Агляд вынікаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2015 годзе

Працяг балючага працэсу фарміравання шматпалярнага свету абумовіў высокую турбулентнасць міжнародных адносін, вынікам якой сталі рост крызісных з'яў, інтэнсіфікацыя рэгіянальных канфліктаў, пашырэнне геаграфіі тэрарызму, узнікненне шматлікіх штучных эканамічных бар'ераў.

Вядучыя сусветныя гульцы канцэнтраваліся на спробах захавання і пашырэння зон уласнага ўплыву, што перашкаджала  ўзаемавыгаднаму супрацоўніцтву і салідарным намаганням у барацьбе з сучаснымі выклікамі і пагрозамі.

Значны дэфіцыт даверу ў міждзяржаўных адносінах, адсутнасць гатоўнасці да кампрамісаў і логіка аднабаковага дамінавання пакуль не дазволілі выпрацаваць трывалыя механізмы вырашэння актуальных міжнародных праблем.

На гэтым фоне намаганні беларускай дыпламатыі былі скіраваны на ўсебаковую і эфектыўную абарону нацыянальных інтарэсаў у рэчышчы ўстановак Кіраўніка дзяржавы, забеспячэнне рэальнага ўкладу ва ўмацаванне рэгіянальнай бяспекі, ліквідацыю санкцыйных абмежаванняў, якія перашкаджаюць развіццю ўзаемавыгадных сувязяў нашай краіны з рознымі дзяржавамі і міждзяржаўнымі аб'яднаннямі.

Адбыліся выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія прайшлі ў спакойнай і дзелавой атмасферы. Забяспечана канструктыўнае ўзаемадзеянне з міжнароднымі назіральнікамі ад АБСЕ, СНД, ПАСЕ, ШАС і іншых структур (усяго больш за 900 назіральнікаў).

Самую пільную ўвагу знешнепалітычнае ведамства надавала абароне правоў і інтарэсаў беларускіх грамадзян за мяжой.

Беларусь імкнулася ўнесці свой уклад у вырашэнне глабальных праблем, супрацьдзеянне сучасным выклікам і пагрозам, традыцыйна актыўна ўдзельнічала ў дзейнасці ААН і іншых міжнародных арганізацый.

Зыходзячы з шчырай зацікаўленасці ў больш хуткім урэгуляванні крызісу ва Украіне, Беларусь паслядоўна садзейнічала яго дээскалацыі. Дамоўленасці, дасягнутыя ў ходзе саміту «Нармандскай чацвёркі» ў Мінску, на сённяшні дзень ўяўляюць сабой міжнародна прызнаны механізм палітыка-дыпламатычнага вырашэння канфлікту.

Беларускі бок забяспечваў усе неабходныя ўмовы для правядзення рэгулярных пасяджэнняў Трохбаковай кантактнай групы па Украіне і тэматычных працоўных груп у яе складзе. Рэспубліка Беларусь па-ранейшаму цвёрда зыходзіць з неабходнасці мірнага вырашэння ўкраінскага крызісу, чаму будзе спрыяць няўхільнае выкананне Мінскіх пагадненняў усімі бакамі.

Вынікі комплексных намаганняў на міжнароднай арэне садзейнічалі далейшаму ўмацаванню аўтарытэту і станоўчага іміджу нашай краіны, усведамленню сапраўднай каштоўнасці Беларусі ў якасці фактару стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне, а таксама патэнцыялу Мінска ў развіцці інтэграцыйных працэсаў.

Запуск з 1 студзеня 2015 г. Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) азнаменаваў выхад еўразійскай інтэграцыі на якасна новы ўзровень, пашырыў гарызонты магчымасцяў па рэалізацыі канцэпцыі «інтэграцыі інтэграцый».

Усебаковае супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй умацоўвалася як у рамках Саюзнай дзяржавы, так і ў фармаце іншых інтэграцыйных аб'яднанняў на постсавецкай прасторы.

Пазітыўная дынаміка пакрокавага працэсу нармалізацыі адносін з Еўрасаюзам і ЗША была падмацавана прыпыненнем дзеяння абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі, што дазволіла істотна павысіць інтэнсіўнасць кантактаў на розных узроўнях.

Далейшае развіццё атрымалі адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства з Кітайскай Народнай Рэспублікай.

Дасягнуты канкрэтныя вынікі па пашырэнні кантактаў з перспектыўнымі партнёрамі і саюзнікамі ў Азіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы.

У параўнанні з 1994 годам, калі беларускія замежныя ўстановы функцыянавалі толькі ў 22 краінах, сёння Рэспубліка Беларусь мае дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў 56 дзяржавах па ўсім свеце. З улікам акрэдытацыі паслоў па сумяшчальніцтве, Беларусь прадстаўлена ў 112 з 174 дзяржаў, з якімі наша краіна ўсталявала  дыпламатычныя адносіны.

Рост міжнароднага аўтарытэту Рэспублікі Беларусь, павышэнне прывабнасці нашай краіны з пункту гледжання развіцця гандлёва-эканамічных адносін і іншых сфер супрацоўніцтва знайшлі адлюстраванне ў пашырэнні замежнага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі. У цяперашні час тут ажыццяўляюць сваю дзейнасць 46 пасольстваў, 4 аддзяленні пасольстваў, 2 гандлёвыя прадстаўніцтвы, 35 консульскіх устаноў замежных дзяржаў, 16 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый. 86 замежных пасольстваў акрэдытавана па сумяшчальніцтве з Масквы, Вільнюса, Варшавы, Кіева.

У ліпені 2015 г. адбылося першае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх арганізацый з 18 краін. МЗС падрыхтаваны праект падпраграмы «Беларусы ў свеце» Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016-2020 гг.

У сферы «эканамічнай» дыпламатыі павышаная ўвага надавалася ўмацаванню ўзаемавыгадных сувязяў з традыцыйнымі эканамічнымі партнёрамі і асваенню новых рынкаў, дыверсіфікацыі беларускага экспарту як адной з умоў стабільнага развіцця эканомікі і павышэння ўзроўню жыцця грамадзян. Усебаковае садзейнічанне аказвалася нацыянальным экспарцёрам, а таксама паляпшэнню дзелавога клімату і спрашчэнню ўмоў вядзення бізнесу.

Нягледзячы на неспрыяльную знешнюю кан'юнктуру і крызісныя з'явы ў эканоміцы асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі, агульныя мэтанакіраваныя намаганні дазволілі ў 2015 годзе дасягнуць больш збалансаванага знешняга гандлю таварамі і паслугамі.


1. Дынамічна развіваліся беларуска-расійскія саюзніцкія адносіны. Інтэнсіўныя кантакты на вышэйшым і высокім узроўнях, розныя фарматы міжурадавага і міжгаліновага ўзаемадзеяння забяспечвалі змястоўнае напаўненне і выніковасць двухбаковага дыялогу, дазвалялі ў канструктыўным ключы вырашаць праблемныя пытанні.

Рэалізоўваліся шматлікія саюзныя праграмы і мерапрыемствы. Традыцыйна цесна каардынавалі свае дзеянні знешнепалітычныя ведамствы Беларусі і Расіі, што спрыяла ўмацаванню пазіцый дзвюх краін на міжнароднай арэне. На сумеснай калегіі ў кастрычніку адобрана чарговая Праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў – удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2016-2017 гг.

Беларусь і Расія працягвалі ажыццяўляць сумесную абаронную і пагранічную палітыку, каардынаваць дзейнасць у галіне ваеннага будаўніцтва.

Паспяхова выкананы План рэалізацыі на міжнароднай арэне беларуска-расійскіх ініцыятыў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Расійская Федэрацыя захавала за сабой ролю вядучага гандлёвага і інвестыцыйнага партнёра Беларусі, найбуйнейшага экспартнага рынку для беларускіх тавараў. На долю Расіі традыцыйна прыпадае каля паловы ўсяго аб'ёму беларускага знешняга гандлю. Па аб'ёмах узаемнага гандлю Беларусь уваходзіць у «пяцёрку» асноўных гандлёвых партнёраў Расіі.

На далейшае збліжэнне эканомік і скарачэнне адміністрацыйных бар'ераў ва ўзаемным гандлі накіраваны прыняты ў сакавіку міжурадавы План мерапрыемстваў па стварэнні дадатковых умоў для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Рэалізуюцца значныя сумесныя інвестыцыйныя праекты, найбуйнейшым з якіх з'яўляецца будаўніцтва Беларускай АЭС.

Значна актывізавалася міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. На працягу года Беларусь наведалі 40 дэлегацый, якія ўзначальвалі кіраўнікі расійскіх рэгіёнаў. У верасні 2015 г. у г.Сочы адбыўся Другі Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі па тэматыцы адзінай прамысловай палітыкі з удзелам кіраўнікоў дзвюх дзяржаў.

На сістэмнай аснове вядзецца праца па забеспячэнні роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі. Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі У.Пуцін падпісаў у снежні 2015 г. закон, які вызваляе беларускіх грамадзян ад здачы экзаменаў па рускай мове, гісторыі і асновах заканадаўства РФ пры атрыманні дазволу на часовае пражыванне або віду на жыхарства ў Расіі.

Інтэнсіўна развівалася беларуска-расійскае ўзаемадзеянне ў гуманітарнай і культурнай сферах. У Маскве пачаў функцыянаваць Дзелавы і культурны комплекс Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі.


2. Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Міністэрства з'яўляўся інтэграцыйны складнік.

1 студзеня 2015 г. уступіў у дзеянне Дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), членамі якога на працягу года сталі Арменія і Кыргызстан. Беларусі выпала ганаровая і адказная місія першай прыняць старшынства ў кіруючых органах ЕАЭС. Вынікі нашай працы атрымалі высокую ацэнку партнёраў па інтэграцыі.

У рамках рэалізацыі ініцыятыў беларускага старшынства прыняты Асноўныя напрамкі прамысловага супрацоўніцтва ў рамках Саюза, зацверджана Канцэпцыя фарміравання агульнага электраэнергетычнага рынка, прыняты пакет неабходных заканадаўчых актаў для забеспячэння функцыянавання з 1 студзеня 2016 г. адзінага рынка лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў.

Па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь створаны новы кансультацыйны фармат па каардынацыі макраэканамічнай палітыкі з удзелам кіраўнікоў нацыянальных банкаў, міністэрстваў фінансаў і эканомікі.

У той самы час не ўдалося дабіцца прарыву ў вырашэнні ключавога пытання – поўнай адмены выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. Гэта – прадмет для інтэнсіўнай дзейнасці Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі другога склікання, якая пачне сваю працу з лютага 2016 г.

Актыўна развівалася міжнароднае супрацоўніцтва ЕАЭС.

У рамках беларускага старшынства падрыхтавана памятная запіска «Еўразійскі эканамічны саюз – Еўрапейскі саюз: контуры супрацоўніцтва», якая перададзена ў Еўрапейскую камісію. Міністэрствам замежных спраў падрыхтавана комплекснае прэзентацыйнае выданне «40 пытанняў аб Еўразійскім эканамічным саюзе», разлічанае на шырокую міжнародную аўдыторыю. Падпісана пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з В'етнамам. Прынята рашэнне кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС аб пачатку перамоваў з Кітаем па заключэнні пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве, з Ізраілем – па заключэнні пагаднення аб ЗСГ. Вядзецца экспертная праца па спалучэнні ЕАЭС і Эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

Значная ўвага надавалася нарошчванню ўзаемадзеяння ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Па ініцыятыве Беларусі быў прыняты План сумесных дзеянняў краін-членаў Садружнасці па вырашэнні актуальных пытанняў у фінансава-эканамічнай сферы.

Рашэннем Савета кіраўнікоў урадаў СНД зацверджаны План мерапрыемстваў па рэалізацыі трэцяга этапу Стратэгіі эканамічнага развіцця Садружнасці Незалежных Дзяржаў на перыяд да 2020 года. Мерапрыемствы Плана накіраваны на рэалізацыю навукова-тэхнічнага і адукацыйнага патэнцыялу дзяржаў СНД, распрацоўку інфраструктурных праектаў, развіццё эканомікі і інш.

На пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД 16 кастрычніка 2015 г. прыняты Зварот кіраўнікоў дзяржаў СНД у сувязі з 30-й гадавінай аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама Заява аб барацьбе з міжнародным тэрарызмам, якая выразна дэманструе пазіцыю лідэраў Садружнасці па гэтай актуальнай глабальнай праблеме.

Такім чынам, актыўная пазіцыя Беларусі спрыяла захаванню запатрабаванасці Садружнасці як аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі, на пляцоўцы якой вырашаюцца многія актуальныя для постсавецкіх краін пытанні, уключаючы функцыянаванне зоны свабоднага гандлю.


3. Традыцыйна насычаны быў парадак дня двухбаковых адносін з краінамі СНД і Грузіяй, нягледзячы на негатыўныя эканамічныя тэндэнцыі, звязаныя з дэвальвацыяй шэрагу нацыянальных валют і сціскам рынкаў асобных дзяржаў-партнёраў.

У канструктыўным рэчышчы развіваўся палітычны дыялог з Украінай, у тым ліку на фоне намаганняў Мінска па мірным урэгуляванні сітуацыі на ўсходзе гэтай краіны. Украіна з'яўляецца трэцім па значнасці гандлёвым партнёрам Беларусі ў свеце, таму былі зроблены сустрэчныя меры ў частцы захавання безбар'ернага асяроддзя для двухбаковых эканамічных адносін.

Шырокамаштабнае супрацоўніцтва з Казахстанам заставалася адным з прыярытэтных напрамкаў працы ў рэгіёне СНД. Прадоўжана рэалізацыя сумесных кааперацыйных праектаў, актыўна развівалася навукова-тэхнічнае і міжпарламенцкае супрацоўніцтва. Для нарошчвання двухбаковых сувязяў выкарыстоўваліся і інтэграцыйныя пляцоўкі, у першую чаргу ЕАЭС.

Насычанай быў парадак дня ўзаемадзеяння з Туркменістанам. Ключавой падзеяй 2015 года стаў афіцыйны візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Ашхабад (10-12 снежня), падчас якога праведзены Дні культуры Беларусі і Нацыянальная выстава-кірмаш. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі «Палітыка нейтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця».

Візіты ў Рэспубліку Беларусь прэзідэнтаў Малдовы (16-17 ліпеня) і Азербайджана (27-28 лістапада) замацавалі дамоўленасці па рэалізацыі канкрэтных эканамічных праектаў, пацвердзілі ўзаемную накіраванасць на падтрыманне высокага ўзроўню двухбаковых адносін.

Уступленне Кыргызстана ў Еўразійскі эканамічны саюз стымулявала нарошчванне кантактаў у двухбаковым фармаце на ўзроўні ўрадаў і знешнепалітычных ведамстваў, актывізацыю эканамічнага супрацоўніцтва.

На новы ўзровень выйшла беларуска-грузінскае ўзаемадзеянне. 22-24 красавіка адбыўся візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Грузію, па выніках якога значна пашырана дагаворна-прававая база двухбаковых адносін, нададзены імпульс развіццю эканамічных сувязяў і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

У традыцыйна дружалюбным ключы развіваліся адносіны з Арменіяй і Таджыкістанам, кантакты з якімі на розных узроўнях падтрымліваліся, у тым ліку, дзякуючы ўзаемадзеянню па лініі СНД і АДКБ.

Пасля працяглага перапынку адноўлена праца сумеснай Міжурадавай камісіі па двухбаковым супрацоўніцтве з Узбекістанам. Гэты інструмент таксама актыўна выкарыстоўваўся для развіцця сувязяў у галіне гандлю, прамысловай кааперацыі, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Малдовай, Туркменістанам і Украінай.


4. У цэлым пазітыўнай дынамікай характарызаваўся дыялог Беларусі з Еўрапейскім саюзам. Важнай падзеяй у кантэксце паступовай нармалізацыі адносін стала прыпыненне дзеяння абмежавальных мер ЕС удачыненні да Беларусі ў кастрычніку 2015 г.

Значна ўзраслі інтэнсіўнасць і ўзровень палітычных кантактаў. Праведзены візіты ў Рэспубліку Беларусь высокапастаўленых прадстаўнікоў Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) і Еўрапейскай камісіі, а таксама дэлегацыі Еўрапейскага Парламенту па сувязях з Беларуссю. Адбыліся сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з камісарам па Еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні Й.Ханам, намеснікам Генеральнага сакратара ЕСЗД Х.Шмід, Міністрам замежных спраў Латвіі Э.Рынкевічсам (у якасці старшыні ў Савеце ЕС).

У снежні 2015 г. у ходзе рабочага візіту ў г.Брусель Міністра замежных спраў Беларусі адбыліся яго сустрэчы з міністрамі замежных спраў краін-членаў Еўрасаюза, Высокім прадстаўніком ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Ф.Магерыні, еўракамісарам Й.Ханам, намеснікам Генеральнага сакратара НАТА А.Вершбоў.

Вяліся кансультацыі з Еўрасаюзам па пытаннях мадэрнізацыі ў мэтах вызначэння найлепшай формы супрацоўніцтва паміж урадам Беларусі і ЕС у гэтай сферы, перамовы з Еўрапейскай камісіяй па заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі, усталяванні Партнёрства ў сферы мабільнасці. Праведзены чарговыя раунды галіновых дыялогаў па экалогіі, эканоміцы і фінансах. Адноўлены дыялог з ЕС па правах чалавека. Складзена Дамоўленасць аб супрацоўніцтве па механізме ранняга папярэджання ў энергетычнай галіне.

Беларусь працягнула актыўны ўдзел у мерапрыемствах шматбаковага трэка «Усходняга партнёрства» (УП). Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у Рыжскім саміце УП (21-22 мая). У Мінску ўпершыню прайшоў чарговы раунд нефармальных міністэрскіх дыялогаў краін-удзельніц «Усходняга партнёрства» па ахове навакольнага асяроддзя (29 чэрвеня).

Вынікам мэтанакіраванай працы па прасоўванні ініцыятывы Беларусі па гарманізацыі лічбавых рынкаў краін ЕС і краін-удзельніц «Усходняга партнёрства» стала стварэнне новай рабочай групы УП па гэтай тэматыцы.

Прадуктыўна развівалася супрацоўніцтва з ЕС у сферы тэхнічнай дапамогі, у тым ліку па лініі нацыянальнай індыкатыўнай праграмы дзеянняў для Беларусі і праграм трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС «Літва-Латвія-Беларусь» і «Польшча-Украіна-Беларусь».


5. Двухбаковыя адносіны з краінамі Еўропы, што выбудоўваліся з апорай на прагматычнае супрацоўніцтва ў розных галінах, таксама характарызаваліся павышэннем інтэнсіўнасці і ўзроўню двухбаковых кантактаў.

