16-11-2018
16 лістапада 2018 г. адбылася сустрэча Міністра замежных спраў, Старшыні Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзіміра Макея з польскім мастацтвазнаўцам Фердынандам Рушчыцам, заснавальнікам Фонду імя выдатнага жывапісца і ўраджэнца Беларусі Ф.Рущчыца, унукам мастака. У сустрэчы прыняў удзел Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў.
Суразмоўцы абмеркавалі сумесны праект, які плануецца ажыццявіць у 2020 годзе ў рамках святкавання 150-гадовага юбілею Ф.Рущчыца. Праект па папулярызацыі творчасці мастака ўключае арганізацыю выстаў яго твораў у гг.Мінску, Варшаве, Вільні, правядзенне ў г.Мінску канферэнцыі, прысвечанай жыццю і творчасці мастака, аднаўленне радавой сядзібы ў Багданава (Валожынскі раён Мінскай вобласці), стварэнне культурнага цэнтра імя Ф.Рушчыца. Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА разглядае перспектыву ўключэння 150-гадовага юбілею Ф.Рушчыца ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА на 2020-2021 гады. Чакаецца падтрымка праекта з боку іншых дзяржаў.
У.Макей падкрэсліў важную ролю такіх культурных праектаў для пашырэння дыялогу паміж краінамі, асабліва вылучыў зацікаўленасць Міністэрства замежных спраў у актыўным узаемадзеянні з удзельнікамі праекта для яго прасоўвання, у тым ліку ў рамках дзейнасці Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА.