14-05-2019
14 мая 2019 г. у Бруселі (Бельгія) Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей прыняў удзел у юбілейнай канферэнцыі з нагоды 10-годдзя ініцыятывы ЕС “Усходняе партнёрства” (УП).
Удзел у канферэнцыі прынялі старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер, Еўракамісар па Еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханэс Хан, Еўракамісар па гандлі Сесілія Мальмстром, Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, Прэм'ер-міністр Грузіі Мамука Бахтадзе, Прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп, Міністр замежных спраў Румыніі Тэадор Мелешкану, Міністр замежных спраў Азербайджана Эльмар Мамед'яраў, Міністр замежных спраў Арменіі Зограб Мнацаканян, прадстаўнікі МЗС краін ЕС.
У рамках першай секцыі “УП 10 — дасягненні і выклікі ў забеспячэнні канкрэтных вынікаў для грамадзян” з удзелам Прэзідэнта Украіны П.Парашэнкі, міністраў замежных спраў Азербайджана Э.Мамед’ярава, Польшчы Я.Чапутовіча і Швецыі М.Вальстром У.Макей інфармаваў удзельнікаў канферэнцыі аб стане і перспектывах развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС.
Ключавую ўвагу ўдзяліў неабходнасці паглыблення гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння. Асабліва Міністр адзначыў высокую дынаміку развіцця супрацоўніцтва Беларусі з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця.
У.Макей заклікаў да паслядоўнага і структураванага развіцця дагаворна-прававой базы беларуска-еўрапейскіх адносін. Выказаў надзею на найхутчэйшае падпісанне пагадненняў паміж Беларуссю і ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі, а таксама на зняцце перашкодаў для ўзгаднення двухбаковых Прыярытэтаў партнёрства.
Адзначыў станоўчую дынаміку ў палітычным дыялогу паміж Беларуссю і ЕС, у тым ліку па шэрагу адчувальных пытанняў. Канстатаваў, што прагматычнае ўзаемадзеянне апошніх гадоў прынесла абодвум бакам больш вынікаў, чым дзесяцігоддзі санкцыйнай палітыкі ЕС.
Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства выказаўся на карысць развіцця дыялогу паміж ЕАЭС і ЕС як эфектыўнага механізму для зніжэння напружанасці ў Еўразійскім рэгіёне.
Заклікаў да ўзмацнення прагматычнай накіраванасці і арыентацыі на канкрэтныя вынікі, якія адчуваюцца для грамадзян, у рамках далейшай рэалізацыі “Усходняга партнёрства”. Выказаўся на карысць павышэння прыкметнасці ініцыятывы ў краінах-партнёрах УП, уключаючы Беларусь.
Міністр замежных спраў Беларусі таксама адказаў на пытанні іншых удзельнікаў канферэнцыі і правёў у кулуарах шэраг двухбаковых сустрэч.
Напярэдадні канферэнцыі У.Макей прыняў удзел у рабочай вячэры з кіраўніцтвам Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (ЕІБ) і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) ад імя Еўракамісара па Еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ё.Хана для кіраўнікоў МЗС краін УП.
У.Макей даў пазітыўную ацэнку дзейнасці ў Беларусі ЕІБ, з якім у 2018 годзе былі падпісаны пагадненні на суму 160 млн.еўра аб фінансаванні праектаў па рэканструкцыі Мінскай ачышчальнай станцыі і доступу малых і сярэдніх прадпрыемстваў да пазыках у мясцовай валюце, і ЕБРР, які вылучыў у летась больш за 360 млн.еўра пад праекты ў Беларусі. Падчас мерапрыемства абмеркаваны таксама перспектывы пашырэння праектнай дзейнасці ЕІБ і ЕБРР у Беларусі.
Вечарам 13 мая У.Макей прыняў удзел у рабочай вячэры ад імя Старшыні Еўрапейскага савета Дональда Туска для кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін УП, дзе выклаў падыходы Беларусі па развіцці УП на бліжэйшыя гады.