Далучэнне Беларусі да СГА

Перамовы па далучэнні да СГА вядуцца па 4 накірунках:

1) прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць са шматбаковымі пагадненнямі СГА;
2) доступ на рынак тавараў;
3) доступ на рынак паслуг;
4) дзяржаўная падтрымка сельскай гаспадаркі.

Прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць са шматбаковымі пагадненнямі СГА

Уваходжанне ў СГА патрабуе ад краіны-кандыдата імплементацыі ў нацыянальнае заканадаўства і выканання шэрагу сістэмных правіл, абавязковых для ўсіх краін-членаў арганізацыі.
Разгляданне пытанняў адпаведнасці нацыянальнага заканадаўства сістэмным правілам СГА адбываецца падчас шматбаковых пасяджэнняў Рабочай групы СГА па далучэнні Рэспублікі Беларусь (далей – Рабочая група). Па выніках пасяджэння Рабочай групы краіны-члены могуць прыняць рашэнне аб пераходзе да чарговага этапу перамоў, зыходзячы з дасягнутых вынікаў па прывядзенні нацыянальнага заканадаўства краіны, якая далучаецца да арганізацыі, у адпаведнасць з сістэмнымі правіламі СГА. Этапы перамоў па дадзеным накірунку прадугледжаны працэдурай СГА і ўяўляюць сабой вызначаную паслядоўнасць прыняцця дакументаў (Мемарандум – Кантрольны спіс – Зводная справаздача – праект Даклада Рабочай групы).


У склад Рабочай групы па далучэнні Беларусі да СГА ўваходзіць 45 краін-ўдзельніц СГА:

       
1 Аргенціна 24 Кыргызстан
2 Арменія 25 Малайзія
3 Аўстралія 26 Мексіка
4 Бразілія 27 Малдова
5 В’етнам 28 Манголія
6 Гаіці 29 Нарвегія
7 Гандурас 30 Нігерыя
8 Гватэмала 31 Панама
9 Грузія 32 Парагвай
10 Дамініканская Рэспубліка 33 Расія
11 Егіпет 34 Рэспубліка Карэя
12 Еўрапейскі саюз 35 Саўдаўская Аравія
13 Злучаныя Штаты Амерыкі 36 Таджыкістан
14 Інданэзія 37 Тайланд
15 Індыя 38 Турцыя
16 Ісландыя 39 Украiна
17 Казахстан 40 Уругвай
18 Канада 41 Швейцарыя
19 Калумбія 42 Шры-Ланка
20 Кітай 43 Эквадор
21 Кітайскі Тайбэй (Тайвань) 44 Эль Сальвадор
22 Коста-Рыка 45 Японія
23 Куба    

 

На сучасны момант адбылiся 7 фармальных пасяджэнняў Рабочай групы (адпаведна 5 чэрвеня 1997 г., 28 красавіка 1998 г., 5 сакавіка 2001 г., 24 студзеня 2003 г., 30 студзеня 2004 г., 30 верасня 2004 г., 24 мая 2005 г. з нефармальным працягам 24 кастрычніка 2005 г.). У выніку беларускі бок здолеў прайсці наступныя этапы перамоўнага працэсу. У 1996 годзе распаўсюджаны Мемарандум аб знешнегандлёвым рэжыме. Па выніках 4-га пасяджэння Рабочай групы прынята рашэнне аб падрыхтоўцы Кантрольнага спіса. На 5-м пасяджэнні Рабочай групы краіны-ўдзельніцы пагадзіліся пачаць падрыхтоўку Зводнай справаздачы. Асноўным вынікам 6-га пасяджэння Рабочай групы стала рашэнне аб падрыхтоўцы другой версіі Зводнай справаздачы. Разгляданне дадзенага дакумента пачалося на 7-м пасяджэнні Рабочай групы СГА і было працягнута на нефармальным пасяджэнні. Але па выніках пасяджэнняў з прычыны пазіцыі некаторых членаў не атрымалася дамагчыся згоды Рабочай групы на пераход да наступнага этапу перамоў – падрыхтоўкі праекта Даклада Рабочай групы (Draft Report of the Working Party), выніковага дакумента, у склад якога будзе ўваходзіць пакет абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь як члена СГА.

