Памер шрыфта:

Інтэрв'ю намесніка Міністра замежных спраў Беларусі І. Сякрэты венгерскаму інтэрнет-парталу Moszkvater (8 кастрычніка 2026 г.)

12 кастрычніка 2026 г.

 

У апошнія гады тэма еўразійскай бяспекі, відавочна, выйшла на першы план у беларускай знешняй палітыцы. Пра гэта сведчаць штогадовая міжнародная канферэнцыя па дадзенай праблематыцы, якая праводзіцца з 2023 года, а таксама Еўразійская хартыя – дакумент, распрацаваны за гэты час і прадстаўлены сумесна з Расіяй. Перамовы па ім зараз пачынаюцца ў ААН. Аб чым насамрэч ідзе гаворка? Аб платформе, арганізацыі, рамачным фармаце?

Гаворка ідзе пра дзве ўзаемазвязаныя, але розныя рэчы. Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы – гэта пляцоўка для дыялогу. Яна была задумана як штогадовы форум, дзе прадстаўнікі ўрадаў, міжнародных арганізацый і акадэмічнай супольнасці маглі б адкрыта абмяркоўваць праблемы бяспекі на нашым кантыненце.

З моманту свайго стварэння ў 2023 годзе гэты форум стаў важным элементам еўразійскага палітычнага ландшафту, і мы назіраем рост цікавасці да яго.

Еўразійская хартыя разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі – гэта ўжо іншая па сваім характары ініцыятыва. Хартыя мае стаць палітыка-прававым дакументам, які фіксуе параметры новай архітэктуры роўнай і непадзельнай бяспекі ў Еўразіі.

Мы разглядаем Хартыю як геастратэгію для нашага суперкантынента, якая ахоплівае не толькі бяспеку, але і эканоміку, гуманітарнае супрацоўніцтва, цывілізацыйны дыялог. Важна падкрэсліць, што Хартыя – гэта не стварэнне новай арганізацыі ў класічным сэнсе. Гэта рамачны дакумент, які можа стаць агульным дзельнікам для ўжо існых еўразійскіх структур.

Ён закліканы даць ім аб'яднаўчую стратэгічную аснову, не замяняючы і не дублюючы іх. Калі зусім коратка: канферэнцыя – гэта прастора для размовы, а Хартыя – гэта спроба зафіксаваць вынік гэтай размовы ў выглядзе агульных правілаў і прынцыпаў. Ініцыятыва Хартыі лагічна выцякае з доўгатэрміновай лініі беларускай дыпламатыі. Яшчэ ў 2005 годзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Саміце ААН выступіў з ініцыятывай прызнання разнастайнасці шляхоў прагрэсіўнага развіцця. Хартыя ўяўляе сабой рэалізацыю той ідэі ў дачыненні да Еўразіі.

Каго тут чакаюць? Усе еўразійскія краіны ці толькі незаходні свет?

Мы адкрытыя для ўсіх. Гэта наша прынцыповая пазіцыя. Хартыя задумана як інклюзіўны дакумент, і мы не ўсталёўваем ніякіх палітычных, ідэалагічных ці цывілізацыйных фільтраў. Геаграфічна Еўразія распасціраецца ад Лісабона да Манілы, і ўсе дзяржавы гэтай прасторы, уключна з еўрапейскімі членамі ЕС і НАТА, маюць права ўдзельнічаць у працэсе, калі яны гэтага захочуць. На мінскіх канферэнцыях прысутнічаюць шматлікія аналітыкі і прадстаўнікі заходняй акадэмічнай супольнасці. Мы вітаем гэта. Дыялог не можа быць паўнацэнны, калі ён вядзецца толькі ў адным коле.

Іншае пытанне: ці захочуць самі заходнія краіны ўдзельнічаць?

Трэба сказаць, апошнім часам апроч ужо традыцыйнай насцярожанасці з іх боку мы ўсё часцей чуем пытанні, бачым рост цікавасці і гатоўнасць да абмеркавання цікавых для іх момантаў. Нашы дзверы былі і застаюцца адчыненыя.

