15 лістапада 2024 г. у Міністэрстве замежных спраў адбылася цырымонія падпісання Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Філіпіны аб адмене візавых патрабаванняў для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў. З беларускага боку дакумент падпісаў Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, з філіпінскай - Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Філіпіны ў Рэспубліцы Беларусь з рэзідэнцыяй у г.Маскве Ігар Гарліт Байлен.
Працягваюцца перамовы па далейшым узаемным спрашчэнні візавых правілаў паміж Беларуссю і Філіпінамі для ўладальнікаў звычайных пашпартоў з мэтай стварэння максімальна спрыяльных умоў для развіцця двухбаковых кантактаў не толькі ў палітычнай, але таксама дзелавой і турыстычнай сферах.
Для Беларусі Рэспубліка Філіпіны з'яўляецца адной з ключавых дзяржаў "далёкай дугі", а таксама членам Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, супрацоўніцтва з якой развіваецца перш за ўсё ў эканамічнай сферы. Прызнаючы наяўнасць значнага патэнцыялу для пашырэння ўзаемадзеяння ў сферы гандлю, Мінск і Маніла абмяркоўваюць магчымасці для нарошчвання двухбаковага тавараабароту як на ўрадавым узроўні, так і праз кантакты дзелавых аб'яднанняў дзвюх краін.
Пытанні далейшай інтэнсіфікацыі беларуска-філіпінскага супрацоўніцтва былі разгледжаны ў ходзе сустрэчы Міністра М.Рыжанкова і Пасла І.Г.Байлена. Бакі абмеркавалі падрыхтоўку маючых адбыцца кантактаў і планы па арганізацыі сумесных мерапрыемстваў, абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях глабальнага і рэгіянальнага парадку дня.
Праграма візіту Пасла Філіпін у Мінск уключае правядзенне шэрагу сустрэч з прадстаўнікамі беларускіх дзяржаўных органаў і дзелавых колаў, а таксама ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па праблемах міграцыі, якая гэтымі днямі праходзіць у Мінску.