Памер шрыфта:

Міністр замежных спраў Беларусі У.Макей на 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (другі дзень)

23 верасня 2022 г.

 

22 верасня 2022 г. Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей прыняў удзел у пасяджэнні Савета Бяспекі ААН па тэматыцы падтрымання міру і бяспекі Украіны.

У.Макей у сваім выступленні, назваўшы сітуацыю ва Украіне вялікай трагедыяй, указаў на прычынна-следчыя сувязі падзей, якія адбыліся. Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што сістэматычнае парушэнне і ігнараванне рызык бяспекі ў рэгіёне, адсутнасць належнай увагі і ўліку інтарэсаў уцягнутых бакоў разам з напышлівай пазіцыяй асобных краін паслужылі перадумовамі канфлікту.

Міністр замежных спраў нагадаў, што Беларусь неаднаразова папярэджвала аб тым, што бяспека адной дзяржавы не можа быць забяспечана ва ўрон бяспецы іншай дзяржавы. Акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў мерапрыемства на ўкладзе нашай краіны ў намаганні па спыненні канфлікту ва Украіне і забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што Беларусь, будучы непасрэдным суседам, мае права быць удзельнікам перагавораў паміж канфліктуючымі бакамі. Мірныя дамоўленасці павінны ўлічваць, у тым ліку, і інтарэсы беларускага боку.

Кіраўнік МЗС Беларусі прыняў удзел у трэцяй міністэрскай сустрэчы краін-членаў Групы сяброў у абарону Статута ААН.

Даведка: Група сяброў уяўляе сабой нефармальнае аб'яднанне дзяржаў-аднадумцаў у ААН, створанае па ініцыятыве Венесуэлы ў ліпені 2021 года. У Групу ўваходзяць Алжыр, Ангола, Беларусь, Балівія, Венесуэла, Зімбабвэ, Іран, Камбоджа, Кітай, КНДР, Куба, Лаос, Нікарагуа, Палестына, Расія, Сэнт-Вінсэнт і Грэнадзіны, Сірыя, Экватарыяльная Гвінея і Эрытрэя.

Мэтамі Групы з'яўляюцца супрацьстаянне аднабаковым прымусовым мерам, абарона суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краін-удзельніц у адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права, прасоўванне сумесных ініцыятыў, накіраваных на абарону і ўмацаванне аўтарытэту палажэнняў Статута ААН.

Першая міністэрская сустрэча Групы сяброў адбылася 23 верасня 2021 г. на палях 76-й сесіі ГА ААН у г. Нью-Ёрку, ЗША. Другая міністэрская сустрэча прайшла 12 кастрычніка 2021 г. на палях мерапрыемства па святкаванні 60-годдзя Руху недалучэння ў г.Бялградзе, Сербія. Па выніках сустрэч былі прыняты палітычныя дэкларацыі.

У ходзе сустрэчы Міністр замежных спраў адзначыў, што аднабаковыя прымусовыя меры сталі фактычна паўсядзённай зброяй Захаду ў арсенале яго карнай палітыкі ў адносінах да непакорных краін.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства прапанаваў выкарыстаць патэнцыял Групы сяброў для выкаранення аднабаковых прымусовых мер з практыкі двухбаковых адносін дзяржаў-членаў ААН.

У.Макей таксама заклікаў Групу сяброў супрацьдзейнічаць так званай "палітыцы адмены" асобных дзяржаў у міжнародных арганізацыях, якая ўяўляе сабой грубае парушэнне Статута ААН.

Падчас мерапрыемства кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства выступіў з ініцыятывай аб правядзенні рэгулярных сустрэч Групы сяброў з удзелам Генеральнага сакратара ААН у мэтах акцэнтавання ўвагі кіраўніцтва ААН на негатыўным уздзеянні аднабаковых прымусовых мер. Прапанавана таксама задзейнічаць мандат Спецыяльнага дакладчыка Савета па правах чалавека па пытанні аб негатыўным уздзеянні аднабаковых прымусовых мер на ажыццяўленне правоў чалавека.

Па выніках сустрэчы Групы сяброў прынята сумесная палітычная Дэкларацыя, якая будзе апублікавана ў якасці афіцыйнага дакумента 77-й сесіі ГА ААН.

На сустрэчы У.Макея з Міністрам замежных спраў Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Карласам Рафаэлем Фарыяй Тортаса бакі падкрэслілі важнасць падтрымання станоўчай дынамікі, прыдадзенай за апошні час двухбаковым адносінам.

Пацверджана ўзаемная зацікаўленасць у арганізацыі сустрэчы лідэраў дзвюх краін, чаму павінна папярэднічаць сумесная работа па ажыўленні галіновага ўзаемадзеяння ў ключавых сферах супрацоўніцтва.

У.Макей запрасіў венесуэльскага калегу наведаць Беларусь з візітам у бліжэйшы час.

Бакі выказалі задавальненне высокім узроўнем узаемадзеяння на шматбаковых пляцоўках і пацвердзілі гатоўнасць і ў далейшым аказваць узаемную падтрымку.

З кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Зімбабвэ Фрэдэрыкам Мусіевай Макамуры Шавой канстатавалі сур'ёзны патэнцыял для рэалізацыі сумесных праектаў у сферы энергетыкі, транспарту, будаўніцтва і сельскай гаспадаркі. Абмеркавалі запланаваныя двухбаковыя візіты афіцыйных дэлегацый і бізнес місій. У сувязі з гэтым бакі правядуць неабходныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы, уключаючы кансультацыі на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў і наладжванне прамога ўзаемадзеяння паміж гандлёва-прамысловымі палатамі. Беларускі бок атрымаў запрашэнне прыняць удзел у гандлёвай выставе ў Харары, якая пройдзе ў красавіку 2023 года.

Падчас двухбаковай сустрэчы Міністр замежных спраў Сербіі Нікола Селаковіч інфармаваў У.Макея аб развіцці ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне і становішчы спраў у Балканскім рэгіёне, а таксама аб адносінах з ЕС.

Закрануты пытанні санкцыйнага націску, уключаючы забароны на выкарыстанне паветранай прасторы Беларусі і палёты беларускіх авіяперавозчыкаў, а таксама пастаўкі калійных угнаенняў. Бакі таксама абмеркавалі перспектывы развіцця кантактаў рознага ўзроўню.

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы