11-12-2017
11 снежня 2017 г. намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алег Краўчанка звярнуўся з прывітаннем да ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі “Еўрапейскі саюз і яго ўсходнія партнёры: бягучыя падыходы да рэгіянальнага супрацоўніцтва”, якая праходзіць у г.Мінску на базе экспертна-дыскусійнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” пад эгідай беларускага старшынства ў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятыве.
У мерапрыемстве прымаюць удзел аўтарытэтныя палітолагі з Заходняй Еўропы, Балканскага рэгіёну, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, эксперты вядучых беларускіх “фабрык думкі”, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.
У сваім выступленні А.Краўчанка падкрэсліў, што Рэспубліка Беларусь была і застаецца адным з фактараў стабілізацыі становішча ў еўрапейскім рэгіёне, нязменна адказна ставіцца да сваіх абавязацельствах перад партнёрамі, прапануе аб'яднаўчы парадак дня іншым членам міжнароднай супольнасці.
Пры характарыстыцы развіцця ўзаемавыгаднага дыялога па лініі Мінск-Брусель было адзначана, што для Беларусі канструктыўныя адносіны з ЕС – неабходная перадумова ўмацавання дзяржаўнасці і бяспекі. У сваю чаргу, надзейныя і моцныя суседзі – залог стабільнасці самога Еўрасаюза.
Аналізуючы інтэграцыю як шырокі працэс, які выходзіць за рамкі еўрапейскага рэгіёну, прадстаўнік кіраўніцтва МЗС заявіў, што на пляцоўцы Усходняга партнёрства еўрапейская і еўразійская інтэграцыя ўжо цесна сутыкаюцца, і заклікаў да развіцця тэхнічнага і экспертнага дыялогу паміж ЕАЭС і ЕС.
Падчас выступлення А.Краўчанка акцэнтаваў увагу экспертаў на міжнародных ініцыятывах, вылучаных Кіраўніком беларускай дзяржавы — партнёрстве інтэграцый і запуску дыялогу на тэму еўрапейскай бяспекі, аналагічнага Хельсінкскаму працэсу 70-х гадоў XX стагоддзя.
Канферэнцыя стане важным элементам экспертнага суправаджэння завяршальнай фазы беларускага старшынства ў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятыве і сустрэчы кіраўнікоў урадаў краін-удзельніц ЦЕІ, якая адкрываецца заўтра ў беларускай сталіцы.