Пасля 2005 года пасяджэнні Рабочай групы праводзіліся ў нефармальным рэжыме: было праведзена 5 раундаў кансультацый Старшыні Рабочай групы з удзелам членаў СГА (чэрвень 2006 г., ліпень 2007 г., кастрычнік 2007 г., чэрвень 2009 г., май 2013 г.), падчас якіх разглядалася пытанне падрыхтоўкі праекта Даклада Рабочай групы.

У чэрвені 2009 г. урады Расіі, Казахстана і Беларусі прынялі шэраг рашэнняў, накіраваных на каардынацыю дзеянняў пры далучэнні дзяржаў-членаў Мытнага саюза да СГА.

У чэрвені 2010 г. адбыўся візіт у Мінск дзейнічага на той момант Старшыні Рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі Базкурта Арана. У рамках дадзенага візіту былі прадметна разгледжаны далейшыя крокі па далучэнні Беларусі да СГА, дасягнута дамоўленасць аб прадстаўленні Рэспублікай Беларусь краінам-членам СГА дадатковага пакета інфармацыйных матэрыялаў аб знешнегандлёвым і эканамічным заканадаўстве.

19 мая 2011 г. падпісаны Дагавор аб функцыянаванні Мытнага саюза ў рамках шматбаковай гандлёвай сістэмы. Дагавор ратыфікаваны дзяржавамі-членамі Мытнага саюза (у Рэспубліцы Беларусь — Законам Рэспублікі Беларусь ад 11 лістапада 2011 г. № 310-З). З улікам палажэнняў Дагавора ў ходзе далейшых перамоў па далучэнні Рэспублікі Беларусь будуць улічвацца абавязацельствы Расійскай Федэрацыі перад СГА.

У 2012 годзе рэалізаваны шэраг мерапрыемстваў у мэтах паскарэння шматбаковых перамоў па далучэнні Беларусі да СГА. У красавіку 2012 г. праведзена пасяджэнне Міжведамаснай камісіі па пытаннях далучэння Рэспублікі Беларусь да СГА, у ходзе якога разгледжаны пытанні ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў па тэматыцы СГА, наступствы для Беларусі далучэння Расійскай Федэрацыі да СГА, пытанні падрыхтоўкі дакументаў да перамоў. Па выніках пасяджэння пастановай Савета Міністраў ад 23 жніўня 2012 г № 782 зацверджана новая рэдакцыя Палажэння аб Міжведамаснай камісіі па пытаннях далучэння Рэспублікі Беларусь да СГА, якая ўдасканальвае сістэму ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў, адказных за вядзенне перамоў з СГА.

Абноўленая версія Зводнай справаздачы па далучэнні Беларусі да СГА была распаўсюджана Сакратарыятам СГА сярод членаў Рабочай групы ў лістападзе 2012 г., што дазволіла паскорыць перамовы і правесці ў маі 2013 г. пасяджэнне Рабочай групы ў шматбаковым фармаце.

Працэс інфармацыйнага абмену актывізаваўся ў 2013-2014 гг. падчас узнаўлення перамоў у двухбаковым і шматбаковым фарматах. Рэспубліка Беларусь накіравала Сакратарыяту СГА пераклад шэрага асноватворных нарматыўных актаў у сферы рэгулявання знешняга гандлю, абноўленыя дакументы па пытаннях тэхнічных бар’ераў, санітарных і фітасанітарных мер, мытнай ацэнкі, імпартнага ліцэнзавання і пагаднення ТРЫПС, актуальную рэдакцыю Плана нарматворчых работ, адказы на пытанні да Зводнай справаздачы і абноўлены дакумент па дзяржаўнай падтрымцы сельскай гаспадаркі.

У маі 2014 i лютым 2016 года ў Мінску адбыліся перамовы з дэлегацыяй Еўракамісіі, у ходзе якіх бакі зафіксавалі шэраг пытанняў, па якіх неабходна працягнуць прадметнае абмеркаванне.

Пасля завяршэння перамоўнага працэсу па далучэнні Казахстана да СГА зацікаўленасць з боку СГА да далучэння Беларусі павысілася.