Як гэты фармат суадносіцца з іншымі платформамі так званага Глабальнага Поўдня, такімі як БРІКС, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва ці Еўразійскі эканамічны саюз?

Вы маеце рацыю, што паставілі гэтыя платформы разам, паколькі ўсе яны – пры ўсіх адрозненнях іх юрыдычнага статусу і разнастайнасці мандатаў – па сутнасці, выступаюць за справядлівы шматпалярны свет, за новую архітэктуру міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і новую сістэму эканамічных адносін. Усе яны выказваюць волю і меркаванне глабальнай большасці. Пры гэтым важна разумець адрозненні. ШАС і ЕАЭС – гэта рэгіянальныя арганізацыі з бюджэтамі і сакратарыятамі, з дакладна акрэсленымі мандатамі. БРІКС – нефармальнае аб'яднанне краін, у якога няма атрыбутаў міжнароднай арганізацыі. Наша канферэнцыя – гэта дыскусійная пляцоўка, якая збірае разам прадстаўнікоў урадаў, міжнародных арганізацый, акадэмічнай супольнасці і бізнесу.

Што тычыцца Хартыі, то яна бачыцца як палітыка-прававы дакумэнт накшталт Хельсінкскага заключнага акта 1975 года.

Хартыя не павінна падмяняць сабой існыя структуры. Яе задача – стаць стратэгічным парасонам, агульнымі рамкамі, якія дазволяць гэтым структурам узаемадзейнічаць больш эфектыўна і сінэргічна. Напрыклад, у эканамічнай сферы яна заклікана садзейнічаць рэалізацыі канцэпцыі "інтэграцыі інтэграцый".

Давайце таксама ўдакладнім, пра якую Еўразію вядзецца ў Хартыі? Што маецца на ўвазе пад Еўразіяй з геаграфічнага пункту гледжання?

Мы прытрымліваемся шырокага, інклюзіўнага і пераважна геаграфічнага разумення Еўразіі. Гэта велізарны кантынент, які распасціраецца ад атлантычнага ўзбярэжжа Еўропы да ціхаакіянскіх берагоў Азіі. Ён уключае ў сябе ўсю размаітасць дзяржаў і народаў, якія называюць гэты кантынент сваім домам.

Мы не імкнемся навязаць палітычны ці цывілізацыйны тэст. Нашай мэтай не з'яўляецца стварэнне новай звышмагутнай сістэмы дамінавання ў свеце.

Наш кіроўны прынцып – інклюзіўнасць. Калі дзяржава лічыць сябе еўразійскай і жадае зрабіць унёсак у калектыўную бяспеку і росквіт кантынента – дзверы адчыненыя. Мы давяраем кожнай суверэннай дзяржаве вызначыць сваё месца ў гэтай агульнай справе.

Як гэтая ідэя звязана з тым фактам, што пазіцыя Злучаных Штатаў як сусветнай дзяржавы пасля 1945 года шмат у чым грунтавалася на іх здольнасці кантраляваць Еўразію? Гэтая амерыканская палітыка, па сутнасці, грунтавалася на знакамітай тэорыі сэра Хэлфарда Макіндэра, паводле якой той, хто дамінуе ў Еўразіі, аказвае вырашальны ўплыў на сусветную палітыку.

Дакладна, ЗША спрабуюць кантраляваць Еўразію, то бок «хартлэнд» па тэорыі Макіндэра. Гэта гістарычны факт. Але ажыццяўляюць гэта амерыканцы шмат у чым праз "рымлэнд" – паняцце, якое апісаў яшчэ адзін тэарэтык першай паловы XX стагоддзя Нікалас Спайкмэн. "Рымлэнд" уключае ў сябе дзяржавы на "ускраінах" Еўразіі – кантынентальную Еўропу, Вялікабрытанію, Японію, Паўднёвую Карэю, Філіпіны. Тэорыі Маккіндэра аб "хартлэндзе" і Спайкмэна аб "рымлэндзе" леглі ў аснову амерыканскай геастратэгіі пасля Другой сусветнай вайны. Бжэзінскі ў сваім вядомым артыкуле 1997 года "Геастратэгія для Еўразіі" наўпрост пісаў, што ЗША павінны дамінаваць у Еўразіі і кантраляваць яе, каб захаваць сваю глабальную перавагу.

