ЮНЕСКА

ЮНЕСКА – унікальная міжнародная арганізацыя, якая вызначае стратэгію супрацоўніцтва дзяржаў у галіне адукацыі, навукі, культуры і камунікацыі.

Дзякуючы свайму высокаму міжнароднаму аўтарытэту, яна ўплывае на фарміраванне дзяржаўнай палітыкі і ажыццяўляе маштабныя культурныя, адукацыйныя, інфармацыйныя і навуковыя праграмы. У склад ЮНЕСКА Рэспубліка Беларусь уступіла ў 1954 годзе.

Нацыянальныя камісіі прадугледжаны Статутам ЮНЕСКА. Яны прыцягваюць да ўдзелу ў мерапрыемствах i праграмах ЮНЕСКА навуковыя, адукацыйныя інстытуты,  інфармуюць дзяржаўныя органы і грамадскія аб'яднанні аб магчымасцях міжнароднага супрацоўніцтва, распрацоўваюць пазіцыі беларускай дэлегацыі ў органах ЮНЕСКА, удзельнічаюць у падборы кандыдатаў для работы ў Сакратарыяце, распаўсюджваюць інфармацыю аб праграмах і дзейнасці арганізацыі.
 
Супрацоўніцтва Беларусі з ЮНЕСКА дастаткова эфектыўнае і дынамічнае. Рэалізаваны цэлы шэраг праектаў пры фінансавай, экспертнай і кансультацыйнай падтрымцы ЮНЕСКА. Атрыманыя фінансавыя сродкі значна перавышаюць памер узносу нашай краіны ў бюджэт гэтай арганізацыі.
 
Супрацоўніцтва ў сферы адукацыі
 
Адукацыя грае галоўную ролю ў развіцці асобы чалавека, у эканамічным росце і ва ўмацаванні сацыяльных сувязяў. Гэта важны інструмент барацьбы з беднасцю. Мэта ЮНЕСКА − на працягу ўсяго жыцця даваць людзям адукацыю ўсіх узроўняў: забяспечваць бясплатную пачатковую адукацыю, задавальняць адукацыйныя патрэбы моладзі і дарослых, павышаць якасць адукацыі, садзейнічаць эксперыментам, наватарству і абмену вопытам з рознымі дзяржавамі.
 
У Беларусі распрацавана праграма «Адукацыя для ўсіх», створаны кафедры ЮНЕСКА. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным універсітэце знаходзіцца кафедра па правах чалавека і дэмакратыі, у Міжнародным вышэйшым каледжы ім. А. Д. Сахарава –кафедра па радыяэкалогіі, у Беларускім дзяржаўным тэхнічным універсітэце− па энергазберажэнні і інш.
 
Вялікая ўвага надаецца пытанням пашырэння міжуніверсітэцкіх сувязяў, якасці педагагічнай адукацыі і перападрыхтоўцы прафесарска-выкладчыцкага складу.
 
У нашай краіне дзейнічае «Сетка школ ЮНЕСКА». Гэтыя школы граюць вялікую ролю ў захаванні прыроднай і культурнай спадчыны, у распрацоўцы і распаўсюджванні наватарскага вопыту ў галіне адукацыі.
 
«Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА» рэалізуе праграмы: «Школа лідара», «Культура свету», «Здаровы лад жыцця», «Творчасць пакаленняў» і інш. Праводзяцца семінары, трэнінгі, канферэнцыі, навуковыя даследаванні ў галіне экалогіі, арганізоўваюцца лінгвістычныя лагеры, прапагандуюцца нацыянальная культура і традыцыі беларускага народа.
 
Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі падрыхтавалі і зацвердзілі Канцэпцыю прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі ў беларускіх установах адукацыі. Нацыянальнай камісіяй рэалізаваны праект «Выкарыстанне тэатральнага мастацтва ў прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі сярод моладзі». Ва ўніверсітэтах, у каледжах, у школах і ў лагерах валанцёры арганізоўвалі тэатралізаваныя паказы. Дзейнічае традыцыйны валанцёрскі лагер «Сядзіба».
 
Надаецца ўвага пытанням развіцця мастацкай адукацыі. Праведзены міжнародныя канферэнцыі міністраў адукацыі на тэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі: «Інклюзіўная адукацыя: шлях у будучыню», «Мадэляванне і параметрызацыя педагагічных тэстаў» і інш.
 
У 2005 годзе ў Мінску прайшоў буйны Міжнародны форум «Адукацыя для ўстойлівага развіцця: на шляху да грамадства ведаў». У гэтым жа годзе адбылася Міжнародная канферэнцыя «Тэсціраванне ў адукацыі: праблемы і шляхі развіцця».
 
Дзякуючы серыі міжнародных канферэнцый, праведзеных Нацыянальным інстытутам адукацыі ў 2007-2009 гадах, функцыянуе Рэгіянальная сетка ЮНЕСКА СНД «Супольнасць практыкі».
 
