В Беларусь без визы

Заява Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь

Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь расцэньвае адмову Чэшскага боку забяспечыць выдачу віз афіцыйнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў саміце Савета Еўраатлантычнага партнёрства (Прага, 21-22 лістапада 2002 года) як грубае парушэнне дамоўленасцяў СЕАП аб праве кожнай дзяржавы самастойна вызначаць узровень свайго прадстаўніцтва на саміце.

Гэта беспрэцэдэнтнае, навязанае Чэшскаму боку рашэнне, з’явілася чарговым крокам непрыкрытага ціску на Рэспубліку Беларусь і сведчыць аб несамастойнай знешняй палітыцы Чэхіі, дэманструе, з якой знявагай Чэшская Рэспубліка адносіцца да рашэнняў СЕАП, удзельніцай якіх яна з’яўляецца.

Рэспубліка Беларусь праводзіла і будзе праводзіць паслядоўную і адказную палітыку ў сферы міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі, зыходзячы з уласных нацыянальных інтарэсаў. Беларусь унесла ўклад прынцыповай важнасці ў недапушчэнне распаўсюджвання ядзернай зброі, дабраахвотна і без папярэдніх умоў адмовілася ад ядзернай зброі, ліквідавала ў рамках абавязкаў па Дагавору аб звычайных узброеных сілах у Еўропе больш звычайных узбраенняў, чым вядучыя краіны НАТО.

Рашэнне Чэшскага боку не дазваляе Беларускаму боку прыняць удзел на адпаведным узроўні ў форуме, дзе будуць абмяркоўвацца ключавыя пытанні супрацьдзеяння пагрозам і рызыкам 21-га стагоддзя. МЗС Беларусі разглядае гэтыя дзеянні Чэшскага боку як небяспечны прэцэдэнт, які ставіць пад сумненне цэласнасць сістэмы Еўраатлантычнай бяспекі, яе універскльнасць і эфектыўнасць функцыянавання.