Прыкметна падаўся наперад палітычны дыялог з Германіяй. У лютым прайшоў працоўны візіт у ФРГ Міністра замежных спраў Беларусі для ўдзелу ў Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі. Упершыню за многія гады на запрашэнне германскага боку ў лістападзе адбыўся афіцыйны візіт у ФРГ кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства. Падоўжылася «размарозка» шэрагу механізмаў міжведамаснага ўзаемадзеяння, пашырыўся двухбаковы парадак дня супрацоўніцтва. Забяспечана плённая дзейнасць двухбаковай рабочай групы па гандлі і інвестыцыях, праведзены дні эканомікі краін у Мінску і Берліне з шырокім удзелам бізнесу.

Візіты Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь у Італію (9-10 верасня) і Турцыю (11-12 лістапада), прымеркаваныя да правядзення Сусветнай выставы «ЭКСПА-2015» у г.Мілане і Беларускага інвестыцыйнага форуму ў г.Стамбуле, дазволілі правесці шэраг важных двухбаковых перамоваў па развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з гэтымі краінамі.

У рамках Саміту ААН у г.Нью-Ёрку ў верасні 2015 г. прайшла першая ў гісторыі беларуска-аўстрыйскіх адносін сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Аўстрыі. Мінск упершыню наведаў Міністр замежных спраў гэтай краіны (4 мая), адбылася яго сустрэча з Кіраўніком дзяржавы. Прынята рашэнне аб адкрыцці ў г.Мінску пасольства Аўстрыйскай Рэспублікі.

Дзякуючы пазітыўным зрухам у адносінах з Францыяй праведзена першае пасяджэнне двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве (13 лютага), працягнута праца па рэалізацыі шэрагу сумесных інвестыцыйных і вытворчых праектаў.

Актывізавалася супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь са Святым Пасадам, у прыватнасці, арганізаваны візіт у нашу краіну Дзяржаўнага сакратара Ватыкана (12-15 сакавіка).

Захоўвалася станоўчая дынаміка прагматычнага ўзаемадзеяння з краінамі Балтыі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь абмеркаваў пытанні двухбаковага супрацоўніцтва з Прэзідэнтам Латвіі ў рамках саміту ААН. Арганізаваны ўзаемныя візіты кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Латвіі (19-20 лютага) і Беларусі (21-22 мая), візіт у г.Мінск Міністра замежных спраў Літвы (11-12 лістапада).

Паступальна развіваліся гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і палітычны дыялог з краінамі Вышаградскай групы (Венгрыя, Польшча, Славакія, Чэхія). Ажыццёўлены візіт у Беларусь Міністра замежных спраў Венгрыі (28-29 красавіка).

Умацавалася пазітыўная дынаміка адносін з Сербіяй. Зваротны афіцыйны візіт Прэзідэнта Сербіі ў Беларусь (18-19 лістапада) надаў дадатковы імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву ў розных сферах.

У рамках СМЗС АБСЕ ў г.Белградзе ў ходзе сустрэч Міністра замежных спраў Беларусі з кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў Македоніі і Чарнагорыі падпісаны Пратаколы аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі замежных спраў, з Міністрам замежных спраў Босніі і Герцагавіны – Міжурадавае пагадненне аб бязвізавых паездках па дыпламатычных і службовых пашпартах.

Істотна актывізавана, а па шэрагу краін адноўлена работа адпаведных міжурадавых камісій па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Адбыліся пасяджэнні такіх камісій з Аўстрыяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Германіяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай, Сербіяй, Славакіяй, Славеніяй, Францыяй, Чэхіяй, Швейцарыяй. Актыўна задзейнічаўся механізм кансультацый паміж МЗС, якія праведзены з 22 еўрапейскімі краінамі.


6. У адносінах са Злучанымі Штатамі Амерыкі падоўжыўся сумесны канструктыўны пошук магчымасцяў для далейшай нармалізацыі дыялогу. Актыўна развівалася гандлёва-эканамічнае і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, пашыраліся гуманітарныя кантакты.

У кастрычніку 2015 г. амерыканскім бокам прыпынена дзеянне санкцый у дачыненні да шэрагу прадпрыемстваў беларускага нафтахімічнага комплексу. Праведзены экспертныя кансультацыі па пытаннях двухбаковых адносін, рэгіянальнага супрацоўніцтва, правоў чалавека, гандлю людзьмі, барацьбы з кіберзлачыннасцю і тэрарызмам, пытаннях далучэння да СГА.

У жніўні 2015 г. адбыўся візіт у Беларусь дэлегацыі Кангрэсу ЗША, якая была прынята Кіраўніком дзяржавы.

Прадстаўнікі ЗША ўпершыню прынялі ўдзел у ваенным парадзе ў г.Мінску 9 мая з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі, пацвердзіўшы наяўнасць адзінай гісторыі і саюзніцкіх адносін у гады Другой сусветнай вайны.

Адбыліся першыя прызначэнні ганаровых консулаў Рэспублікі Беларусь у рэгіёнах ЗША –штатах Тэхас і Фларыда.

На аснове праведзенай дзейнасці Беларусь зацікаўлена ў наданні ўстойлівага характару працэсу нармалізацыі адносін з ЗША.


7. Важным напрамкам беларускай знешняй палітыкі заставалася развіццё ўзаемадзеяння з краінамі Афрыкі і Блізкага Усходу, дзе знаходзяцца нашы значныя эканамічныя інтарэсы.

Працягнута сістэмная праца з дзяржавамі афрыканскага кантынента, большасць з якіх з'яўляюцца адносна новымі для Беларусі партнёрамі. Праведзеныя на працягу года візіты ў г.Мінск Першага віцэ-Прэзідэнта Зімбабвэ, Міністра міжнароднага супрацоўніцтва Гвінеі, Міністра сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі ПАР, а таксама візіты намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь у Мазамбік і Анголу спрыялі актывізацыі двухбаковых палітычных адносін, дазволілі дасягнуць дамоўленасці аб пастаўках буйных партый беларускай кар'ернай, грузавой, дарожна-будаўнічай і сельскагаспадарчай тэхнікі.

