Савет дзяржаў Балтыйскага мора

Савет дзяржаў Балтыйскага мора (СДБМ) створаны ў сакавіку 1992 года. У Савет уваходзяць Германія, Данія, Ісландыя, Латвія, Літва, Нарвегія, Польшча, Расійская Федэрацыя, Фінляндыя, Швецыя, Эстонія, а таксама Еўрапейская Камісія.

У якасці прыярытэтных кірункаў працы СДБМ вызначаны супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі, адукацыі, культуры, па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя; садзейнічанне эканамічнаму развіццю; грамадзянская бяспека і чалавечае вымярэнне.

З 1 ліпеня 2009 г. Рэспубліка Беларусь мае статус назіральніка пры СДБМ. Атрыманне статуса назіральніка дазваляе Беларусі больш актыўна і сістэмна ўдзельнічаць у практычнай дзейнасці Савета, а таксама ў працэсах супрацоўніцтва на Балтыцы ў цэлым.

Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і СДБМ актыўна развіваецца ў рамках рэгіянальнага ўзаемадзеяння па тэматыцы аховы прыроды, радыяцыйнай бяспекі, аховы здароўя, міграцыі.

Беларусь удзельнічае ў шэрагу праектаў і механізмаў СДБМ, у тым ліку Балтыйскім энергетычным кальцы (развіццё энергасістэмы, якая аб'ядноўвае дзяржавы рэгіёна Балтыйскага мора) і Арганізацыі субрэгіянальнага супрацоўніцтва дзяржаў Балтыйскага мора. Пры садзейнічанні СДБМ забяспечана запрашэнне Беларусі да ўдзелу ў дзейнасці Партнёрства “Паўночнага вымярэння” Еўрасаюза ў галіне грамадскай аховы здароўя і сацыяльнага дабрабыту. СДБМ аказана садзейнічанне ў наладжванні партнёрскіх сувязяў дзіцячых устаноў аховы здароўя краін-членаў Савета з беларускімі партнёрамі.

Нацыянальнае цэнтральнае бюро ІНТЭРПОЛ у Беларусі наладзіла ўзаемадзеянне з рабочай групай СДБМ па праблемах дзяцей. Ад Беларусі вызначаны афіцэр для кантактаў па праблемах дзяцей, якія засталіся без дагляду бацькоў, а таксама тых, хто стаў ахвярамі гандлю людзьмі ў рэгіёне Балтыйскага мора.

У сакавіку 2014 года ў г.Мінску на базе БДУ быў праведзены семінар аб перспектывах рэалізацыі праекта «Еўрафакультэт» пры падтрымцы СДБМ, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі сакратарыята Савета, шэрагу ўніверсітэтаў Расіі, Фінляндыі і Эстоніі, а таксама старшыня сеткі ўніверсітэтаў рэгіёна Балтыйскага мора. 

Прадстаўнікi Беларусі прымаюць удзел у штогадовых кансультацыях камітэта старэйшых службовых асобаў СДБМ з краінамі-назіральніцамі.