11-06-2018
11 чэрвеня 2018 г. у г.Спліце (Харватыя) намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Яўген Шэстакоў прыняў удзел у штогадовай сустрэчы міністраў замежных спраў (СМЗС) краін-удзельніц Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы (ЦЕІ), прысвечанай перспектывам развіцця ЦЕІ.
Да даведкі: Цэнтральна-Еўрапейская Ініцыятыва — рэгіянальнае аб'яднанне, створанае ў 1989 годзе Італіяй, Аўстрыяй, Венгрыяй і Югаславіяй. У цяперашні час у ЦЕІ ўваходзяць 18 краін (Албанія, Аўстрыя, Беларусь, Боснія і Герцагавіна, Балгарыя, Венгрыя, Італія, Македонія, Малдова, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Харватыя, Чэхія, Чарнагорыя і Украіна). Рэспубліка Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай ЦЕІ з 1996 года.
У 2018 годзе ў ЦЕІ старшынствуе Харватыя. Беларусь старшынствавала ў ЦЕІ ў 2017 годзе.
У сваім выступленні на пленарным пасяджэнні міністэрскай сустрэчы Я.Шэстакоў падкрэсліў значнасць і запатрабаванасць Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы ў якасці платформы для развіцця дыялогу і прагматычнага супрацоўніцтва паміж краінамі Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Еўропы ў мэтах умацавання рэгіянальнай стабільнасці і бяспекі.
Асаблівы акцэнт быў зроблены на неабходнасці развіцця лічбавай і транспартнай узаемазвязанасці ў рэгіёне ЦЕІ, падтрымкі ўстойлівага эканамічнага развіцця краін-удзельніц Ініцыятывы.
Адзначана важнасць прасоўвання сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці розных інтэграцыйных працэсаў у Еўропе, пашырэння партнёрстваў ЦЕІ з іншымі міжнароднымі структурамі.
У адпаведнасці з рашэннем, прынятым на СМЗС міністрамі замежных спраў краін-удзельніц Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы, старшынства ў ЦЕІ ў 2019 годзе пяройдзе да Італіі.
русская версия English version