Памер шрыфта:

Выступ намесніка Міністра замежных спраў Беларусі І.Сякрэты ў рамках чацвёртага цыкла ўніверсальнага перыядычнага агляду (3 лістапада 2025 г., г.Жэнева)

03 лістапада 2025 г.

 

Шаноўны Старшыня,
Шаноўныя ўдзельнікі, 

Ад імя дэлегацыі Рэспублікі Беларусь рады вітаць вас у рамках праходжання Беларуссю чацвёртага цыкла ўніверсальнага перыядычнага агляду. 

Каб весці адкрыты і прафесійны дыялог, мы сфарміравалі прадстаўнічую дэлегацыю, у склад якой уваходзяць Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры, Нацыянальнага статыстычнага камітэта, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства юстыцыі. Члены нашай дэлегацыі сёння настроены на канструктыўнае ўзаемадзеянне, гатовыя даваць вычарпальныя адказы і разлічваюць на эфектыўны дыялог. 

Беларусь – гэта сацыяльна арыентаваная дзяржава, дзе ў цэнтры ўвагі – чалавек, яго інтарэсы і патрэбы. 

Беларусь добрасумленна выконвае свае абавязацельствы ў рамках міжнародных дагавораў, удзельніцай якіх з'яўляецца. Прытрымліваецца графіка перыядычнай справаздачнасці ў дагаворных органах і не мае завінавачанасці. З моманту трэцяга цыкла УПА да цяперашняга часу Беларусь паспяхова абараніла перыядычныя даклады ў Камітэце па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, Камітэце па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, Камітэце па правах інвалідаў, Камітэце па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Чакаем пытанні ад Камітэта па правах чалавека для прадстаўлення дакладу па спрошчанай працэдуры.

Мы таксама прайшлі трэці добраахвотны агляд па дасягненні Беларуссю Мэт устойлівага развіцця, які адбыўся на палях Палітычнага форуму па ўстойлівым развіцці ў ліпені 2025 года ў Нью-Ёрку.

У Беларусі працягвае эфектыўна працаваць развітая сістэма спецыялізаваных дзяржаўна-грамадскіх інстытутаў па абароне і падтрымцы розных катэгорый правоў чалавека. Працягваючы ўмацоўваць нашу інстытуцыйную сістэму абароны правоў чалавека, у 2022 годзе мы стварылі новы пастаянны калегіяльны орган – Рэспубліканскі міжведамасны савет па правах інвалідаў на чале з намеснікам Прэм'ер-міністра. 

У аглядным перыядзе ў Беларусі праведзена канстытуцыйная рэформа, якая адзначыла сабой маштабную палітычную мадэрнізацыю краіны. Правядзенню канстытуцыйнай рэформы папярэднічала адкрытая і інклюзіўная агульнаграмадская дыскусія, у якой прынялі ўдзел усе зацікаўленыя актары.

Па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 2022 года ў сістэму галін дзяржаўнай улады ўключаны найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя – Усебеларускі народны сход. Праз гэты механізм грамадзяне могуць непасрэдна ўдзельнічаць у выпрацоўцы стратэгічных рашэнняў, атрымаўшы рэальны інструмент уплыву на дзяржаўную палітыку. Скліканне другога пасяджэння Усебеларускага народнага сходу запланавана ў снежні гэтага года.

У выніку ўнесеных у Канстытуцыю змяненняў забяспечаны прамы доступ грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя. У Канстытуцыю таксама ўнесены дадатковыя гарантыі ў дачыненні да найбольш слабаабароненых катэгорый грамадзян, якія маюць у іх патрэбу праз узрост, хваробу і іншыя аб'ектыўныя абставіны, – напрыклад, пажылых людзей і інвалідаў, дзяцей, дзяцей-сірот, моладзі. 

Адбыліся пазітыўныя заканадаўчыя змены ў галіне ўмацавання супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю і наладжвання нацыянальнага дыялогу. 

