Беларусь і СГА

Сусветная гандлёвая арганізацыя (СГА)гэта міжнародная эканамічная арганізацыя, якая займаецца пытаннямі шматбаковага рэгулявання гандлю таварамі, паслугамі і аб’ектамі інтэлектуальнай уласнасці.

СГА з’яўляецца пераемніцай Генеральнага пагаднення па тарыфах і гандлі (ГАТТ, General Agreement on Tariffs and Trade — GATT), якое было падпісана ўрадамі 23 краін у Жэневе ў кастрычніку 1947 г. і пачало дзейнічаць 1 студзеня 1948 г.

ГАТТ паклала пачатак лібералізацыі гандлю таварамі за кошт памяншэння мытных пошлін. На працягу 47 гадоў (да стварэння СГА) асноўны юрыдычны тэкст ГАТТ заставаўся такім, якім ён быў прыняты ў 1948 годзе. У дадатак да яго таксама былі прыняты шматбаковыя пагадненні з абмежаванай колькасцю ўдзельнікаў.

Зараз правілы шматбаковых гандлёвых пагадненняў ГАТТ/СГА выкарыстоўваюцца як аснова рэгулявання экспартна-імпартных узаемаадносін болей за 160 краін свету. Правілы СГА з’яўляюцца таксама арыенцірам для распрацоўкі і практычнага ўжывання нацыянальных заканадаўчых і нарматыўных актаў у сферы гандлёва-эканамічных адносін.

Сама арганізацыя з’яўляецца форумам, на якім падчас калектыўных абмеркаванняў і перамоў вызначаюцца правілы міжнароднага гандлю і разглядаюцца пытанні скарачэння бар’ераў на яго шляху.

Афіцыйнай датай стварэння СГА з’яўляецца 1 студзеня 1995 г. У адпаведнасці з Пагадненнем аб заснаванні СГА, якое было падпісана 15 красавіка 1994 г., краінамі-заснавальніцамі арганізацыі сталі 75 дзяржаў – удзельнікаў ГАТТ і Еўрапейскія супольніцтвы.

На 1 снежня 2017 г. паўнапраўнымі ўдзельнікамі СГА з'яўляюцца 164 дзяржавы. Больш за 20 дзяржаў маюць статус назіральніка СГА. Пераважная большасць з іх, у тым ліку Рэспубліка Беларусь, вядуць перамовы аб далучэнні да дадзенай арганізацыі. Расійская Федэрацыя стала членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі 22 жніўня 2012 г., Рэспубліка Казахстан — 30 лістапада 2015 г.