28 мая 2026 г. Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў у рамках удзелу ў Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце і Еўразійскім эканамічным форуме, якія праходзяць 28–29 мая ў Казахстане, сустрэўся з Генеральным сакратаром Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі (НУМДА) Кайратам Сарыбай.

Бакі абмеркавалі стан і перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з гэтым міжнародным форумам, а таксама месца і ролю Нарады ў забеспячэнні стабільнасці ў Азіі.
К.Сарыбай інфармаваў кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі аб ходзе падрыхтоўкі да VII саміту НУМДА, запланаванага на кастрычнік 2026 года, а таксама аб праводзімай рабоце па рэфармаванні форуму, якая прадугледжвае яго трансфармацыю ў міжнародную арганізацыю.
М.Рыжанкоў выказаў падтрымку суразмоўцу ў ініцыятывах, накіраваных на стратэгічнае развіццё НУМДА. Прапанаваў больш актыўна пашыраць узаемадзеянне з дзяржавамі-назіральніцамі і абазначыў гатоўнасць да больш прадметнай сумеснай работы па пяці ключавых вымярэннях супрацоўніцтва – эканамічным, экалагічным, чалавечым, ваенна-палітычным, а таксама ў сферы барацьбы з новымі выклікамі і пагрозамі.

Генеральны сакратар НУМДА падтрымаў работу Беларусі па падрыхтоўцы Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі, пацвердзіў гатоўнасць і ў далейшым садзейнічаць выпрацоўцы механізмаў даверу і бяспекі на еўразійскім кантыненце.