11 лістапада 2024 г. у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця выстаўкі жывапісу сербскай манахіні Марыі (Анціч) «Святыя Новамучанікі Ясенавецкія ў святле Уваскрэсення».
У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік Міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сербіі ў Беларусі Іліна Вукайловіч, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Варапаеў, дырэктар Музея ахвяр генацыду ў Бялградзе Бажан Арбуцін, прадстаўнікі дзяржаўных устаноў, дыпкорпуса, духавенства, беларускай грамадскасці.
У сваім выступленні Ю.Амбразевіч адзначыў культурную і духоўную блізкасць, сяброўства і высокую ступень узаемнай павагі беларускага і сербскага народаў, іх беражлівыя адносіны да сваёй гісторыі і памяці суайчыннікаў, якія аддалі жыцці за свабоду і незалежнасць Радзімы.
Намеснік Міністра падкрэсліў высокую важнасць і сімвалічнасць праекта ў кантэксце святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі і Сербіі ад нацызму ў гады Другой сусветнай вайны, а таксама з улікам 30-годдзя з дня наладжвання дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі.
Даведачна. Сербская мастачка манахіня Марыя (Анціч) стварыла свае карціны ў перыяд з лістапада 2017 па чэрвень 2022 года, будучы насельніцай жаночага манастыра Раства святога Іаана Хрысціцеля ў вёсцы Ясенавац. Манастыр знаходзіцца на месцы, дзе ў гады вайны размяшчаўся аднайменны канцлагер.