Наша ідэя Еўразійскай хартыі ўяўляе сабой магчымасць кансалідаваць Еўразію, каб і "рымлэнд", і "хартлэнд" працавалі разам у інтарэсах саміх сябе, а не знешняга гульца.

Мы не жадаем, каб наш кантынент быў аб'ектам чужой геапалітычнай гульні. Мы хочам, каб эўразійскія дзяржавы самі вызначалі свой лёс. Мінулае наглядна прадэманстравала, што рашэнні для Еўразіі, прыдуманыя і навязаныя звонку, не ўкараняюцца. Яны не ўлічваюць нашы рэаліі, нашы інтарэсы, нашу цывілізацыйную спецыфіку і разнастайнасць.

Што падштурхнула Беларусь вылучыць такую амбіцыйную ідэю, такую складаную канцэпцыю?

Усё пачалося з саміту ААН 2005 года, калі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка вылучыў ініцыятыву аб неабходнасці прызнання разнастайнасці шляхоў прагрэсіўнага развіцця. Гэта быў заклік да свету пачуць і прызнаць разнастайнасць – палітычную, эканамічную, культурную, цывілізацыйную. Тады гэты заклік не быў пачуты, ці яму не надалі належнай увагі. Але падзеі наступных двух дзесяцігоддзяў пацвердзілі дальнабачнасць і слушнасць беларускага лідэра.

Хартыя – гэта працяг рэалізацыі той ідэі ў дачыненні да Еўразіі. Акрамя таго, мы вылучылі ідэю Хартыі ў 2023 годзе на фоне негатыўнай спіралі у глабальнай палітыцы, што пастаянна раскручваецца. Еўра-атлантычная сістэма бяспекі, увасобленая ў АБСЕ, пацярпела крах: яна не змагла прадухіліць буйны канфлікт на еўрапейскай зямлі.

Глабалізацыя змяняецца рэгіяналізацыяй і гандлёвымі войнамі. Старыя мадэлі не працуюць – яны мёртвыя. Еўразія – ад Лісабона да Манілы – знаходзілася ў пошуку новага арганізуючага прынцыпу. Існыя рэгіянальныя аб'яднанні развіваліся, але ім не хапала аб'яднаўчага стратэгічнага парасона. Беларусь прапанавала Хартыю, якая, на нашу думку, павінна выканаць функцыю і арганізуючага прынцыпу, і геастратэгічнага парасона.

Наколькі эфэктыўнай можа быць такая ініцыятыва, калі і Беларусь, і Расія знаходзяцца пад санкцыямі, а заходні свет спрабуе ізаляваць гэтыя дзве краіны?

Па-першае, санкцыі – гэта памылковая, часовая і архаічная мера, закліканая, па задуме іх аўтараў, змяніць паводзіны дзяржаў, навязаць ім свае шаблоны і каштоўнасці. Але яна не працуе, і хутка ад гэтага інструмента на Захадзе змушаныя будуць адмовіцца. Па-другое, Хартыя адпавядае інтарэсам усіх краін нашага вялікага кантынента, уключаючы і еўрапейскія краіны.

Ізаляцыя Беларусі і Расіі з боку заходніх дзяржаў, па сутнасці, стала для іх самаізаляцыяй.

