В Беларусь без визы

Міжнародная арганізацыя працы

Міжнародная арганізацыя працы (МАП) была створана ў 1919 годзе. C 1946 года МАП з'яўляецца спецыялізаванай установай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Арганізацыя заклікана садзейнічаць сацыяльна-эканамічнаму прагрэсу і паляпшэнню ўмоваў працы.

Асноўныя задачы МАП:

  • распрацоўка ўзгодненай палітыкі і праграм, накіраваных на рашэнне сацыяльна-працоўных праблем;
  • прыняцце міжнародных працоўных нормаў у выглядзе канвенцый і рэкамендацый і кантроль за іх выкананнем;
  • дапамога краінам-удзельніцам у вырашэнні сацыяльна-працоўных праблем;
  • абарона правоў чалавека (на працу, на свабоду аб'яднання, на калектыўныя перамовы, супраць прымусовай працы, дыскрымінацыі і г.д.);
  • правядзенне даследаванняў і ажыццяўленне публікацый па сацыяльна-працоўных пытаннях.

У аснову працы МАП пакладзены прынцып трыпартызма — перамовы ў рамках Арганізацыі ажыццяўляюцца паміж прадстаўнікамі ўрадаў, арганізацый прафсаюзаў і наймальнікаў краін-членаў.

З 1919 года арганізацыяй прынята 187 канвенцый і рэкамендацый па сацыяльна-працоўных пытаннях.

Вышэйшым органам МАП з'яўляецца Міжнародная канферэнцыя працы, якая склікаецца не радзей аднаго разу ў год. На Канферэнцыі разглядаюцца і прымаюцца міжнародныя нормы ў сацыяльна-працоўнай сферы, абмяркоўваюцца пытанні, якія маюць агульнасусветнае значэнне.

Выканаўчым органам МАП з'яўляецца Адміністрацыйны савет, які кіруе працай Арганізацыі ў перыяд паміж сесіямі Канферэнцыi і вызначае парадак выканання рашэнняў Канферэнцыі. Штогод праводзяцца тры сесіі Адміністрацыйнага савета.

Міжнароднае бюро працы з'яўляецца пастаянным сакратарыятам МАП.

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца членам МАП з 1954 года. Беларусь ратыфікавала 49 канвенцый МАП, у тым ліку 8 асноватворных.

Удзел у МАП дазваляе Беларусі вывучаць і ўжываць міжнародную практыку ўрэгулявання сацыяльна-працоўных спрэчак, развіваць сацыяльнае партнёрства (урад – прафсаюзы – прадпрымальнікі), удасканальваць і рэгуляваць рынак працы. Удзел у дзейнасці МАП дапамагае распрацоўваць заснаваныя на сучасным вопыце нормы працоўнага заканадаўства, садзейнічае развіццю прадпрымальніцтва, рашэнню праблем занятасці.

Рэспубліка Беларусь узаемадзейнічае з МАП па пытаннях удасканалення вядзення калектыўных перамоваў, працоўных спрэчак і медыяцыі.

Галоўным органам па ўзаемадзеянні з МАП з'яўляецца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі (Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 лістапада 2017 г. № 877 ”Аб супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэннямі“).