Сістэма сацыяльнай абароны заслужана застаецца візітнай карткай нашай краіны. Дзякуючы паслядоўным намаганням дзяржавы забяспечваецца ўстойлівы ўзровень сацыяльнай абароненасці насельніцтва.

Даступная і эфектыўная сістэма аховы здароўя – гэта найважнейшы прыярытэт дзяржаўнай палітыкі. У Беларусі кожны грамадзянін, я падкрэсліваю, кожны грамадзянін, незалежна ад узроўню дабрабыту, свайго сацыяльнага становішча, мае магчымасць бясплатна атрымаць любы від медыцынскай дапамогі, у тым ліку самай высокатэхналагічнай. Гэта тая асаблівасць, якой можа пахваліцца далёка не кожная краіна нават у Еўропе. Дасягнуты значныя поспехі ў галіне аховы мацярынства і дзяцінства, кардыяхірургіі, нейрахірургіі, анкалогіі, транспланталогіі. Па забяспечанасці насельніцтва медыцынскімі работнікамі Беларусь апярэджвае многія еўрапейскія дзяржавы. Атрыманне медыцынскіх паслуг таксама запатрабавана сярод замежных грамадзян. Гэтаму спрыяе захаванне, нягледзячы ні на якія цяжкасці, бязвізавага рэжыму ўезду для грамадзян больш за 80 краін свету. 

Якасная і даступная адукацыя ў нашай краіне з'яўляецца крыніцай росту інтэлектуальнага, культурнага і духоўна-маральнага патэнцыялу нацыі. Гарантуецца права на бясплатнае атрыманне адукацыі. 

Неад'емнай часткай выканання Беларуссю сваіх міжнародных абавязацельстваў з'яўляецца прасоўванне пытанняў роўных правоў і магчымасцей мужчын і жанчын. Устойлівай тэндэнцыяй з'яўляецца актыўны ўдзел жанчын у палітычным і грамадскім жыцці краіны. Доля жанчын у беларускім парламенце – больш за 40%. Пры падтрымцы з боку дзяржавы актыўна развіваецца жаночае прадпрымальніцтва. 

Дзяржаўная сямейная палітыка Беларусі – гэта маштабны комплекс мер для падтрымкі і забеспячэння належных умоў жыццядзейнасці сем'яў, у тым ліку сем'яў з дзецьмі. Дзяржава аказвае сем'ям значную матэрыяльную дапамогу. Прыняты меры па прасоўванні ўцягненага бацькоўства. 

Развіццё патэнцыялу маладога пакалення – яшчэ адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. У абноўленай Канстытуцыі, поруч з абаронай інтарэсаў усіх слаёў насельніцтва, асаблівая ўвага надаецца моладзі. Дзяржава спрыяе духоўнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі і стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці.
 
Людзі старэйшага пакалення адыгрываюць усё большую ролю ў грамадстве. Пенсійная сістэма функцыянуе стабільна, фіксуецца рэальны рост пенсій. Рэалізуецца Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце – 2030». Створаны неабходныя ўмовы для сацыяльнай уключанасці пажылых грамадзян і іх усебаковага ўдзелу ў жыцці грамадства.

Прыняцце новага заканадаўства надало імпульс падтрымцы людзей з інваліднасцю. Закон, прыняты ў нашай краіне ў 2022 годзе, вызначыў гарантыі ажыццяўлення правоў інвалідаў, забеспячэння роўнасці і недыскрымінацыі па прыкмеце інваліднасці. Навацыяй у частцы рэалізацыі інвалідамі права на працу з'яўляецца ўвядзенне механізму кватавання працоўных месцаў.

Праводзіцца паслядоўная палітыка павышэння ўзроўню даходаў насельніцтва і забеспячэння сацыяльных гарантый для найбольш слабаабароненых катэгорый грамадзян. За апошнія пяць гадоў рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва склаў практычна 115 %.

Назіраецца няўхільнае зніжэнне ўзроўню беспрацоўя. Узровень беспрацоўя паводле метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы ў 2024 годзе склаў 3,1 працэнта, што з'яўляецца адным з самых нізкіх з пачатку назірання.