Супрацоўніцтва ў сферы навукі
 
ЮНЕСКА спрыяе прасоўванню ведаў, стварае сеткі супрацоўніцтва вучоных, праводзіць даследаванні ў галіне сацыяльных, гуманітарных і прыродазнаўчых навук, распрацоўвае нормы інтэлектуальнага супрацоўніцтва, сочыць за ажыццяўленнем міжнародных канвенцый.
 
Для стварэння навуковых праграм ЮНЕСКА выкарыстоўвае рэкамендацыі Сусветнай канферэнцыі па навуцы. Працуе з шырокім колам агенцтваў ААН: Міжнародны савет па навуцы, аб'ядноўвае акадэміі навук і вучоныя саветы, і Міжнародны савет па будаўнічым і прамысловым тэхналогіям.
 
Арганізацыя надае асаблівую ўвагу ўкараненню інфармацыйных тэхналогій у навуковую адукацыю і ў культуру. Краіне аказваецца дапамога ў падрыхтоўцы эфектыўнай палітыкі ў галіне развіцця навукі і тэхнікі.
 
Значнай падзеяй у 2005 годзе стала правядзенне Рэгіянальных кансультацый экспертаў у галіне біяэтыкі. У 2006 годзе пры Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь створаны Нацыянальны біяэтычны камітэт. У Мінску праведзены навучальны семінар для членаў біяэтычных камітэтаў краін СНД і трэнінг па эколага-этычнай адукацыі для выкладчыкаў ВНУ Рэспублікі Беларусь.
 
На базе Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта ім. А. Д. Сахарава праводзіўся навучальны курс па біяэтыцы. Выдадзена некалькі дапаможнікаў па экалагічнай этыцы для выкладчыкаў, студэнтаў і школьнікаў.
 
Батанічны сад НАН Беларусі ператвораны ў дэманстрацыйны цэнтр фітадызайна і экалагічнай культуры, а таксама ў палігон для апрабавання альтэрнатыўных крыніц энергіі.
 
Распрацаваны канцэпцыі і праграмы сумесных навукова-даследчых прыродазахоўваючых і асветніцкіх мерапрыемстваў на тэрыторыі Белавежскай пушчы.
 
ЮНЕСКА выканала важную ролю па стварэнні экалагічнай сеткі ў Палессі і трансгранічнага біясфернага рэзервата, якая выяўляецца ў рэалізацыі праекта, фінансуемага Японскім траставым фондам.
 
Супрацоўніцтва ў сферы камунікацый і інфармацыі
 
Рухальныя сілы прагрэсу, якія садзейнічаюць павышэнню ўзроўня і якасці жыцця – гэта інфармацыя і камунікацыя. Сучасныя тэхналогіі прадастаўляюць людзям ва ўсім свеце новыя і надзейныя магчымасці развіцця. Многія краіны, перш за ўсё найменш развітыя, не маюць паўнавартаснага доступу да інфармацыі, што пазбаўляе іх шанцаў на перспектывы доўгатэрміновага і ўстойлівага развіцця.
 
Дзейнасць ЮНЕСКА заклікана скараціць існуючы сёння лічбавы разрыў паміж развітымі краінамі і краінамі ў стадыі развіцця. Арганізацыя робіць акцэнт на чалавечы фактар: культурная і моўная разнастайнасць інфармацыі, доступ і яе выкарыстанне грамадствам.
 
ЮНЕСКА абараняе свабоду слова і штогод узнагароджвае прэміяй ў памеры 25000 долараў асоб і арганізацыі, якія, не баючыся праследавання, выступаюць у абарону свабоды слова.
 
Вялікая ўвага надаецца выкарыстанню інфармацыйных тэхналогій у галіне адукацыі, навукі і культуры: створаны электронны каталог пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея, праведзена работа па пераносе на лічбавыя носьбіты матэрыялаў фальклорных экспедыцый, на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў працуе цэнтр па захаванні культурнай нематэрыяльнай спадчыны, пры садзейнічанні Інстытута праблем культуры і Нацыянальнага музея гісторыі і культуры створана сістэма па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.
 
У Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь ёсць Цэнтр інфармацыі і дакументацыі ЮНЕСКА. Створана электронная бібліятэка беларускай класічнай літаратуры. У вёсцы Залессе ў 2005 годзе адкрыўся інфармацыйны цэнтр для шырокага доступу да інтэрнэту. Выйшла серыя кампакт-дыскаў «Беларуская літаратура ў англійскім перакладзе», на якіх прадстаўлены тэксты пяцісот твораў ста беларускіх аўтараў на дзвюх мовах.
 
Вядзецца супрацоўніцтва з ЮНЕСКА і ў рамках праграмы «Памяць свету», якая займаецца інфарматызацыяй дакументальнай спадчыны. Многія архіўныя дакументы, якія цікавяць беларускіх даследчыкаў, апынуліся ў іншых краінах. У Беларусі таксама ёсць каштоўныя дакументальныя матэрыялы, якія цікавяць замежных даследчыкаў. Перавод такіх дакументаў на лічбавую аснову садзейнічае сумеснаму выкарыстанню агульнай культурнай спадчыны. У ліку праект «Нясвіж – культурны цэнтр Еўропы і нацыянальны помнік».
 