У той жа час не спыняўся дыялог і з традыцыйнымі партнёрамі ў Афрыцы – вынікі праведзенай у рамках Генеральнай Асамблеі ААН у г.Нью-Ёрку сустрэчы паміж прэзідэнтамі Беларусі і Егіпта пацвердзілі ўзаемную цікавасць да актывізацыі супрацоўніцтва на аснове ўжо створанай эканамічнай і прававой базы.

Вялася паслядоўная праца па развіцці ўзаемадзеяння з краінамі Персідскага заліва. Новы штуршок атрымала гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва з ААЭ. Зроблены крокі па пашырэнні ўзаемадзеяння з Саудаўскай Аравіяй – у маі 2015 г. праведзена першае пасяджэнне Сумеснага міжурадавага камітэта. Істотна ажывіліся сувязі з Аманам на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў і парламентаў.

Адноўлены дыялог з іншымі традыцыйнымі партнёрамі Беларусі на Блізкім Усходзе. Нягледзячы на працягваючыся ўзброены канфлікт у Сірыі, намецілася актывізацыя беларуска-сірыйскага супрацоўніцтва. Перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння, перш за ўсё, у эканамічнай сферы, былі вызначаны ў ходзе афіцыйнага візіту Міністра замежных спраў Беларусі ў Сірыю (люты), а таксама шостага пасяджэння двухбаковай міжурадавай камісіі (красавік).

Нягледзячы на сур'ёзныя выклікі, якія стаяць перад Іракам у супрацьстаянні з ІДІЛ, дыялог з гэтай краінай з'яўляецца перспектыўным для Беларусі.

Адбыліся важныя для развіцця розных напрамкаў двухбаковага ўзаемадзеяння візіты на ўзроўні намесніка Міністра замежных спраў Беларусі ў Катар, ААЭ, Алжыр, Саудаўскую Аравію, Егіпет, Ізраіль.


8. З улікам імклівага эканамічнага развіцця дзяржаў Азіі і павелічэння іх вагі на міжнароднай арэне пільная ўвага надавалася захаванню высокай дынамікі супрацоўніцтва з традыцыйнымі і новымі партнёрамі Беларусі ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі.

Знакавай падзеяй для беларуска-кітайскіх адносін стаў першы за апошнія 14 гадоў дзяржаўны візіт у Беларусь Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі (10-12мая), падчас якога была падпісана Сумесная дэкларацыя аб далейшым развіцці і паглыбленні адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь наведаў Кітай з рабочым візітам у верасні 2015 г. Пашырылася двухбаковае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, у тым ліку, на міжрэгіянальным узроўні.

Важны імпульс беларуска-індыйскаму ўзаемадзеянню надаў візіт Прэзідэнта Індыі П.Мукерджы ў Беларусь (2-4 чэрвеня). Індыйскім бокам абвешчана аб прызнанні рынкавага статусу Рэспублікі Беларусь, агучана рашэнне аб выдзяленні крэдытнай лініі нашай краіне для рэалізацыі шэрагу значных праектаў.

Шмат у чым пераломным стаў 2015 год для развіцця беларуска-пакістанскіх адносін. Першы ў гісторыі афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Пакістан (28-29 мая), абмен візітамі на ўзроўні кіраўнікоў урадаў дазволілі сфармаваць базавыя інстытуцыйныя асновы для нарошчвання двухбаковага ўзаемадзеяння па шырокім спектры напрамкаў. Падпісаны Ісламабадская дэкларацыя Беларуска-Пакістанскага партнёрства, Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве, Дарожная карта двухбаковага супрацоўніцтва на каротка- і сярэднетэрміновую перспектыву.

Сур'ёзна прасунута супрацоўніцтва з В'етнамам. У рамках візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы ў г.Ханой (8-9снежня) дасягнуты дамоўленасці аб актывізацыі эканамічнага ўзаемадзеяння, прамысловай кааперацыі, павелічэнні тавараабароту. Падпісанае Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і В'етнамам адкрывае новыя гарызонты развіцця гандлёва-эканамічных адносін і будзе садзейнічаць умацаванню пазіцый беларускай прадукцыі ў Паўднёва-Усходняй Азіі з перспектывай яе выхаду на рынкі суседніх краін АСЕАН.

Прыкметна актывізавалася супрацоўніцтва з Манголіяй па ўсіх напрамках. У ліпені 2015 г. адбылася сустрэча Кіраўнікоў дзяржаў на «палях» саміту ШАС у г.Уфе. Праведзены перамовы міністраў замежных спраў у рамках СМЗС АБСЕ ў г.Белградзе. Актывізавалася міжпарламенцкае ўзаемадзеянне.

У маі 2015 г. нашу краіну ўпершыню наведаў Дзяржаўны міністр замежных спраў Японіі. У снежні 2015 г. у рамках СМЗС АБСЕ ў г.Белградзе адбылася сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі з новапрызначаным Дзяржаўным міністрам замежных спраў Японіі.

У выніку мэтанакіраванай карпатлівай працы ў 2015 годзе Рэспубліка Беларусь атрымала статус назіральніка пры Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Беларусь здольна арганічна дапоўніць эканамічнае супрацоўніцтва ў рамках ШАС, выкарыстоўваючы свой транзітны, прамысловы і навуковы патэнцыял, і гатова прымаць актыўны ўдзел у каардынацыі пытанняў, звязаных з бяспекай у рэгіёне.


9.Асноўныя намаганні ў развіцці супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі былі накіраваны на ўмацаванне дыялогу з прыярытэтнымі партнёрамі, далейшае пашырэнне геаграфіі двухбаковых кантактаў, развіццё эканамічных сувязяў у перспектыўных для Беларусі галінах. Рэалізацыі гэтай стратэгіі садзейнічалі сустрэчы Кіраўніка беларускай дзяржавы з прэзідэнтамі Венесуэлы (май), Кубы і Эквадора (верасень), правядзенне пасяджэнняў сумесных камісій па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Эквадорам, Нікарагуа і Аргенцінай, візіты на ўзроўні кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў у Сальвадор, Нікарагуа і Аргенціну. У чэрвені 2015 г. праведзены першыя кансультацыі паміж МЗС з Мексікай, дасягнута дамоўленасць аб правядзенні першага беларуска-мексіканскага эканамічнага форуму. Наладжана практычнае супрацоўніцтва з Чылі.