Скарэкціравана заканадаўства па барацьбе з хатнім гвалтам. Спрошчана працэдура вынясення ахоўнага прадпісання. Уведзена новая мера прафілактыкі – карэкцыйная праграма. Уведзены ў эксплуатацыю Рэестр інфармацыі аб фактах хатняга гвалту.

Эфектыўнасць і абгрунтаванасць абранай нашай краінай стратэгіі пацвярджаецца дадзенымі міжнародных рэйтынгаў. Прывяду толькі некаторыя з іх.

Захоўваецца высокім узровень прагрэсу Беларусі ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця – ён складае больш за 80 працэнтаў. Беларусь займае 32-е месца з 167 дзяржаў.

Стабільна ўтрымліваем пазіцыі як краіна з вельмі высокім узроўнем развіцця, займаючы 65-е месца сярод 193 краін у Глабальным індэксе чалавечага развіцця. 

Паводле індэкса гендарнай няроўнасці Беларусь заняла 27-е месца ў рэйтынгу са 172 краін. А паводле версіі Сусветнага эканамічнага форуму гендарная роўнасць у Беларусі дасягнутая на 73,6 % – гэты паказчык лепшы, чым у 94 іншых краін свету.

Беларусь мае адзін з самых нізкіх паказчыкаў мацярынскай і дзіцячай смяротнасці ў свеце і ўваходзіць у лік 25 лепшых краін для мацярынства.

Гэтыя паказчыкі маглі б быць яшчэ больш высокімі, калі б не аднабаковыя прымусовыя меры, якія валюнтарысцкім чынам уведзены шэрагам заходніх краін у дачыненні да Беларусі. Палітыка санкцыйнага ціску, якая прасоўваецца гэтымі краінамі, парушае эканамічныя і сацыяльныя правы не толькі беларускіх грамадзян, але і грамадзян многіх іншых краін. Таму што ўведзеная, напрыклад, забарона на выкарыстанне паветранай прасторы Беларусі робіць небяспечнай грамадзянскую авіяцыю і сумніўнай «зялёную здзелку» Еўрапейскага саюза. Захадам закрыта большасць, а дзесьці і ўсе, напрыклад Літвой, наземных памежных пераходаў. У выніку злоўжывання заходнімі суседзямі Беларусі сваім геаграфічным становішчам – у наяўнасці гуманітарныя і эканамічныя страты.

Беларусі ўдалося пераарыентаваць сваю эканоміку і выбудаваць сістэму, якая забяспечвае нашым грамадзянам годны ўзровень якасці жыцця. У той жа час мы заклікаем ЕС вярнуцца ў рэчышча дыялогу і зняць усе незаконныя абмежаванні, таму што такім дзеянням не месца ў сучасным цывілізаваным свеце.

Беларусь мае намер і далей падтрымліваць высокія стандарты ў галіне правоў чалавека, накіраваныя на сацыяльную абароненасць, эканамічную стабільнасць і палітычнае адзінства беларускіх грамадзян.

Шаноўны спадар Старшыня,
Шаноўныя ўдзельнікі, 

Наша краіна падыходзіць да працэсу, у якім мы сёння ўдзельнічаем, з поўнай адказнасцю, разглядаючы УПА як унікальны механізм, які дазваляе на раўнапраўнай аснове абменьвацца вопытам, лепшымі практыкамі і выбудоўваць канструктыўны дыялог у галіне правоў чалавека.

Рэкамендацыі, што мы атрымліваем ў рамках агляду, разглядаюцца нашай краінай як важны і неабходны арыенцір для далейшага ўдасканалення нацыянальнай сістэмы абароны і заахвочвання правоў чалавека.

Мы маем намер па выніках агляду ўзяць у работу рэкамендацыі, якія стануць для Беларусі карысным кіраўніцтвам у далейшым удасканаленні нацыянальных намаганняў у забеспячэнні развіцця беларускага грамадства.

Дзякую за ўвагу.

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы