24-04-2014
Па матэрыялах брыфінгу начальніка ўпраўлення інфармацыі — прэс-сакратара МЗС Дзмітрыя Мірончыка, праведзенага для прадстаўнікоў СМІ 24 красавіка 2014 года
21–23 красавіка 2014 г. адбыўся рабочы візіт у Славакію дэлегацыi Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь на чале з намеснікам Міністра Аленай Купчыной.
У рамках візіта адбыліся кансультацыі паміж знешнепалітычнымі ведамствамі Беларусі і Славакіі. Славацкую дэлегацыю ўзначаліў Дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў Славакіі Петэр Бурыян.
Падчас кансультацый быў абмеркаваны ўвесь спектр двухбаковых адносін у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах.
Удзельнікі мерапрыемства канстатавалі ўзаемны інтарэс абедзьвюх краін да пашырэння гандлёвых кантактаў, рэалізацыі сумесных праектаў, у тым ліку з выхадам на агульны рынак Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана.
Дасягнуты дамоўленасці аб правядзенні кансультацый на ўзроўні экспертаў па пытаннях знешнепалітычнага планавання, прававой базы двухбаковых адносін і шэрагу іншых. Былі абмеркаваны перспектывы адкрыцця першага Ганаровага консульства Славакіі ў Беларусі.
Бакі таксама закранулі пытанні ўзаемадзеяння на пляцоўках міжнародных арганізацый, абмеркавалі актуальны стан дыялога па лініі Беларусь–ЕС.
Падчас знаходжання ў Славакіі намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі правяла перамовы з намеснікам Прэм’ер-міністра – Міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Славацкай Рэспублікі Міраславам Лайчакам, у рамках якіх бакі абмяняліся поглядамі на шэраг актуальных міжнародных праблем.
Акрамя таго, А.Купчына сустрэлася са старшынёй Канстытуцыйнага камітэта Парламента Славакіі, кіраўніком групы сяброўства з Беларуссю Робертам Мадзеям і членамі групы для абмеркавання перспектыў развіцця міжпарламенцкага дыялогу.
Беларуская дэлегацыя таксама наведала выставу «Славацкія сустрэчы Янкі Купалы», якая зараз адбываецца ў Міністэрстве культуры Славакіі.