У мэтах далейшага прасоўвання беларускай прадукцыі на лацінаамерыканскі рынак працягнута практыка стварэння сумесных вытворчасцей. У прыватнасці, у Венесуэле быў уведзены ў эксплуатацыю завод па зборцы цяжкай дарожна-будаўнічай тэхнікі, які стаў трэцім зборачным прадпрыемствам з беларускім удзелам у гэтай краіне.

У ходзе сустрэчы Прэзідэнтаў Беларусі і Бразіліі ў ліпені 2015 г. у г.Уфе абмяркоўваліся пытанні стварэння прамысловага кластара па вытворчасці беларускіх трактароў, вялікагрузных аўтамабіляў, кар'ерных самазвалаў, сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама арганізацыі сумеснай вытворчасці змешаных угнаенняў на тэрыторыі Бразіліі.

У рамках дзейнасці па дыверсіфікацыі экспарту ўкаранёны механізмы прыцягнення беларускага экспартнага крэдытавання, уключаючы пастаўкі сельскагаспадарчай і грузавой тэхнікі ў Нікарагуа і на Кубу, а таксама іншыя схемы падтрымкі экспарту.

У цэлым, агульны тавараабарот Беларусі з краінамі Лацінскай Амерыкі за перыяд з 2000 па 2014 год павялічыўся больш чым у 5 разоў, пры гэтым беларускі экспарт рос апераджальнымі тэмпамі і павялічыўся больш чым у 8 разоў. У той самы час крызісныя з'явы ў краінах, якія з'яўляюцца асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі ў рэгіёне, паўплывалі на стан дынамікі нарошчвання беларускага экспарту ў рэгіён у 2015 годзе.


10. Цэнтральнай падзеяй года на шматбаковым трэку стаў візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на Саміт ААН у г.Нью-Ёрк. Прыняты ў ходзе форуму Парадак дня ўстойлівага развіцця на бліжэйшыя 15 гадоў сугучны Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі да 2030 года і адпавядае нацыянальным інтарэсам.

Канцэптуальны выступ Кіраўніка беларускай дзяржавы з трыбуны ААН дазволіў завастрыць увагу сусветнай супольнасці на асноватворных прычынах сучасных крызісных з'яў, прадставіць уласнае бачанне шляхоў дасягнення сапраўды ўстойлівага развіцця, акцэнтаваць падыходы Беларусі да прынцыпаў вядзення міжнароднага дыялогу, якія ўлічваюць разнастайнасць шляхоў і асаблівасцяў развіцця нацый.

У рамках візіту праведзены сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека, а таксама Дырэктарам-распарадчыкам МВФ.

Падоўжана актыўная праца па прасоўванні беларускіх ініцыятыў ў ААН, якія тычацца праблематыкі барацьбы з гандлем людзьмі і чалавечымі органамі, прапаноў у галіне ўстойлівай энергетыкі, тэматыкі краін з сярэднім узроўнем даходу і традыцыйнай сям'і.

Далейшае прасоўванне маладзёжнай тэматыкі ў ААН ажыццяўлялася скрозь прызму традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, а таксама з улікам таго, што 2015 год быў абвешчаны ў Беларусі Годам моладзі.

У год 70-годдзя ААН Беларусь, дэманструючы адданасць ідэалам Арганізацыі, правяла шэраг важных мерапрыемстваў, якія маюць сімвалічны характар. У адзначэнне 70-годдзя Вялікай Перамогі адбылася цырымонія пасадкі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам Дрэва міру і ўстойлівага развіцця ў Лошыцкім парку г.Мінска. Па ініцыятыве беларускага боку ў штаб-кватэры ААН у г.Нью-Ёрку з удзелам Генеральнага сакратара Арганізацыі Пан Гі Муна ажыццёўлена сімвалічная пасадка Дрэва міру і адзінства, прымеркаваная да 70-й гадавіны перамогі над фашызмам. Унікальным і запамінальным праектам стаў запуск спецыяльнага цягніка «Экспрэс ААН у Беларусі ў падтрымку Мэт устойлівага развіцця», які прайшоў па ўсіх рэгіёнах нашай краіны.

У перыяд расійскага старшынства ў БРІКС рэалізавана ініцыятыва Беларусі аб арганізацыі ў ліпені 2015 г. у рамках VII саміту БРІКС у г.Уфе спецыяльнага мерапрыемства з удзелам кіраўнікоў дзяржаў – удзельніц ЕАЭС, у якім прыняў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Беларускі бок актыўна ўзаемадзейнічаў з іншымі краінамі пры падрыхтоўцы да 21-й Канферэнцыі Бакоў Рамачнай канвенцыі па змяненні клімату.

Беларусь абрана ў Савет кіраўнікоў МАГАТЭ. У Праграму тэхнічнага супрацоўніцтва з Агенцтвам на 2016-2017 гг. уключаны чатыры нацыянальныя праекты па пытаннях развіцця інфраструктуры і падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі, выкарыстання ядзерных тэхналогій у медыцыне і пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

На працягу года ў г.Мінску праведзены шэраг маштабных міжнародных форумаў. У кастрычніку Рэспубліка Беларусь упершыню прыняла так званую «тэхнічную Алімпіяду» – 79-ю Генеральную асамблею Міжнароднай электратэхнічнай камісіі (МЭК).

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прэзідэнты нацыянальных камітэтаў МЭК з 29 краін і больш за 1200 дэлегатаў, якія прадстаўлялі вядучыя сусветныя кампаніі.

Па ініцыятыве МЗС у красавіку 2015 г. сумесна з ЮНІДА ў беларускай сталіцы праведзена буйная Міжнародная канферэнцыя «Інавацыйнае прамысловае развіццё краін з сярэднім узроўнем даходу Еўропы і Цэнтральнай Азіі». У працы форуму прыняў удзел намеснік Генеральнага сакратара ААН па эканамічных і сацыяльных пытаннях, а таксама прадстаўнікі 25 краін і 7 міжнародных арганізацый.

Працягнута практыка далучэння Беларусі да важных міжнародных праваабарончых дакументаў з мэтай удасканалення нацыянальнай палітыкі. У 2015 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Канвенцыю аб правах інвалідаў.

У ходзе 38-й сесіі Генеральнай канферэнцыі Арганізацыі аб'яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), якая адзначыла ў 2015 годзе свой 70-гадовы юбілей, Беларусь адстойвала свае прыярытэты на ўсіх напрамках дзейнасці Арганізацыі, што адбілася ў замацаванні значных для нашай краіны пазіцый у бюджэце ЮНЕСКА на 2016-2017 гг.

Юбілейная дата 250-годдзя з дня нараджэння нашага знакамітага земляка – дыпламата, кампазітара, пісьменніка і грамадскага дзеяча М.К.Агінскага занесена ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА. У адзначэнне гэтай даты ў Францыі і Беларусі прайшоў шэраг мерапрыемстваў, якія прыцягнулі ўвагу міжнароднай грамадскасці.


11. Беларускі бок паслядоўна праводзіў лінію на прагматычнае ўзаемадзеянне з Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і яе інстытутамі.

Па запрашэнні беларускага боку місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) і Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ прынялі ўдзел у міжнародным назіранні за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (усяго 412 назіральнікаў).

Праведзены значныя візіты ў Беларусь Дзеючага старшыні АБСЕ (ліпень), Генеральнага сакратара Арганізацыі і дырэктара БДІПЧ АБСЕ (чэрвень), Спецыяльнага прадстаўніка/Каардынатара АБСЕ па пытаннях барацьбы з гандлем людзьмі (красавік і ліпень), сустаршыняў Мінскай групы Арганізацыі і Асабістага прадстаўніка Дзеючага старшыні АБСЕ па нагорна-карабахскім канфлікце (сакавік).

Міністр замежных спраў Беларусі прыняў удзел у 22-м штогадовым пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АБСЕ ў г.Белградзе.

Развівалася прамое супрацоўніцтва Беларусі з выканаўчымі структурамі АБСЕ па рэалізацыі сумесных праектаў, узгоднены «пакет» праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі на 2015-2016 гг.

У рамках рэалізацыі лініі на выбудоўванне канструктыўнага дыялогу і развіццё практычнага ўзаемадзеяння Беларусі са структурамі Савета Еўропы (СЕ) дасягнуты пазітыўныя вынікі ў сферы далучэння да прававых інструментаў і механізмаў СЕ. У прыватнасці, Рэспубліка Беларусь далучылася да Дадатковага пратакола да Канвенцыі СЕ аб крымінальнай адказнасці за карупцыю.

Беларусь прыняла ўдзел у дзвюх міністэрскіх канферэнцыях, арганізаваных пад эгідай СЕ па тэматыках культуры і спорту.

Візіт у Беларусь новага дакладчыка па Беларусі Камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі СЕ А.Рыгоні (люты) і ўдзел ПАСЕ ў назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі заклалі аснову для актывізацыі дыялогу з Саветам Еўропы па парламенцкай лініі.

Рэспубліка Беларусь падоўжыла актыўны ўдзел у дзейнасці субрэгіянальных арганізацый. Пашырылася праектная дзейнасць з удзелам Беларусі ў рамках Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы. Аб'ёмы фінансавання беларускіх праектаў па лініі гэтай арганізацыі павялічыліся ў два разы.

Беларусі быў нададзены статус назіральніка ў Паўночным вымярэнні. На два гады падоўжаны статус назіральніка ў Арганізацыі чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва. Развівалася прагматычнае ўзаемадзеянне з Саветам дзяржаў Балтыйскага мора, у якім Беларусь таксама мае статус назіральніка.


12. У кантэксце забеспячэння нацыянальнай бяспекі падоўжана планамерная праца па далейшым развіцці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

Беларусь адказна выконвала прынятыя на сябе абавязацельствы па нераспаўсюджванні зброі масавага знішчэння, кантролі над звычайнымі ўзбраеннямі, экспартным кантролі ў дачыненні да спецыфічных тавараў, работ і паслуг, захаванні санкцый Савета Бяспекі ААН.

Па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь 20-я канферэнцыя дзяржаў- удзельніц Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) прыняла рашэнне аб абвяшчэнні Міжнароднага дня АЗХЗ.

Пры актыўным садзейнічанні МЗС у г.Рэчыца працягваецца рэалізацыя праекта па знішчэнні супрацьпяхотных мін. Адпаведны праект фінансуецца Еўрапейскай камісіяй. Мэтай праекта з'яўляецца знішчэнне больш за 3,3 млн. супрацьпяхотных мін, што засталіся ў Беларусі з часоў СССР.

У чэрвені 2015 г. у г.Вене пад старшынствам Рэспублікі Беларусь адбылася Трэцяя канферэнцыя дзяржаў-удзельніц Дагавора па адкрытым небе (ДАН), скліканая раз у пяць гадоў. Нягледзячы на шэраг праблемных пытанняў рэгіянальнай бяспекі, усе дзяржавы-ўдзельніцы пацвердзілі актуальнасць ДАН і сваю прыхільнасць гэтаму Дагавору. Уклад Беларусі ў падрыхтоўку і правядзенне канферэнцыі атрымаў усеагульнае адабрэнне.

У чэрвені 2015 г. у Мінску ў рамках візіту ў Беларусь Генеральнага сакратара АБСЕ Л.Занньера быў падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і АБСЕ па пытанні рэалізацыі сумеснага з АБСЕ праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі па ўтылізацыі наяўных лішкаў вадкага ракетнага паліва.

Беларуская дыпламатыя працавала па такіх новых, але ўжо даказаўшых сваю важнасць тэмах, як недапушчэнне мілітарызацыі космасу (у рамках перамоўнага працэсу па Міжнародным кодэксе паводзінаў у космасе) і ператварэння кіберпрасторы ў арэну міждзяржаўнага проціборства.


13. Асаблівае месца ў рабоце МЗС займала «эканамічная дыпламатыя», накіраваная на забеспячэнне максімальнай выніковасці знешнеэканамічнай дзейнасці. Прыярытэтная ўвага надавалася каардынацыі працы па рэалізацыі Нацыянальнай праграмы развіцця экспарту Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады.

У рамках наладжвання больш цеснага ўзаемадзеяння з экспарцёрамі, курыруючымі іх галінамі і рэгіянальнымі органамі ўлады арганізаваны семінары па практычных пытаннях працы на рынках Лацінскай Амерыкі, краін Персідскага заліва, Азіі і Афрыкі. Праводзіліся рэгулярныя сустрэчы кіраўніцтва МЗС з прадстаўнікамі вядучых прадпрыемстваў-экспарцёраў.

