5 лістапада 2020 г. у “Паштовым салоне” Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белпошта” адбылася цырымонія гашэння паштовай маркі, падрыхтаванай да 150-годдзя з дня нараджэння выдатнага мастака, тэатральнага дэкаратара і педагога Фердынанда Рушчыца.
Да даведкі: 2020 год афіцыйна абвешчаны ЮНЕСКА годам мастака, юбілей Ф.Рушчыца ўключаны ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА на гэты год.
Цырымонію адкрыў Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Макей.
У сваім выступленні У.Макей адзначыў, што ўключэнне 150-годдзя з дня нараджэння нашага знакамітага земляка ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА з'яўляецца пераканаўчым сведчаннем сусветнага прызнання яго творчасці.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што для Беларусі вельмі важна, што ў нашай сумеснай гісторыі з іншымі краінамі ёсць такія выбітныя асобы, культурная спадчына якіх выступае як мова міжнацыянальных зносін, спрыяе развіццю сяброўскіх адносін.
У мерапрыемстве прыняло ўдзел кіраўніцтва Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Міністэрства культуры і Нацыянальнага мастацкага музея.