04-04-2018
4 красавіка 2018 г. Мiнiстр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей у якасці Старшыні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА правёў пасяджэнне Камісіі, прысвечанае вынікам яе работы ў 2017 годзе.
Падчас пасяджэння прадстаўлены вынікі дзейнасці пяці тэматычных камітэтаў Камісіі (па пытаннях культуры, адукацыі, навукі і адукацыі ў галіне прыродазнаўства, інфармацыі, па справах моладзі і клубаў ЮНЕСКА). Адзначана, што пры садзейнічанні Камісіі ў Беларусі рэалізаваны ўнікальныя праекты ў сферы інтэграванага навучання дзяцей з асаблівасцямі развіцця, аховы гісторыка-культурнай спадчыны, адукацыі і міжнароднага моладзевага супрацоўніцтва.
Па выніках разгляду пытання аб уключэнні праспекта Незалежнасці г.Мінска ў беларускі папярэдні спіс сусветнай спадчыны вызначаны канкрэтныя крокі па рэалізацыі гэтай ініцыятывы. Мяркуецца, што галоўная магістраль беларускай сталіцы можа стаць асновай сумеснай намінацыі з удзелам зацікаўленых краін для ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі прыярытэтныя задачы дзейнасці Беларусі ў ЮНЕСКА з улікам абрання нашай краіны ў Выканаўчы савет ЮНЕСКА. У адпаведнасці з зацверджаным падчас пасяджэння Планам работы Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА на 2018-2019 гады плануецца, у прыватнасці, правесці ў нашай краіне мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілеяў Р.Русецкай і С.Манюшкі (уключаны ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА), а таксама да 400-годдзя выдання першага ў свеце буквара. Акрамя таго, будуць арганізаваны семінары і канферэнцыі па тэматыцы ўстойлівага развіцця, падключэння Беларусі да Сеткі творчых гарадоў ЮНЕСКА, шэраг іншых тэматычных мерапрыемстваў.
У.Макей уручыў дыпломы Камісіі прадстаўнікам яе камітэтаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё супрацоўніцтва з ЮНЕСКА ў сферах адукацыі, навукі і культуры, моладзевага руху.