Логотип
Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь
Сайт: http://mfa.gov.by/be/press/news_mfa/ae4be9fb19928741.html

Аб удзеле намесніка Міністра замежных спраў Беларусі І.Сякрэты у мерапрыемстве з нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей

03 чэрвеня 2025

 

3 чэрвеня 2025 г. намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Сякрэта прыняў удзел у мерапрыемстве «Засцерагаючы дзяцінства: пляцоўка для супрацоўніцтва» з нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку. Мерапрыемства арганізавана Прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН у Беларусі ў партнёрстве з Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам адукацыі і Прадстаўніцтвам ААН у Беларусі.

 
 

Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся намеснік Міністра, адзначыўшы важнае значэнне свята як міжнароднай ініцыятывы, накіраванай на абарону правоў, жыцця і здароўя дзяцей ва ўсім свеце.

І.Сякрэта падкрэсліў, што ў Беларусі надаецца асаблівая ўвага ахове мацярынства, абароне дзяцінства і збераганню традыцыйных сямейных каштоўнасцей і што наша краіна прасоўвае ідэю захавання традыцыйнай сям'і і на міжнароднай арэне: Беларусь сумесна з Егіптам і Катарам выступіла ініцыятарам стварэння ў ААН Групы сяброў сям'і.

Намеснік Міністра таксама адзначыў значную ролю Дзіцячага фонду ААН – даўняга і надзейнага партнёра Беларусі ў пытаннях паляпшэння становішча дзяцей і падтрымкі іх правоў.

У якасці ганаровага госця ўдзел у мерапрыемстве прыняла жонка Міністра замежных спраў Беларусі Наталля Рыжанкова.

Святкаванне Міжнароднага дня абароны дзяцей стала адным з серыі сумесных мерапрыемстваў, прадугледжаных Планам па святкаванні 80-годдзя стварэння ААН у Беларусі, які быў падпісаны Міністрам замежных спраў і Пастаянным каардынатарам ААН у Беларусі 28 лютага 2025 г.