Працягнута фарміраванне прававых і арганізацыйных перадумоў для нарошчвання экспарту: прыняты шэраг адпаведных нарматыўных дакументаў.

Значна пашырана дзейнасць міжурадавых камісій па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, саветаў дзелавога супрацоўніцтва, а таксама канферэнцый, семінараў і прэзентацый эканамічнай накіраванасці. У 2015 годзе праведзена 33 пасяджэння сумесных камісій. Адпаведныя механізмы былі ўпершыню выпрабаваны з Аргенцінай, Францыяй, Пакістанам, Саудаўскай Аравіяй, Іракскім Курдыстанам, а таксама адноўлены пасля працяглага перапынку – са Швейцарыяй, Сірыяй, Кыргызстанам, Узбекістанам.

На працягу года пры садзейнічанні МЗС арганізавана дзевяць нацыянальных экспазіцый Рэспублікі Беларусь на міжнародных выставах за мяжой (у Германіі, Італіі, Азербайджане, ПАР, Камбоджы, Кітаі, Балгарыі, Расіі), а таксама дзве нацыянальныя выставы-кірмашы ў Расіі і Туркменістане.

Рэспубліка Беларусь была прадстаўлена на Сусветнай выставе «ЭКСПА-2015» у г.Мілане уласным аўтэнтычным Нацыянальным павільёнам, на пляцоўцы якога праведзены асобныя Дні ўсіх абласцей нашай краіны, Дзень беларускай эканомікі, Дні беларускай навукі і Нацыянальны дзень Рэспублікі Беларусь. За перыяд працы Нацыянальную экспазіцыю наведалі каля 1,7 млн. чалавек.

У мэтах умацавання сістэмнасці знешнеэканамічнай дзейнасці на дзяржаўным узроўні МЗС распрацаваны праект Нацыянальнай праграмы падтрымкі і развіцця экспарту на 2016-2020 гг. Адным з інструментаў рэалізацыі Праграмы стануць штогадовыя планы сумесных дзеянняў МЗС, галін і рэгіёнаў.

У рэйтынгу групы Сусветнага банка «Вядзенне бізнесу-2016» Беларусь паднялася з 57-га на 44-ю пазіцыю, а паводле паказчыка «Міжнародны гандаль»  з другой сотні краін выйшла на 25-е месца.

Практычныя вынікі прынеслі меры, накіраваныя на дыверсіфікацыю экспарту. На фоне агульнага зніжэння яго аб'ёмаў у 2015 годзе ўдалося забяспечыць прыкметную станоўчую дынаміку экспартных паставак у рэгіёны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

Цалкам адноўлены перамоўны працэс па далучэнні Рэспублікі Беларусь да СГА, што пры яго спрыяльным развіцці, вядзе да магчымага хуткага афармлення членства ў Арганізацыі.


14. У рамках работы па развіцці дагаворна-прававой базы ў 2015 годзе падпісаны 138 міжнародных дагавораў і іншых міжнародна-прававых дакументаў. На сённяшні дзень дагаворна-прававая база Рэспублікі Беларусь складае 2300 двухбаковых і 1685 шматбаковых дагавораў.

На пастаяннай аснове праводзілася актыўная праца па фарміраванні сістэмы права ЕАЭС, уключаючы распрацоўку і міжнародна-прававую экспертызу праектаў рашэнняў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, Еўразійскага міжурадавага савета і Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Працягнута канструктыўнае ўзаемадзеянне з юрыдычнымі органамі сістэмы ААН. Беларускі бок прыняў удзел у працы Шостага камітэта 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, 48-й сесіі ЮНСІТРАЛ, пасяджэннях рабочых груп ЮНСІТРАЛ.

Пры садзейнічанні і ўдзеле МЗС ў г.Мінску праведзены спецыялізаваная канферэнцыя па прававых стандартах і сістэме пагадненняў і канвенцый, распрацаваных у рамках Савета Еўропы, а таксама рэгіянальны семінар Канферэнцыі ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД) «Рэфармаванне міжнароднага інвестыцыйнага рэжыму».

На пастаяннай аснове вялася праца па ўсталяванні дыпламатычных адносін. Да цяперашняга моманту Рэспублікай Беларусь устаноўлены дыпламатычныя адносіны са 174 дзяржавамі свету, што складае 90 працэнтаў ад агульнай колькасці (193) дзяржаў – членаў ААН.


15. Абарона законных правоў і інтарэсаў юрыдычных і фізічных асоб Рэспублікі Беларусь за мяжой, наданне консульскай дапамогі асобам, якія трапілі ў экстрэмальныя сітуацыі, спрашчэнне візавага рэжыму заставаліся прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці знешнепалітычнага ведамства краіны.

Падпісаны міжурадавыя пагадненні аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў з Нікарагуа, Сальвадорам, Тайландам, Босніяй і Герцагавінай. Уступілі ў сілу пагадненні аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў з Камбоджай і Сінгапурам, а таксама аб адмене віз з Ізраілем і Эквадорам.

Уступілі ў сілу указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія ўстанаўліваюць бязвізавы рэжым ўезду на трое сутак для замежных грамадзян, наведваючых Нацыянальны парк «Белавежская пушча» і для грамадзян Кітая, якія едуць транзітам у краіны ЕС.

Пры садзейнічанні расійскага боку і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі арганізавана эвакуацыя 47 беларускіх грамадзян з Йемена, 18 – з Сірыі, 6 –з Непала.

Грамадзянам, апынуўшымся па розных прычынах без дакументаў, якія сведчаць асобу, было аформлена больш за 5300 пасведчанняў на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь.

Звярнуўшымся ў замежныя ўстановы 3 тысячам беларускіх грамадзян была аказана прававая дапамога рознага роду.

16. У 2015 годзе значна павялічылася цікавасць замежных сродкаў масавай інфармацыі да асвятлення беларускай тэматыкі. Нароўні з важнымі унутры- і знешнепалітычнымі падзеямі павышаную ўвагу прыцягвалі спартыўныя, культурныя і іншыя мерапрыемствы на тэрыторыі нашай краіны. Па выніках года колькасць пастаянна акрэдытаваных пры МЗС Беларусі журналістаў вырасла да 287, што на 37 адсоткаў больш, чым у 2014 годзе. Часова было акрэдытавана 1592 прадстаўнікоў СМІ (рост –22 адсотка).