27-02-2019
26 лютага 2019 г. намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэй Дапкюнас выступіў на адкрыцці 40-й сесіі Савета ААН па правах чалавека.
Намеснік Міністра звярнуў увагу на трывожныя тэндэнцыі ў міжнародных адносінах, якія ўсё больш абмяжоўваюць магчымасці дзяржаў забяспечыць кожнаму чалавеку права на жыццё і права на годнае жыццё. На думку Беларусі, да іх адносяцца гандлёвыя, інфармацыйныя і гібрыдныя войны, узброеныя канфлікты і тэрарызм.
У святле гэтых выклікаў А.Дапкюнас акцэнтаваў увагу Савета на актуальнасці ініцыятывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб разгортванні новага маштабнага міжнароднага дыялогу па пытаннях глабальнай бяспекі.
Намеснік Міністра замежных спраў са шкадаваннем канстатаваў, што Савет па правах чалавека фактычна адлюстроўвае тэндэнцыі дэградацыі сістэмы міжнароднага права, служыць пляцоўкай для раскручвання новых крызісаў і легітымізацыі гвалтоўных дзеянней у дачыненні да суверэнных дзяржаў.
У сувязі з гэтым кіраўнік беларускай дэлегацыі заявіў аб неабходнасці рэарганізацыі Савета так, каб ён мог ісці ў нагу з патрабаваннямі часу, у тым ліку больш абараняць сацыяльныя і эканамічныя правы і дапамагаць дзяржавам у дасягненні мэтаў ўстойлівага развіцця.
Да даведкі: Савет па правах чалавека (СПЧ) з'яўляецца міжурадавым органам у сістэме ААН, які адказвае за садзейнічанне ўсеагульнай павазе і абароне ўсіх правоў чалавека ва ўсім свеце і за разгляд сітуацый, звязаных з парушэннем правоў чалавека. Асноўная сесія СПЧ па сваім фармаце і ахопу пытанняў, разглядаемых на ёй праз прызму правачалавечай праблематыкі, супастаўная з сесіяй Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Беларусь з'яўляецца назіральнікам у СПЧ.
У сегменце высокага ўзроўню 40-й сесіі СПЧ прымаюць удзел прэзідэнты, прэм'ер-міністры, міністры замежных спраў і іх намеснікі 100 дзяржаў, а таксама кіраўніцтва міжнародных арганізацый, уключаючы Генеральнага сакратара ААН.