З нагоды дзесяцігадовага юбілею з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Куба, які адзначаецца 16 красавіка, Міністр замежных спраў Міхаіл Хвастоў накіраваў віншавальнае пасланне свайму кубінскаму калегу Феліпе Перэсу Рокэ.
У пасланні, у прыватнасці, гаворыцца, што адносіны паміж Беларуссю і Кубай вызначаюцца высокім даверам і ўсебаковым характарам супрацоўніцтва.
Паспяхова развіваюцца беларуска-кубінскія ўзаемадачыненні ў палітычнай сферы. Дзяржаўны візіт на вышэйшым узроўні на Кубу ў 2000 годзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі стаў знамянальнай падзеяй у гісторыі дзвюх краін.
Беларусь высока цэніць нязменную падтрымку Рэспублікі Куба пры галасаванні па рэзалюцыях Генеральнай Асамблеі ААН аб наступствах чарнобыльскай катастрофы, рэгіянальным разбраенні і іншых ініцыятывах, якія Беларусь прапануе ў рамках гэтай міжнароднай арганізацыі.
У сваю чаргу, наша краіна выступае за поўную і безумоўную адмену эканамічнай блакады Кубы з боку ЗША.
Шмат яшчэ належыць зрабіць, падкрэсліваецца ў пасланні, для таго, каб максімальна наблізіць двухбаковыя гандлёва-эканамічныя адносіны да ўзроўню палітычнага ўзаемадзеяння.
У рамках юбілею прадугледжана правядзенне ў Мінску шэрагу мерапрыемстваў.
Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі сумесна з Міністэрствам замежных спраў, Пасольствам Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь і Таварыствам дружбы "Беларусь-Куба" 16 красавіка б.г. правядуць урачысты вечар. У мерапрыемстве, што адбудзецца ў 18 гадзін у памяшканні Дома дружбы, прымуць удзел афіцыйныя беларускія асобы, прадстаўнікі грамадскасці, актывісты беларуска-кубінскага таварыства дружбы.
Падчас урачыстага вечара адбудзецца прэзентацыя кубінскай серыі карцін народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага. Удзельнікі мерапрыемства змогуць таксама пазнаёміцца з выставай плаката, прысвечанай прыродзе і турыстычным цэнтрам Кубы.
Тэме супрацоўніцтва Беларусі і Кубы ў галіне вышэйшай адукацыі будзе прысвечаны круглы стол з удзелам прадстаўнікоў беларускіх ВНУ і грамадскасці, што пройдзе ў Доме дружбы 17 красавіка.
Цэнтр міжнародных даследаванняў Белдзяржуніверсітэта 17 красавіка сумесна з МЗС правядзе навукова-практычную канферэнцыю пад назвай "Беларусь-Куба: дзесяць гадоў супрацоўніцтва і погляд у будучыню". У канферэнцыі, што пачне сваю працу а 11 гадзіне ў Габеленавай зале Белдзяржуніверсітэта, прыме ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў Рэспубліці Беларусь Фелікс Леон Карбальо, прадстаўнікі навуковых колаў, установаў і арганізацый, што маюць вопыт дачыненняў з гэтай краінай. Падчас дыскусіі адбудзецца шырокі абмен думкамі па ўсім комплексе двухбаковых стасункаў.
Урачыстасці з нагоды юбілею пройдуць таксама ў сталіцы Кубы Гаване. Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Куба сумесна з Кубінскім інстытутам дружбы народаў праводзіць прыём, на які запрошаны афіцыйныя асобы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў Кубы, дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага ў краіне, а таксама беларускай дыяспары.
Журналісты, зацікаўленыя у асвятленні згаданых мерапрыемстваў, павінны прыбыць у Дом дружбы і ў Габеленавую залу Белдзяржуніверсітэта за 10 мин. да пачатку мерапрыемства.