Аб другім пасяджэнні Навукова-кансультатыўнага савета па міжнародным праве пры МЗС

06-03-2019

6 сакавіка 2019 г. адбылося другое пасяджэнне Навукова-кансультатыўнага савета па міжнароднаму праву пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

У склад Савета пад старшынствам намесніка Міністра замежных спраў Алега Краўчанкі ўваходзяць вядучыя юрысты-міжнароднікі Беларусі, якія прадстаўляюць асноўныя ВНУ краіны, дзе выкладаецца і вывучаецца міжнароднае права. У пасяджэнні Савета таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі, Міністэрства эканомікі, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў.

Савет разгледзеў вынікі працы Шостага камітэта Генеральнай Асамблеі ААН, асаблівая ўвага пры гэтым была нададзена справаздачам Камісіі міжнароднага права ААН і Камісіі ААН па праве міжнароднага гандлю (ЮНСІТРАЛ). Работнікі МЗС праінфармавалі аб выніках працы беларускай дэлегацыі ў Шостым камітэце. Савет таксама разгледзеў пытанні падрыхтоўкі да будучых мерапрыемстваў ААН, у тым ліку да чарговай сесіі ЮНСІТРАЛ у Вене.

Савет абмеркаваў пытанні на парадку дня 57-й сустрэчы Камітэта юрыдычных саветнікаў па пытаннях міжнароднага публічнага права Савета Еўропы (CAHDI).

З улікам паспяховай арганізацыі ў Мінску 4-5 снежня 2018 г. Рэгіянальнай канферэнцыі па арбітражу і медыяцыі Савет быў азнаёмлены з падрыхтоўкай МЗС новых сумесных мерапрыемстваў, такіх як семінар ЮНСІТРАЛ па цыфравой эканоміцы і семінар Сусветнай гандлёвай арганізацыі па вырашэнні спрэчак. Сябры Савета выказалі прапановы па змесце гэтых мерапрыемстваў.

Савет таксама абмеркаваў праект Метадычных рэкамендацый па заключэнні і выкананні міжнародных дагавораў, якія распрацоўваюцца МЗС у якасці практычнага дапаможніка дзяржаўным установам Беларусі ў дагаворна-прававой працы.