Гандлёвыя рэжымы

Рэспубліка Беларусь у таргова-эканамічных адносінах з іншымі краінамі выкарыстоўвае 3 віды гандлёвых рэжымаў.

Рэжым свабоднага гандлю / зона свабоднага гандлю

Рэжым свабоднага гандлю ўяўляе сабой адну з найбольш цесных форм міжнароднай эканамічнай інтэграцыі. Замацаванне гэтага рэжыму ажыццяўляецца на дагаворнай аснове паміж дзяржавамі, якія маюць даволі высокі ўзровень гандлёва-эканамічных і палітычных сувязей.

Рэжым свабоднага гандлю прадугледжвае адмену і неўжыванне ў далейшым тарыфных і колькасных абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. Магчыма ўсталяванне выняткаў з рэжыму свабоднага гандлю па асабліва адчувальных таварах.

Рэспубліка Беларусь мае двухбаковыя пагадненні аб свабодным гандлі з Азербайджанам, Арменіяй, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Казахстанам, Малдовай, Расіяй, Узбекістанам, Туркменістанам, Украінай і Сербіяй.

18 кастрычніка 2011 года адбылося падпісанне Дагавора аб зоне свабоднага гандлю СНД, які быў прыняты Арменіяй, Беларуссю, Казахстанам, Кыргызстанам, Малдовай, Расіяй, Таджыкістанам і Украінай.

Акрамя таго, Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам Пагаднення аб стварэнні зоны свабоднага гандлю ад 15 кастрычніка 1994 года (са змяненнямі ад 2 кастрычніка 1999 г.), падпісанага ў рамках СНД. Рэспубліка Беларусь і Грузія шляхам абмену нотамі паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Грузіі зафіксавалі згоду пасля выхаду Грузіі з СНД ўжываць ва ўзаемным гандлі ў рамках Пагаднення аб стварэнні зоны свабоднага гандлю ад 15 красавіка 1994 года.

Паспяховасць Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі спрыяе росту зацікаўленасці замежных дзяржаў да супрацоўніцтва з Беларуссю і ў цэлым з Еўразійскім эканамічным саюзам.

У адпаведнасці з артыкулам 35 Дагавора аб ЕАЭС ад 29 мая 2014 года рэжым свабоднага гандлю з трэцім бокам усталёўваецца на падставе міжнароднага дагавора Саюза з такім трэцім бокам.

29 мая 2015 года пасля трохгадовых перагавораў падпісана Пагадненне аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і  яго дзяржавамі-членамі, з аднаго боку, і Сацыялістычнай Рэспублікай В’етнам, з другога. Пагадненне ўступіла ў сілу 5 кастрычніка 2016 года. Міжнародны дагавор прадугледжвае адмену або істотнае зніжэнне ўвазных пошлін на практычна ўсе ключавыя пазіцыі беларускага экспарту ў В’етнам. Пры гэтым у працэсе перагавораў з В’етнамам забяспечаны неабходны ўзровень аховы беларускіх вытворцаў пры адкрыцці айчыннага рынку для в’етнамскіх тавараў. 

Афіцыйны тэкст Пагаднення аб свабодным гандлі з В’етнамам, а таксама Агляд Пагаднення даступны на сайце Еўразійскай эканамічнай камісіі па спасылцы. З пералікамі абавязацельстваў Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам і дзяржаў-членаў ЕАЭС па зніжэнні ставак імпартных мытных пошлін можна азнаёміцца па спасылцы.

27 кастрычніка 2019 г. уступае ў сілу Часовае пагадненне, якое вядзе да стварэння зоны свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і яго дзяржавамі-членамі, з аднаго боку, Ісламскай Рэспублікай Іран, з іншага боку. Часовае пагадненне было падпісана 17 мая 2018 г. у рамках Астанінскага эканамічнага форуму.

У 2019 годзе дзяржавамі-членамі ЕАЭС завершаны перамовы па заключэнні пагадненняў аб свабодным гандлі з Сінгапурам, а таксама па уніфікацыі гандлёвага рэжыму з Сербіяй. Мяркуецца, што гэтыя пагадненні ўступяць у сілу ў канцы 2019 г. — пачатку 2020 г.

Працягваюцца перамовы з Ізраілем, Егіптам і Індыяй.

Рэжым нацыі найбольшага спрыяння (РНС)

Рэжым найбольшага спрыяння нацыі прадугледжвае ўсталяванне ў міжнародных дагаворах і пагадненнях палажэнняў, пры якіх кожны з дагаворных бакоў абавязваецца стварыць для іншага боку не менш спрыяльныя ўмовы ў сферы эканамічных, гандлёвых і іншых адносін, якія ён прадастаўляе ці прадаставіць у будучым любой трэцяй дзяржаве. РНС узнікае на ўзаемнай аснове шляхам заключэння шмат- і двухбаковых міжнародных дагавораў.

У гандлі з краінамі, якім прадастаўляецца РНС, ужываюцца стаўкі, зацвержданыя Адзіным Мытным тарыфам Еўразійскага эканамічнага саюза.

Прэферэнцыйны рэжым (сістэма прэферэнцый)

Падрабязная інфармацыя размешчана ў раздзеле «Тарыфнае рэгуляванне».