У ліпені спаўняецца 10 гадоў членства Беларусі ў МВФ, Сусветным банку і Еўрапейскім банку рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). 3 гэтай нагоды карэспандэнт "Звязды" сустрэўся з намеснікам Міністра замежных спраў А.М.Сычовым.
- Чым была выклікана неабходнасць уступлення Беларусі ў гэтыя міжнародныя фінансава-крэдытныя арганізацыі і наколькі здзейсніліся тыя нашы спадзяванні 10-гадовай даўнасці?
- Рашэнне аб уступленні ў гэтыя арганізацыі было абумоўлена шэрагам фактараў, якія ўзніклі пасля развалу СССР. Перад самастойнай Беларуссю тады паўсталі задачы, у вырашэнні якіх рэспубліка не мела вопыту: правядзенне рынкавых рэформаў, уваходжанне ў сістэму сусветных гаспадарчых сувязяў і шмат іншых. Іх вырашэнне аб'ектыўна мела на ўвазе ўдзел нашай краіны ў буйных міжнародных арганізацыях. Бо аніякая эканоміка, а тым больш такая адкрытая, як у Беларусі, не ў стане існаваць ізалявана ад міжнароднай эканамічнай супольнасці. А яна якраз даволі салідна прадстаўлена Міжнародным валютным фондам, групай Сусветнага банка і ЕБРР. Акрамя гэтага, удзел у іх з'яўляецца важнейшым крытэрыем інвестыцыйнай прывабнасці краіны, надзейнасці і прадказальнасці яе сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Мінулае 10-годдзе пацвердзіла эфектыўнасць членства Беларусі ў гэтых фінансавых установах. Яны неаднойчы прадастаўлялі нам фінансавыя рэсурсы на вырашэнне эканамічных і сацыяльных праблем. Прычым як крэдытныя сродкі, так і бязвыплатную дапамогу. Гэтыя грошы ў асноўным пайшлі на рэалізацыю сумесных праграм агульнадзяржаўнага ўзроўню. Яны былі накіраваны на рэфармаванне эканомікі, банкаўскай сістэмы, стабілізацыю плацёжнага балансу рэспублікі, стварэнне рынкавых структур, на садзейнічанне развіццю прыватнага сектара і сістэмы сацыяльнай дапамогі, энергазберажэнню і г.д. Урад Беларусі пры выпрацоўцы сваёй эканамічнай палітыкі выкарыстоўвае рэкамендацыі экспертаў МВФ і Сусветнага банка.
- Наколькі мне вядома, Урад краіны сур'ёзна ставіцца да перспектыў пашырэння супрацоўніцтва з гэтай "фінансавай тройкай".
- Так. І не толькі з ёй. Каб актывізаваць узаемадзеянне з МВФ, Сусветным банкам, ЕБРР і іншымі міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі (МФА), яшчэ ў снежні 2000 года Саўмін зацвердзіў Комплексны план першачарговых мерапрыемстваў па рабоце з МФА. У яго рамках сёння ведамствы і міністэрствы каардынуюць сваю дзейнасць з МВФ, Сусветным банкам, ЕБРР. Прыярытэты ўзаемаадносінаў з імі крыху пазней былі вызначаны ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001-2005 гг.
- Аляксандр Мікалаевіч, давайце звернемся да лічбаў, якія характарызуюць нашы адносіны з гэтымі вядучымі фінансавымі ўстановамі свету. Нават павярхоўнае знаёмства з лічбамі гаворыць аб тым, што супрацоўніцтва гэтае развіваецца нераўнамерна, як бы нейкімі рыўкамі. Чаму?
- Тут шэраг аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын. Нагадаю, што, напрыклад, у МВФ, куды сёння ўваходзяць 182 краіны, мы ўступілі ў 1992 годзе і ўжо ў наступным годзе атрымалі пазыку ў памеры 200 млн. долараў ЗША па лініі фонду сістэмных трансфармацый. У 1995 г. МВФ адобрыў крэдытную праграму "стэнд-бай" для Беларусі на суму 293 млн. долараў ЗША. Гэтыя сродкі павінны былі выдзяляцца ў выглядзе чатырох частак (траншаў). Першы ў памеры 66 мільёнаў мы атрымалі. 3 астатнімі выйшла затрымка ў асноўным па прычыне таго, што не ўдалося своечасова ўдакладніць з МВФ некаторыя макраэканамічныя паказчыкі ў галіне грашова-крэдытнай і структурнай палітыкі.
