В Беларусь без визы

Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе

Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) з’яўляецца буйнейшай рэгіянальнай арганізацыяй, у склад якой уваходзяць 57 дзяржаў Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Паўночнай Амерыкі.

Мандат АБСЕ ахоплівае шырокі круг пытанняў у рамках ваенна-палітычнага, эканоміка-экалагічнага і чалавечага вымярэнняў. Рашэнні ў АБСЕ прымаюцца на аснове кансенсуса, усе дзяржавы-ўдзельніцы маюць аднолькавы статус.

Усеабдымны падыход АБСЕ да пытанняў бяспекі і шырокі склад удзельнікаў робяць Арганізацыю важным і ўнікальным міжнародным форумам для палітычнага дыялогу.

З 30 студзеня 1992 г. Беларусь з’яўляецца паўнапраўным членам АБСЕ. З 1992 года ў г.Вене (Аўстрыя) дзейнічае Пастаянная дэлегацыя Рэспублікі Беларусь у АБСЕ.

Для Беларусі ўдзел ў АБСЕ мае прынцыповае значэнне: АБСЕ з’яўляецца важнай пляцоўкай для давядзення пазіцыі і інструментам прасоўвання знешнепалітычных ініцыятыў нашай краіны, развіцця дыялогу з ключавымі еўрапейскімі структурамі і ЗША, прыцягнення міжнароднай экспертнай дапамогі.

Беларусь прымае актыўны ўдзел у працэсе выпрацоўкі і прыняцця рашэнняў і дакументаў АБСЕ. Удзел Беларусi ў дзейнасці Арганізацыі ажыццяўляецца праз працу ў рамках Пастаяннага савета АБСЕ, Форума па супрацоўніцтве ў сферы бяспекі, Сумеснай кансультатыўнай групы і Кансультатыўнай камісii па адкрытым небе, а таксама праз практычную рэалізацыю прынцыпаў і механізмаў, закладзеных у асноватворных дакументах АБСЕ.

Беларускія прадстаўнікі працуюць у Сакратарыяце АБСЕ ў г.Вене, інстітутах і палявых місіях АБСЕ, уключаючы Спецыяльную маніторынгавую місію (СММ) у Украіне. З ліпеня 2016 г. прадстаўнік Беларусі Н.Дрозд ўзначальвае Офіс АБСЕ ў Ашхабадзе.

Дэлегацыя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прымае ўдзел у працы Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ. У 2011-2014 гадах беларусскія парламентарыі ініцыявалі прыняцце Асамблеяй шэрагу рэзалюцый па тэматыцы гандлю людзьмі, экалагічнай бяспекі і ўстойлівай эканомікі, прасоўвання сацыяльна-эканамічных  правоў у рэгіене АБСЕ.

26-я штогадовая сесія ПА АБСЕ ўпершыню прайшла ў г.Мінску з 5 па 9 ліпеня 2017 г. У рамках афіцыйнага адкрыцця Асамблеі адбыліся сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А.Р. са Старшынёй ПА АБСЕ К.Муттонен і Дзеючым старшынёй АБСЕ, Федэральным міністрам па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі С.Курцем.

Практычна аднагалоснае адабрэнне ПА АБСЕ атрымала ініцыяваная беларускай дэлегацыяй рэзалюцыя на тэму «Распрацоўка сучасных і эфектыўных заканадаўчых, нарматыўных, адміністрацыйных мер рэагавання на з'яўленне новых псіхаактыўных рэчываў».

Рэспублікай Беларусь ажыццяўляецца прагматычнае і канструктыўнае ўзаемадзеянне з інстытутамі АБСЕ – Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ), Прадстаўніком па пытаннях свабоды СМІ, а таксама з Сакратарыятам АБСЕ, уключаючы Каардынатара эканамічнай і экалагічнай дзейнасці і Спецпрадстаўніка / Каардынатара АБСЕ па пытаннях барацьбы з гандлем людзьмі.

У 1998-2002 гадах у Беларусі дзейнічала Кансультатыўна-назіральная група АБСЕ, у 2003-2010 гг. – Офіс АБСЕ ў Мінску. Па лініі дадзеных структур у Беларусі быў рэалізаваны шэраг значных праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

У сучасны момант развіваецца прамое супрацоўніцтва Беларусі з Секратарыятам і інстітутамі АБСЕ па рэалізацыі сумесных праектаў.

З 2007 года ў Беларусі ажыццяўляецца рэалізацыя сумеснага праекта АБСЕ-ПРААН «Нарошчванне патэнцыялу ў галіне кіравання запасамі лёгкай і стралковай зброі (ЛСЗ) і забеспячэнне іх бяспечнага захоўвання». Праект прадугледжвае ўмацаванне бяспекі захоўвання ЛСЗ і ўдасканаленне кіравання запасамі гэтага віду ўзбраенняў на 15 аб'ектах Міністэрства абароны Беларусі.

У 2012-2014 гадах быў імплементаваны пілотны «пакет» праектаў тэхнічнай дапамогі, у які ўвайшлі праекты па лініі ваенна-палітічнага вымярэння, пагранічнага супрацоўніцтва, экалагічнай бяспекі, барацьбы з насіллем у сям’і і гандлем людзьмі.

Знакавай знешнепалітычнай падзеяй, якая заклала добрую аснову для ўмацавання канструктыўнага ўзаемадзеяння Беларусі і АБСЕ, стаў візіт у г.Мінск ў чэрвені 2015 года Генеральнага сакратара АБСЕ Л.Дзанньера (першы з 2006 года) і Дырэктара БДІПЧ АБСЕ М.Г.Линка, падчас якога адбыліся іх сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Міністрам замежных спраў, Міністрам абароны і кіраўніцтвам Парламента Беларусі. 

У рамках візіту быў узгоднены другі «пакет» сумесных праектаў Беларусі і АБСЕ для рэалізацыі ў 2015-2017 гадах. Генеральным сакратаром АБСЕ і Міністрам абароны Беларусі быў падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні па сумесным праекце па ўтылізацыі кампанентаў вадкага ракетнага паліва, арыенціровачны кошт якога – каля 1,3 млн. Еўра.

У ходзе апошняга пасяджэння СМЗС АБСЕ ў Вене (7-8 снежня

2017 г.) адбылася сустрэча Міністра замежных спраў Беларусі У.Макея з новым Генеральным сакратаром АБСЕ Т.Грэмінгерам, які высока ацаніў уклад Беларусі ў працу АБСЕ. Генеральны сакратар падкрэсліў зацікаўленасць у развіцці далейшага праектнага супрацоўніцтва з Беларуссю і правядзенні сумесных мерапрыемстваў.

Беларусь традыцыйна выступае за комплекснае рэфармаванне АБСЕ, ліквідацыю перакосаў і недахопаў у яе працы ва ўсіх трох вымярэннях бяспекі, якія зараз існуюць, трансфармацыю АБСЕ ў паўнавартасную міжнародную арганізацыю, якая будзе дзейнічаць у інтарэсах усіх дзяржаў-удзельніц.

Наша краіна актыўна падтрымлівае замацаваную ў Хартыі еўрапейскай бяспекі прыярытэтную ролю АБСЕ ва ўрэгуляванні канфліктаў у рэгіёне яе адказнасці на падставе павагі суверэнітэта і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў-удзельніц.