11 верасня адбыўся візіт дэлегацыі Сакратарыята СГА ў Мінск, падчас якога абмеркаваны перспектывы актывізацыі далучэння Беларусі да СГА.

У лістападзе 2015 г. адбыўся візіт намесніка Міністра замежных спраў, які курыруе пытанне далучэння Беларусі да СГА, у г. Жэневу ў рамках яго ўдзелу ў шматбаковай сустрэчы з членамі Рабочай групы па пытаннях далучэння Беларусі да СГА.

15 — 18 снежня 2015 г. беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у пасяджэнні вышэйшага органа СГА — 10-й Міністэрскай канферэнцыі. У рамках Канферэнцыі адбыўся шэраг сустрэч з прадстаўнікамі Сакратарыята СГА, Расійскай Федэрацыі, украінскай і казахстанскай дэлегацыямі, прадстаўнікамі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Згодна з дасягнутымі ў ходзе сустрэч дамоўленасцямi, беларускі бок рыхтуе пакет абноўленых дакументаў, які апісвае шырокі спектр пытанняў знешнегандлёвага і эканамічнага рэгулявання, для вывучэння членамі СГА, пасля чаго плануецца правядзенне пасяджэння Рабочай групы.

Беларусь падкрэсліла гатоўнасць да субстантыўнага дыялогу з прадстаўнікамі Працоўнай групы па далучэнні да СГА і прыярытэт нацыянальных інтарэсаў у перагаворным працэсе.

Перамовы па доступе на рынак тавараў і паслуг

Перамовы па доступе на рынкі тавараў і паслуг адбываюцца на двухбаковай аснове з зацікаўленымі краінамі-членамі Рабочай групы. Падчас перамоў па доступе на рынак тавараў узгадняюцца максімальныя стаўкі мытнага тарыфу, якія краіна, што далучаецца да СГА, не зможа перавышаць пасля ўваходжання ў арганізацыю. Перамовы па доступе на рынак паслуг праводзяцца з мэтай вызначэння максімальных узроўняў абмежаванняў па доступе на рынак і выняткаў з нацыянальнага рэжыму для замежных паслуг і пастаўшчыкоў паслуг, якія нельга будзе перавышаць пасля ўваходжання ў СГА.

У 1998-1999 гг. беларускі бок падрыхтаваў першапачатковыя прапановы да перамоў па доступе на рынкі тавараў і паслуг, якія пазней удакладняліся па меры прасоўвання ў перамоўным працэсе.

Да цяперашняга часу праведзены 31 раунд двухбаковых перамоў з краінамі-членамі Рабочай групы.

Асноўным вынікам стала падпісанне выніковых пратаколаў аб завяршэнні двухбаковых перамоў па доступе на рынак з дзесяццю членамі СГА. З шэрагам іншых краін значна збліжаны пазіцыі адносна будучых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь па доступе на рынкі тавараў і паслуг. Атрымалася звузіць і канкрэтызаваць аб’ём тых патрабаванняў краін-членаў СГА, якія для Беларусі з’яўляюцца заведама непрымальнымі.

У 2013-2015 гг. пряцягнута абмеркаванне з членамі Рабочай групы перспектыў доступу тавараў, паходзячых з краін-членаў СГА, на беларускі рынак, а таксама падыходы да ўзнаўлення дэталёвых перамоў па доступе на рынак паслуг.

Перамовы па дзяржаўнай падтрымцы сельскай гаспадаркі

Перамовы па дзяржаўнай падтрымцы сельскай гаспадаркі адбываюцца ў фармаце спецыяльных шматбаковых пасяджэнняў, падчас якіх бакі павінны зафіксаваць на падставе базавага перыяду максімальны ўзровень падтрымкі сельскай гаспадаркі, якая будзе аказвацца ў Рэспубліцы Беларусь пасля далучэння да СГА.

У 2014 годзе падрыхтаваны актуальны дакумент аб узроўні дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі з улікам усіх патрабаванняў СГА.

Пытанні аграрнай палітыкі і субсідзіравання сельскагаспадарчых вытворцаў былі асобна разгледжаны падчас перамоў намесніка Дырэктара Генеральнага дырэктарата па гандлі Еўрапейскай камісіі П.Балаша з Міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Л.К.Зайцам у маі 2014 г.