Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь

Пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспубліка Беларусь выйшла на міжнародную арэну не толькі ў якасці новай суверэннай дзяржавы, якая ўзнікла ў выніку распада СССР, але і як еўрапейская краіна, якая мае глыбокія гістарычныя традыцыі дзяржаўнасці.

Узнікшыя на тэрыторыі цяперашняй Беларусі Полацкае, Тураўcкае, Пінскае і іншыя княствы (IХ-ХIV стст.), Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (сярэдзіна ХIII-ХVIII стст.) былі актыўнымі ўдзельнікамі міжнародных адносін. Многія прадстаўнікі беларускіх зямель знаходзіліся на дыпламатычнай службе такіх дзяржаў, як Рэч Паспалітая і Расійская імперыя.

Важныя вехі ў гісторыі беларускай дыпламатыі адносяцца да эпохі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1919-1991 гг.), якая ўвайшла ў лік дзяржаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, паўнапраўным членам якой БССР з’яўлялася на працягу ўсяго перыяду свайго існавання.

Прыняцце Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 г. Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, наданне ёй 25 жніўня 1991 г. статусу канстытуцыйнага закона азнаменавала пачатак якасна новага этапу ў развіцці краіны. Рэалізаваўшы сваё права на самавызначэнне, Рэспубліка Беларусь, якая атрымала гэтую афіцыйную назву ў адпаведнасці з рашэннем Вярхоўнага Савета БССР ад 19 верасня 1991 г., прыступіла да правядзення самастойнай знешняй палітыкі.

Фарміраваць свой міжнародны курс Беларусі давялося ў няпростых умовах кардынальных геапалітычных, эканамічных, грамадскіх і іншых трасфармацый у свеце, якія характарызаваліся высокай інтэнсіўнасцю і дынамічнасцю.

Нягледзячы на аб'ектыўныя складанасці, Рэспубліка Беларусь пасля атрымання незалежнасці здолела выбудаваць адносіны са знешнім светам, не паступіўшыся сваімі нацыянальнымі інтарэсамі. Гэта дазволіла нашай краіне ўпэўнена і эфектыўна прасоўваць і адстойваць свае знешнепалітычныя мэты і прыярытэты.

Сёння Беларусь – гэта суверэнная еўрапейская дзяржава, якая праводзіць самастойную, міралюбівую знешнюю палітыку, актыўна развівае супрацоўніцтва са стратэгічнымі саюзнікамі і замежнымі партнёрамі ў розных частках зямнога шара, з'яўляецца адным з ініцыятараў і актыўным удзельнікам рэгіянальных інтэграцыйных структур і праектаў, уносіць істотны ўклад ва ўмацаванне міжнароднай бяспекі і стабільнасці.

Інтарэсы Беларусі за мяжой на сённяшні дзень прадстаўляюць замежныя ўстановы ў 57 дзяржавах, а з улікам акрэдытацыі паслоў па сумяшчальніцтве – у 109.

Замежныя дзяржавы прадстаўлены ў Беларусі 48 пасольствамі, 4 аддзяленнямі пасольстваў, 3 гандлёвымі прадстаўніцтвамі, 39 консульскімі ўстановамі, міжнародныя арганізацыi – 18 прадстаўніцтвамі. Па сумяшчальніцтве з Масквы, Вільнюса, Варшавы і Кіева акрэдытавана 91 замежнае дыппрадстаўніцтва.