Аб ўручэнні Паслом Беларусі А.Астроўскім даверчых лістоў Каралеве Даніі

10-11-2014

7 лістапада 2014 г. Пасол Беларусі ў Фінляндскай Рэспубліцы і ў Каралеўстве Данія (па сумяшчальніцтве) Аляксандр Астроўскі ўручыў даверчыя лісты Каралеве Даніі Маргрэце II.

Адбылася кароткая размова А.Астроўскага з Кіраўніком дацкай дзяржавы аб стане і перспектывах развіцця двухбаковых адносін.

Акрамя таго, падчас знаходжання ў Даніі 5-7 лістапада 2014 года адбыўся шэраг сустрэч Пасла Беларусі, у тым ліку ў МЗС Даніі. З намеснікам дырэктара дэпартамента па пытаннях палітыкі еўрапейскага добрасуседства Марыяй Эгензе і начальнікам аддзела па развіцці адносін з краінамі Усходняй Еўропы Карэн Мелхіёр разгледжаны ўвесь спектр беларуска-дацкіх адносін, уключаючы палітычны дыялог, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў гуманітарнай і культурнай сферах. Адзначана гатоўнасць падтрымліваць раўнапраўныя і канструктыўныя адносіны з Еўрапейскім саюзам на падставе ўзаемапаважлівага дыялогу з Брусэлем і краінамі-членамі ЕС. Абмеркаваны перспектывы аднаўлення рэгулярных двухбаковых кансультацый паміж МЗС, агавораны шляхі актывізацыі міжпарламенцкага супрацоўніцтва.

На сустрэчы з кіраўніком эканамічнага дэпартамента МЗС Даніі Свендам Оллінгам адбыўся абмен думкамі аб стане і перспектывах беларуска-дацкага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Дасягнута паразуменне па пытанні неабходнасці актывізацыі работы ў гэтым кірунку, прыкладання намаганняў абодвух бакоў для забеспячэння росту тавараабароту і павышэння інфармаванасці дацкіх кампаній аб магчымасцях вядзення бізнесу ў Беларусі. Падрабязна абмеркаваны перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў асноўных сектарах эканомікі, у тым ліку сельскай гаспадарцы, інавацыйным і энергетычным кластарах. Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні ў пачатку 2015 года ў г.Капенгагене семінара з удзелам МЗС Даніі і Беларусі, прадстаўнікоў дацкага і беларускага бізнэсу, а таксама арганізацыі паездкі прадстаўнікоў кампаній і Канфедэрацыі дацкіх прамыслоўцаў ў Рэспубліку Беларусь у наступным годзе.

Акрамя таго, праведзены асобныя сустрэчы з вядучымі галіновымі арганізацыямі — кіраўніцтвам Канфедэрацыі прамыслоўцаў Даніі (DI), прадстаўнікамі савета дырэктараў энергетычнага кластара (Cleancluster, DBDH), патэнцыяльнымі інвестарамі, якія выказваюць цікавасць да беларускага сельска-гаспадарчага сектара, і кіраўнікамі кампаній, якія ўжо працуюць у Беларусі: «Mafcon»,«Danish Greenhouse Supply», «ICT Logistics», «Nordic Diary Technology ApS».

Пасол А.Астроўскі таксама прыняў удзел у першым пасяджэнні Дацка-Беларускай бізнес-асацыяцыі, створанай у кастрычніку 2014 года. Абмеркаваны аптымальныя шляхі прыцягнення дацкіх кампаній у Рэспубліку Беларусь, агавораны практычныя пытанні садзейнічання з боку дадзенай арганізацыі ў правядзенні мерапрыемстваў з удзелам дзелавых колаў дзвюх краін у г.Капенгагене і г.Мінску ў 2015 годзе.