10-10-2018
10 кастрычніка 2018 г. адбылася сустрэча намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэя Дапкюнаса з кіраўніком дырэкцыі палітыкі бяспекі і міжнародных арганізацый Міністэрства замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Эдгарсам Скуям, які знаходзіцца ў Мінску для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню “Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху”.
Падчас сустрэчы суразмоўцы абмеркавалі перспектывы двухбаковага ўзаемадзеяння Беларусі і Латвіі ў палітычнай і ваенна-палітычнай галінах, а таксама абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях рэгіянальнай і еўрапейскай бяспекі.
Беларускі і латвійскі дыпламаты станоўча ацанілі дынаміку палітычнага дыялогу і развіцця міжведамаснага і рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Быў адзначаны рэгулярны характар і грунтоўнасць кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі Беларусі і Латвіі па пытаннях агульнаеўрапейскай бяспекі і мерах умацавання даверу і бяспекі.
У кантэксце падрыхтоўкі да ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 году ў Мінску і сумеснага Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску і Рызе ў 2021 годзе суразмоўцы адзначылі важнасць далейшага ўдасканальвання аператыўнага ўзаемадзеяння памежных і мытных службаў дзвюх краін, а таксама ўзгодненых сумесных крокаў па мадэрнізацыі інфраструктуры пунктаў пропуску на беларуска-латвійскай мяжы.
русская версия English version