- Здаецца, больш-менш дынамічна ідзе супрацоўніцтва і з Сусветным банкам?
- Як і ў МВФ, у гэту арганізацыю Беларусь уступіла ў 1992 годзе. Як і з МВФ, пасля 1995 года нашы крэдытна-інвестыцыйныя адносіны захаваліся. Да 2001 года краіна не падпісала з арганізацыямі Сусветнага банка ніводнага буйнога крэдытнага пагаднення. Але потым пачалося ажыўленне. Летась пасля 7-гадовага перапынку, Беларусь сумесна з Сусветным банкам пачала рэалізацыю праекта "Мадэрнізацыя інфраструктуры ў сацыяльнай сферы". Ён разлічаны на 5 гадоў. У рамках праекта ажыццяўляюцца пераабсталяванне школ, дзіцячых садкоў, бальніц, паліклінік, дамоў-інтэрнатаў. Усяго на 600 аб'ектах праводзяцца так званыя энергазберагальныя мерапрыемствы.
Сёлета ў сакавіку Савет Выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка прыняў стратэгію супрацоўніцтва з Беларуссю на 2002-2004 фінансавыя гады. У ёй вызначаны асноўныя накірункі работы на бліжэйшую перспектыву. Хачу падкрэсліць, што стратэгія мае дакладна акрэсленую сацыяльную задачу. Згодна са стратэгіяй, крэдытаванне нашай краіны магчыма па двух варыянтах: мінімальнаму і базаваму. Першы прадугледжвае выдзяленне мінімальных аб'ёмаў крэдыту ў памеры 140 млн. долараў ЗША, другі - у памеры да 270 млн.
- Шмат было размоў пра тое, што, маўляў, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) паступова згортвае сваю дзейнасць на Беларусі. Ці так гэта?
- Калі б гэта было так, то тады чаму ў красавіку гэтага года банк прыняў чарговую, пятую па ліку, стратэгію ЕБРР на Беларусі? Яна прадугледжвае тры варыянты развіцця супрацоўніцтва з нашай краінай. У рамках стратэгіі мяркуецца ўкараненне так званага партфельнага кіравання існуючымі інвестыцыйнымі праектамі на Беларусі, крэдытаванне малога і сярэдняга бізнесу, прамое інвесціраванне ў нацыянальныя кампаніі і г.д.
У выпадку ўдалага развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю банк можа ўдзельнічаць у прыватызацыі шляхам фінансавай падтрымкі канкрэтных мясцовых прадпрыемстваў і замежных стратэгічных інвестараў па рэалізацыі іх праектаў. Таксама не выключаецца магчымасць прыцягнення сродкаў банка ў дзяржаўны сектар эканомікі. Заўважу, што на працягу ўсіх 10 гадоў супрацоўніцтва з ЕБРР развівалася дастаткова эфектыўна. Для каардынацыі гэтага працэсу ў Мінску ў 1994 годзе было адкрыта прадстаўніцтва банка. 3 дапамогай яго крэдытаў ўдалося рэалізаваць шэраг буйных праектаў, як, напрыклад, "Электрасувязь Беларусі", "Рэканструкцыя аўтадарогі М1/ЕЗО Брэст - Мінск - граніца Расіі". І такіх станоўчых прыкладаў можна прывесці шмат.
- У нашай размове закраналіся сусветна вядомыя структуры. Але Беларусь падтрымлівае сувязі і з іншымі фінансавымі арганізацыямі. Як тут справы?
- Паспяхова развіваецца наша супрацоўніцтва з Міжнароднай фінансавай карпарацыяй (МФК). Дарэчы, Беларусь уступіла ў яе першай з ліку былых савецкіх рэспублік. 3 1993 па 2000 год МФК ажыццяўляла ў нас праект "Малая прыватызацыя ў Беларусі". 3 удзелам кансультантаў праекта за гэты час было прыватызавана 70 працэнтаў прадпрыемстваў гандлю, 51 працэнт прадпрыемстваў грамадскага харчавання і 36 працэнтаў - бытавога абслугоўвання. Супрацоўнічаем мы і з Міжнародным агенцтвам па гарантаванню інвестыцый, Яно цікавае для нас тым, што агенцтва прадастаўляе страхаванне рызык пры рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў. І тым самым садзейнічае прыцягненню інвестыцый у нашу краіну.
Гутарыў Леанід ЛАХМАНЕНКА.