16-01-2019
16 студзеня 2019 г. намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэй Дапкюнас сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымінам.
Бакі абмеркавалі падрыхтоўку да другога міжнароднага форуму вышэйшага ўзроўню “Адзін пояс, адзін шлях”, які адбудзецца ў красавіку 2019 г. у Пекіне. Пасол Кітая перадаў асабістае пасланне Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнку з запрашэннем прыняць удзел у гэтым важным мерапрыемстве.
Да даведкі: У першым міжнародным форуме “Адзін пояс, адзін шлях”, які прайшоў у мае 2017 г. у Пекіне, прынялі ўдзел кіраўнікі 29 дзяржаў і міжнародных арганізацый, у тым ліку Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка. Падчас форуму абмеркаваны шляхі паглыблення эканамічнага ўзаемадзеяння паміж дзяржавамі, якія ўваходзяць у Эканамічны пояс Шаўковага шляху, у прыватнасці, фарміравання транспартнага, энергетычнага і гандлёвага калідора паміж краінамі Азіі і Еўропы.
Беларусь з'яўляецца ключавым звяном ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях” з улікам паспяховай рэалізацыі на тэрыторыі краіны праекта стварэння індустрыяльнага парку “Вялікі камень”, названага Старшынёй КНР “жамчужынай” Шаўковага шляху.
У рамках работы па далейшаму павышэнню прывабнасці парку для міжнародных інвестараў у ліпені 2019 г. на базе індустрыяльнага парку плануецца правесці міжнародны форум “Пояс і шлях”.
Беларускі і кітайскі дыпламаты разгледзелі шэраг іншых пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, адзначылі агульнасць падыходаў да асноўных тэм двухбаковага і міжнароднага парадку дня. У гэтым кантэксце Пасол Кітая падзякаваў за паслядоўную падтрымку Кіраўніком беларускай дзяржавы, яе ўрадам і МЗС палітыкі “адзінага Кітая”. Намеснік Міністра пацвердзіў, што падтрымка Беларуссю падыходаў Кітайскай Народнай Рэспублікі ў дачыненні да тэмы Тайваня носіць глыбока прынцыповы характар і грунтуецца на ўсведамленні аб'ектыўнай правільнасці гэтых падыходаў і іх адпаведнасці карэнным інтарэсам кітайскага народа.