Супрацоўніцтва ў сферы культуры
 
Узаемная цікавасць людзей адзін да аднаго, прыняцце чужой культуры, духоўнае ўзаемаабагачэнне – залог багацця і разнастайнасці культур. ЮНЕСКА пастаянна садзейнічае культурнай разнастайнасці. Дзяржавы-члены ЮНЕСКА рашуча не прынялі пастулат пра непазбежнасць канфліктаў паміж культурамі і цывілізацыямі.
 
Прынята Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны для таго, каб каштоўнасці, якія ўяўляюць цікавасць для ўсяго свету, лічыліся часткай сусветнай спадчыны ўсяго чалавецтва. Спіс сусветнай спадчыны аб'ядноўвае больш за 800 прыродных і культурных аб'ектаў, ад Тадж-Махала ў Індыі да старажытнага горада Тымбукту ў Малі, уключаючы такі цуд прыроды як Вялікія каралавыя рыфы ў Аўстраліі. Чатыры аб'екты на тэрыторыі Беларусі ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА –Белавежская пушча, Мірскі замак, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс і Дуга Струвэ.
 
ЮНЕСКА не абмяжоўваецца аховай помнікаў культуры і прыродных каштоўнасцяў. Велізарнае багацце складаюць розныя формы нематэрыяльнай культурнай спадчыны: фестывалі, песенная творчасць. Беларусь у ліку першых дзесяці краін далучылася да Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
 
У 1992 годзе ў Беларусі створаны нацыянальны цэнтр Міжнароднага інстытута тэатра. Па яго ініцыятыве ў 1995 годзе адбыўся міжнародны сімпозіум «Тэатр канца ХХ стагоддзя. Пошук новых вымярэнняў». Неаднаразова ў нашай краіне з удзелам Цэнтра Міжнароднага інстытута тэатра праводзіліся монаспектаклі «Я». Беларускія калектывы прынялі ўдзел у шэрагу фэстаў.
 
Дзякуючы фінансаванню ЮНЕСКА выдадзены лексічны атлас беларускіх дыялектных гаворак, праведзена вывучэнне традыцыйнага беларускага касцюма і арнаменту ў Чарнобыльскай зоне.
 
У 2003 годзе прайшла Міжнародная канферэнцыя «Гістарычныя сядзібы Беларусі: стан і будучыня». Галоўныя тэмы абмеркавання – стан гістарычных сядзіб Беларусі, падыходы да іх рэабілітацыі, шляхі прыцягнення сродкаў для рэстаўрацыі, формы ўласнасці і карыстання, магчымыя змены ў заканадаўстве. Было прапанавана аднавіць і ўключыць у сістэму культурнага турызму былую сядзібу М.К. Агінскага ў вёсцы Залессе Смаргонскага раёна.
 
Рэалізацыя праекта ЮНЕСКА «Развіццё культурнага турызму і яго ўплыў на эканамічнае і сацыяльнае развіццё рэгіёну на базе замкавага комплексу «Мір» паспрыяла развіццю гарадскога пасёлка Мір.
 
Праводзіцца работа па вяртанні культурных каштоўнасцяў шляхам прымянення найноўшых інфармацыйных тэхналогій. Створаны Міжнародны савет па праекце віртуальнай рэканструкцыі дакументальнай спадчыны і бібліятэкі Радзівілаў. У замкавым комплексе рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы функцыянуе інфармацыйна-адукацыйны тэрмінал, у якім прадстаўлена падрабязная інфармацыя аб Нясвіжы і культурнай спадчыне дынастыі Радзівілаў.
 
У Рэспубліку Беларусь у электронным выглядзе вярнуўся архіў М.К. Агінскага, выпушчаны дыск «Музыка Беларусі XIX стагоддзя». Значнай падзеяй 2008 года стала стварэнне калекцыі «Музыка Беларусі XX стагоддзя», якая складаецца з 7 кампакт-дыскаў і ўяўляе сабой унікальную спадчыну беларускай класічнай, духоўнай і камернай музыкі. Зняты фільм пра Тадэвуша Касцюшку для дэманстрацыі ў доме-музеі.
 
У 2008 годзе ў рамках святкавання 200-годдзя з дня нараджэння В. Дуніна-Марцінкевіча была праведзена Міжнародная навуковая канферэнцыя «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у еўрапейскім кантэксце».
 
У гонар аднаго з самых вядомых прадстаўнікоў «парыжскай школы» ў выяўленчым мастацтве была створана экспазіцыя «Прастора Суціна». Мяркуецца, што дадзеная экспазіцыя садзейнічае развіццю культурнага турызму.
 
Па ініцыятыве Нацыянальнай камісіі ў нашай краіне ЮНЕСКА ўпершыню прыняла ўдзел у арганізацыі V рэспубліканскага фестывалю «Берагіня». У выніку быў апублікаваны навукова-папулярны зборнік, які ўяўляе сабой своеасаблівую гісторыю фестывальнага руху «Берагіня» ў асобах і фактах.