Паглядзіце, што адбываецца ў Еўропе: эканоміка становіцца ўсё менш канкурэнтаздольнай, а ўзровень жыцця насельніцтва імкліва падае. І каб адцягнуць увагу насельніцтва Еўропы ад гэтых праблем, эліты заклікаюць рыхтавацца да нейкай вайны з Расіяй. Але ў Еўропы ёсць выйсце. Ёй трэба далучыцца да дынамічных еўразійскіх працэсаў і сесці за стол перамоваў па Хартыі. Гэта адчыняе для яе такую магчымасць. Так, еўрапейцы пакуль ставяцца да гэтага скептычна. Але цікавасць у еўрапейскіх эліт да гэтай тэмы расце. І мы спадзяемся, што здаровы сэнс пераважыць і яны зразумеюць: іх інтарэсы – у сумеснай працы над новай архітэктурай бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўразіі.

Як жа тады з улікам сказанага трэба разумець словы Міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова аб тым, што гэты фармат прадугледжвае стварэнне новай сістэмы еўразійскай бяспекі, якая дазволіла б знізіць залежнасць ад заходніх інстытутаў і садзейнічаць фарміраванню таго, што Мінск называе "шматпалярным" сусветным парадкам?

Хартыя накіравана на вырашэнне некалькіх задач. Адна з іх – стварэнне новай еўразійскай сістэмы бяспекі, якая мае замяніць збанкрутаваную еўра-атлантычную сістэму. Але Хартыя – гэта не толькі бяспека. Яна таксама заклікана садзейнічаць эканамічнаму развіццю, гуманітарнаму супрацоўніцтву, цывілізацыйнаму дыялогу, падтрыманню міру і прафілактыцы канфліктаў.

Мы не гаворым аб тым, каб "зменшыць залежнасць" ад чаго-небудзь у негатыўным сэнсе. Мы гаворым аб тым, каб еўразійскія дзяржавы самі, калектыўна, неслі пераважную адказнасць за ўласную бяспеку і развіццё. Гэта прынцып "еўразійскім праблемам – еўразійскія рашэнні". Вонкавыя гульцы могуць дапамагаць, калі іх пра гэта папросяць, але яны не павінны навязваць свае рэцэпты і ўжо тым больш не мусяць дамінаваць.

Шматпалярнасць для нас – гэта не проста лозунг. Гэта аб'ектыўная рэальнасць. Свет рухаецца да поліцэнтрычнасці, і Хартыя заклікана дапамагчы арганізаваць гэты пераход мірна, праз дыялог і супрацоўніцтва, а не праз канфрантацыю.

Як бы Вы ахарактарызавалі новы сусветны парадак, што паўстае?

Адназначна, ён фармуецца вакол рэгіянальных аб'яднанняў. Гэта прадказаў яшчэ ў 2014 годзе Кісінджэр у сваёй кнізе «Сусветны парадак». Ён пісаў, што ніводнае грамадства ніколі не валодала дастатковай сілай, ніводнае кіраўніцтва – дастатковай устойлівасцю, каб навязваць сваю волю ўсяму свету. Таму неабходна ўсталяваць канцэпцыю парадку ў розных рэгіёнах і звязаць гэтыя рэгіянальныя парадкі адзін з адным.

Выглядае, што менавіта ўзаемадзеянне рэгіянальных сістэм сфармуе новы сусветны парадак.

Цяпер мы знаходзімся ў фазе пераходу. Ранейшы так званы ліберальна-дэмакратычны глабальны парадак здае пазіцыі – новы фармуецца. Гэта зойме, мусіць, некалькі дзесяцігоддзяў. Хартыя заклікана садзейнічаць фармаванню еўразійскага рэгіянальнага парадку і яго звязанасці з іншымі рэгіянальнымі парадкамі.

Мы бачым Хартыю як інструмент, які дапаможа Еўразіі стаць адным з апорных элементаў новага сусветнага парадку.

Многія разглядаюць шматпалярную сістэму праз прызму цывілізацый, аднак, магчыма, яе таксама можна вытлумачыць як прызнанне – і ўмацаванне – канцэпцыі сфер уплыву. Якое Ваша меркаванне на гэты конт?

Шматпалярная сістэма – гэта і вялікая роля цывілізацый і рэгіянальных лідэраў, якія, безумоўна, праз сваю палітычную, эканамічную і ваенную вагу будуць уплываць на дзяржавы ў сваім асяроддзі. Гэта рэальнасць, якую нельга ігнараваць.

Але важна разумець розніцу паміж уплывам і дамінаваннем.

Уплыў можа быць натуральным наступствам культурнай, эканамічнай, цывілізацыйнай блізкасці. Дамінаванне – гэта навязванне чужой волі, умяшанне ва ўнутраныя справы, спробы перакроіць рэгіён пад сябе. Хартыя павінна стварыць рамкі, у якіх уплыў будзе ажыццяўляцца праз дыялог і супрацоўніцтва, а не праз прымус.

Мы не жадаем, каб Еўразія стала арэнай суперніцтва за сферы ўплыву.

Мы жадаем, каб яна стала прасторай сумеснага развіцця, дзе кожная краіна, вялікая ці малая, пачуваецца ў бяспецы, але не за кошт або на шкоду бяспецы іншых, і мае роўнае права на развіццё.

Некаторыя лічаць, што характарызаваць сучасны свет як арэну супрацьстаяння паміж так званым Глабальным Поўднем і Глабальным Захадам не зусім дакладна. Напрыклад, прафесар Фуданьскага ўніверсітэта Цзінь Цаньжун выказвае меркаванне, што Кітай і Расія сумесна фармуюць новы полюс, які можна было б назваць Глабальным Усходам. У рамках гэтай канцэпцыі Глабальны Поўдзень выступае не актыўным удзельнікам саперніцтва, а хутчэй аб'ектам канкурэнцыі паміж Глабальным Захадам і Глабальным Усходам, што набірае моц. Хоць такі падыход, магчыма, і дае больш дакладнае апісанне сусветнай карціны, ён у значнай ступені адлюстроўвае заходняе ўяўленне аб халоднай вайне. Што Вы думаеце на гэты конт?

Такі ж пункт гледжання – барацьба Усходу з Захадам за Поўдзень – прапаведуе, напрыклад, і Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб. Насамрэч такой барацьбы няма. Усход ужо з Поўднем, паколькі ў іх аднолькавыя інтарэсы, заснаваныя на прынцыпах раўнапраўных адносін, роўнай і непадзельнай бяспекі, эфектыўнага развіцця. Поўдзень не можа быць разам з Захадам, таму што Захад жадае дамінаваць у адносінах з іншымі і стрымлівае іх у развіцці.

У цэлым мы не схільныя разглядаць свет у катэгорыях “Усход супраць Захаду” ці “Поўдзень супраць Поўначы”. Гэта састарэлая дагматыка халоднай вайны. Рэальнасць значна складаней. Ёсць краіны, якія жадаюць жыць па справядлівых правілах, паважаць суверэнітэт адна адной, супрацоўнічаць на роўных. І ёсць тыя, хто спрабуе захаваць сваё дамінаванне, навязваючы свае правілы. Пры гэтым працаваць менш і жыць за кошт іншых. Хартыя – гэта запрашэнне для ўсіх, хто выбірае першы шлях. Нашы дзверы адчыненыя.

Якой Вы бачыце будучыню Еўропы ў гэтым свеце, які змяняецца? Якое сёння палітычнае становішча Еўропы?

Некалькі дзесяцігоддзяў таму быў папулярны тэрмін "Вялікая Еўропа" (Greater Europe). Гэтае паняцце складалася з самой Еўропы, прасторы былога СССР і Паўночнай Амерыкі. Лічылася, што менавіта "Вялікая Еўропа" вызначала лёсы свету і будзе іх вызначаць у будучыні. Гэты феномен мог бы атрымаць развіццё. Напрыклад, савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў выступаў за "агульны еўрапейскі дом" ад Уладзівастока да Ванкувера. Але некаторыя ўдзельнікі гэтай патэнцыйнай "Вялікай Еўропы" не захацелі гэтага.

У выніку сёння Еўропа заўважна зменшылася ў палітычным сэнсе і засталася адна.

Яна не можа больш спадзявацца ў плане бяспекі на ЗША, якія больш не разглядаюць Еўропу як цэнтр сусветнай палітыкі. З іншага боку, Еўропа прайграе эканамічна – ад спробы ізаляваць Расію і Беларусь. Калі такая тэндэнцыя працягнецца, Еўропа будзе яшчэ больш страчваць свой уплыў, а еўрапейцы стануць жыць горш. Ужо сёння яе ўклад у сусветны гандаль скараціўся ў 2 разы.

Але ёсць надзея. Гэта змена цяперашніх эліт, якія вычарпалі свой патэнцыял, і прыход новых эліт, гатовых думаць стратэгічна і рабіць стаўку на ўключэнне ў еўразійскія працэсы.

У гэтым сэнсе нельга не заўважыць пэўны пазітыў, звязаны з ростам папулярнасці ў еўрапейскіх краінах нацыянальна арыентаваных палітычных партый. Мы спадзяемся, што Еўропа ўсведамляе: яе будучыня – не ў канфрантацыі з Еўразіяй, а ў сумесным будаўніцтве агульнай прасторы бяспекі і развіцця.

Да чаго можа прывесці Хартыя і ў якія тэрміны?

Праца над узгадненнем Хартыі пачнецца напрыканцы 2026 года. Цягам года дакумент павінен быць узгоднены і вынесены на разгляд саміту еўразійскіх лідараў. Што дасць Хартыя? Гэта залежыць ад таго, які тэкст узгодняць дзяржавы, якія будуць удзельнічаць у перамовах. Тым не менш Беларусь будзе зыходзіць у ходзе перагаворнага працэсу з наступных меркаванняў.

Па-першае, Хартыя павінна стаць асновай для стварэння ў Еўразіі новай архітэктуры роўнай і непадзельнай бяспекі.

Гэта значыць, што ніводная краіна на кантыненце не будзе ўмацоўваць сваю бяспеку за кошт іншых, а ўсе спрэчныя пытанні будуць вырашацца праз дыялог і ўзаемныя гарантыі, без дыктату звонку. Менавіта гэтага прынцыпу – непадзельнасці бяспекі – бракавала ранейшай еўра-атлантычнай сістэме, і менавіта ён павінен легчы ў падмурак новай.

Па-другое, Хартыя заклікана садзейнічаць кансалідацыі еўразійскіх дзяржаў у самых розных сферах – ад эканомікі і транспарту да навукі, тэхналогій і гуманітарных абменаў.

Яна павінна стаць агульным стратэгічным парасонам для ўжо існых рэгіянальных структур – ЕАЭС, ШАС, АСЕАН, СНД і іншых, каб яны працавалі не разрознена, а сінэргічна, на аснове канцэпцыі "інтэграцыі інтэграцый".

Па-трэцяе, Хартыя павінна спалучыць Еўразію ў партнёрстве з іншымі рэгіёнамі свету.

Еўразія – найбуйнейшы кантынент планеты, і тое, што адбываецца тут, вызначае парадак дня глабальнага развіцця. Таму Хартыя не замыкаецца ў межах кантынента: яна прапануе адкрытыя рамкі для раўнапраўнага ўзаемадзеяння з іншымі рэгіянальнымі сістэмамі, якія фармуюцца сёння ў свеце.

І, нарэшце, Хартыя павінна спрыяць фармаванню больш справядлівага глабальнага парадку – такога, які здольны адказваць на ўсю складанасць і разнастайнасць сучаснага свету.

Ствараючы сістэму панкантынентальнай бяспекі і ўстойлівага развіцця ў Еўразіі, мы закладваем аснову для больш збалансаванай і мірнай міжнароднай сістэмы ў цэлым. Мы перакананыя, што з ідэяй Еўразійскай хартыі мы выбралі правільны напрамак, і запрашаем усіх нашых еўразійскіх партнёраў далучыцца да гэтага шматабяцальнага пачынання.

версія для друку

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы