12-12-2019
11 снежня 2019 г. Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА падчас сваёй 14-й сесіі у г.Багата, Калумбія прыняў рашэнне аб уключэнні “Юраўскага карагода” ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
“Юраўскі карагод” у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці – гэта старажытны абрад, прымеркаваны да веснавога свята Юр'я. Ён з’яўляецца адметнасцю не толькі беларусаў, але мае вялікае значэнне для ўсёй славянскай цывілізацыі. Захаванне абрада – гэта ўклад Беларусі ў агульную мазаіку сусветнай культуры і развіццё культурнай разнастайнасці.
Уключэнне абрада ў спіс ЮНЕСКА з'явілася вынікам сумеснай працы Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, мясцовых уладаў і мясцовых супольнасцей, няўрадавых арганізацый і экспертаў.
З уключэннем “Юраўскага карагода” Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА налічвае тры беларускіх элементы. Раней уключаны святочны калядны абрад “Калядныя цары” ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці (2009 год) і ”Святкаванне ў гонар іконы Маці Божай Будслаўскай” (Будслаўскі фэст) у вёсцы Будслаў, Мядзельскага раёна, Мінскай вобласці (2017 год).