Памер шрыфта:

Аб удзеле Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея ў 74-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (трэці дзень)

26 верасня 2019 г.

26-09-2019

25 верасня 2019 г. Мiнiстр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей прыняў удзел у пасяджэнні Савета Бяспекі ААН.

Міністр замежных спраў Беларусі У.Макей выступае на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН

Да даведкі: Дыскусія Савета была прысвечана ролі рэгіянальных аб'яднанняў — Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) — у справе падтрымання міжнароднага міру і бяспекі ў кантэксце барацьбы з тэрарызмам.

Падчас пасяджэння У.Макей выступіў з заявай, у якой падкрэсліў уклад Рэспублікі Беларусь у рэгіянальнае супрацоўніцтва па супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму.

Асабліва было адзначана, што толькі сумеснымі рашучымі дзеяннямі ўсіх дзяржаў і цеснай каардынацыяй намаганняў міжнародных і рэгіянальных арганізацый пад эгідай ААН мы зможам эфектыўна процідзейнічаць тэрарызму і ўносіць рэальны ўклад ва ўмацаванне нашай агульнай бяспекі.

Міністр замежных спраў выступіў на Канферэнцыі ў падтрымку ўступлення ў сілу Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў (ДУЗЯВ).



Міністр замежных спраў Беларусі У.Макей выступае на Канферэнцыі ў падтрымку ўступлення ў сілу ДУЗЯВ

Да даведкі:  Дамова была прынята з мэтай міжнароднай забароны ядзерных выпрабаванняў у 1996 годзе, аднак да гэтага часу не ўступіла ў сілу. З краін, чыя ратыфікацыя ДУЗЯВ неабходна для яго ўступлення ў сілу, не падпісалі дамову Індыя, КНДР і Пакістан. Пяць краін (Егіпет, Ізраіль, Іран, Кітай і ЗША) паставілі пад дамовай свае подпісы, але не ратыфікавалі яе.

У сваім выступленні Міністр выказаў поўную падтрымку з боку Беларусі міжнародным намаганням па забароне ядзерных выпрабаванняў.

Адначасова была выказана занепакоенасць набіраючай сілу тэндэнцыяй дэвальвацыі ДУЗЯВ, асабліва на фоне абвастрэння супрацьстаяння паміж найбуйнейшымі ігракамі. Значныя поспехі, дасягнутыя за апошнія гады актыўнай работы па прасоўванні ДУЗЯВ, размываюцца з-за адсутнасці палітычнай волі і дэфіцыту адказнасці.



Па выніках Канферэнцыі яе ўдзельнікі прынялі дэкларацыю, якая прадугледжвае актывізацыю міжнародных намаганняў у мэтах хутчэйшага ўступлення ДУЗЯВ у сілу.

У.Макей таксама прыняў удзел у традыцыйнай штогадовай сустрэчы міністраў замежных спраў краін-удзельніц Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы.



Міністр замежных спраў Беларусі У.Макей на традыцыйнай штогадовай сустрэчы міністраў замежных спраў ЦЕІ

Да даведкі: Цэнтральна-Еўрапейская Ініцыятыва (ЦЕІ) — рэгіянальнае аб'яднанне, створанае ў 1989 годзе з мэтай умацавання еўрапейскага рэгіянальнага супрацоўніцтва. У яго склад уваходзяць 18 дзяржаў, уключаючы Рэспубліку Беларусь. У бягучым годзе ў аб'яднанні старшынюе Італія.

Падчас сустрэчы Міністр праінфармаваў калег аб прыярытэтных задачах, якія Рэспубліка Беларусь плануе вырашаць у рамках цяперашняй 74-й сесіі ГА ААН, а таксама заклікаў да больш цеснай каардынацыі дзеянней на пляцоўцы ААН у мэтах эфектыўнай рэалізацыі ўзаемавыгадных рэгіянальных праектаў ЦЕІ.

На палях агульнай дыскусіі бягучай сесіі адбылася сустрэча кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства з Міністрам замежных спраў Індыі Субрахман’ямам Джайшанкарам. Бакі выказалі задавальненне пазітыўнай дынамікай супрацоўніцтва і абмеркавалі перспектывы яго паглыблення ў тых сферах, якія ўяўляюць цікавасць для абедзвюх дзяржаў. Дасягнута дамоўленасць аб больш цесным узаемадзеянні па пытанні спрашчэння візавых працэдур для грамадзян абедзвюх краін.



Сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея з Міністрам замежных спраў Індыі С.Джайшанкарам

Прадметам сустрэчы былі таксама пытанні шматбаковага парадку і ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях. У.Макей пацвердзіў перададзенае раней запрашэнне кіраўніку Урада Індыі наведаць Беларусь з візітам. Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў дамовіліся каардынаваць работу па арганізацыі двухбаковых палітычных і дзелавых кантактаў.

Падчас сустрэчы c Міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковых адносін, у тым ліку якія выклікаюць заклапочанасць у абодвух бакоў. Дасягнута разуменне неабходнасці пачатку адкрытага і шчырага дыялогу ў мэтах пошуку рашэнняў наспелых праблем. Суразмоўцы разгледзелі пытанні ўзаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый, дамовіліся працягнуць рабочыя кантакты ў бліжэйшы час.



Сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея з Міністрам замежных спраў Літвы Л.Лінкявічусам

На сустрэчы з Міністрам замежных спраў Харватыі Горданам Грліч-Радманам адзначана агульнасць падыходаў да пытанняў міжнароднага парадку дня і ролі, якую Беларусь і Харватыя могуць іграць ва ўмацаванні партнёрства і бяспекі ў еўрапейскім рэгіёне. У.Макей падкрэсліў, што, нягледзячы на рэгулярныя двухбаковыя палітычныя кантакты, патэнцыял гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў цяперашні час рэалізаваны не цалкам. Забеспячэнне росту ўзаемнага тавараабароту і рэалізацыі сумесных эканамічных праектаў патрабуе ад бакоў прыняцця канкрэтных дадатковых дзеянней. У сувязі з гэтым беларускі Міністр заклікаў аператыўна сфарміраваць склад і правесці першае пасяджэнне сумеснай Міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў адпаведнасці з пагадненнем, якое было падпісана яшчэ ў 2015 годзе. Дадзеная прапанова была падтрымана харвацкім бокам.



Сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея з Міністрам замежных спраў Харватыі Горданам Грліч-Радманам

З улікам будучага старшынства Харватыі ў Савеце Еўрапейскага саюза Г.Грліч-Радман запэўніў у сваёй гатоўнасці трымаць у фокусе ўвагі пытанні развіцця ініцыятывы “Усходняе партнёрства”, а таксама ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і ЕС.

У.Макей сустрэўся таксама з Міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рінкевічсам. Бакі з задавальненнем канстатавалі пазітыўную дынаміку і інтэнсіўнасць беларуска-латвійскага дыялогу. Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмеркавалі пытанні змястоўнага напаўнення планаваных двухбаковых візітаў высокага і вышэйшага ўзроўню. У адкрытай і давернай атмасферы былі разгледжаны далейшыя крокі па развіцці дыялогу паміж Беларуссю і ЕС. Адбыўся таксама абмен думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня, уключаючы тэматыку ўмацавання глабальнай і рэгіянальнай бяспекі.



Сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея з Міністрам замежных спраў Латвіі Э.Рінкевічсам

русская версия   English version

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы