Рэспубліка Беларусь з глыбокай заклапочанасцю ўспрыняла рашэнне польскага боку дэнансаваць у адносінах да Рэспублікі Беларусь Пагадненне паміж Урадам СССР і Урадам ПНР аб спрошчаным парадку перасячэння дзяржаўнай граніцы грамадзянамі, якія пражываюць у прыгранічных населеных пунктах, ад 14 мая 1985 года і намер Польшчы дэнансаваць Пагадненне паміж Урадам СССР і Урадам ПНР аб узаемных бязвізавых паездках грамадзян дзвюх дзяржаў ад 13 снежня 1979 года.
Такія дзеянні Польшчы, таксама як і запланаваныя меры Літвы і Латвіі па ўвядзенню поўнамаштабнага візавага рэжыму ў адносінах да Рэспублікі Беларусь, ідуць уразрэз з прынцыпамі добрасуседства і супярэчаць духу і палажэнням Хельсінкскага Заключнага Акта Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе 1975 года, Парыжскай Хартыі для новай Еўропы 1990 года, а таксама іншых асноватворных дакументаў АБСЕ. У адпаведнасці з гэтымі дакументамі дзяржавы-члены АБСЕ, у прыватнасці, абавязаліся паступова спрашчаць і гібка прымяняць парадак выезду і ўезду, аблягчаць перамяшчэнне грамадзян па іх тэрыторыі.
Паважаючы права кожнай дзяржавы на выбар формы ўдзелу ў інтэграцыйных працэсах на еўрапейскім кантыненце, Рэспубліка Беларусь лічыць, што любыя крокі ў гэтым напрамку не павінны весці да з'яўлення новых раздзяляльных ліній у Еўропе, што непазбежна прывядзе да значнага зніжэння дзелавых, навукова-тэхнічных, культурных і сваяцкіх кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі, Латвіі, Літвы і Польшчы.
Рэспубліка Беларусь, зацікаўленая ў захаванні і далейшым развіцці дружалюбных і цесных узаемаадносін з Латвіяй, Літвой і Польшчай, што склаліся гістарычна, заклікае іх урады ўстрымацца ад прыняцця неадэкватных рашэнняў, якія нагадваюць аб часах халоднай вайны і "жалезнай заслоны" і наносяць непапраўны ўрон ідэі фарміравання стабільнай аб'яднанай Еўропы.
Выступаючы з пазіцыі неабходнасці вырашэння праблем, якія ўзнікаюць у ходзе канструктыўнага дыялога, беларускі бок лічыць неабходным разгледзець гэтыя дзеянні Польшчы, Літвы і Латвіі на прадмет іх адпаведнасці абавязацельствам, узятым на сябе гэтымі дзяржавамі ў рамках АБСЕ. Раўнапраўны і адкрыты дыялог па гэтай праблематыцы садзейнічаў бы ўмацаванню аўтарытэту гэтай агульнаеўрапейскай арганізацыі і адпавядаў бы інтарэсам народаў дзяржаў, якія ўваходзяць у яе.