідэнцыяльны характар.
Але паколькі гэтая інфармацыя была апублікаваная, мы пацвярджаем, што 5 і 6 лютага ў Мінску на запрашэнне беларускага боку знаходзіўся дырэктар дэпартамента кантынентальнай Еўропы галоўнага дэпартамента па палітычных пытаннях і пытаннях бяспекі Міністэрства замежных спраў Французскай Рэспублікі Брыс Ракфёй.
Адбылася яго сустрэча з намеснікам Міністра замежных спраў Беларусі Ігарам Сякрэтай.
Акрамя таго, французскі дыпламат правёў кансультацыі з прадстаўнікамі беларускай экспертна-аналітычнай супольнасці.
Мы заўсёды адкрытыя да раўнапраўнага дыялогу, калі ён будуецца на прынцыпах узаемнай павагі і накіраваны на пошук рашэнняў, якія маюць узаемны інтарэс.