В Беларусь без визы

Еўрапейская эканамічная камісія ААН

ЕЭК ААН — адна з пяці рэгіянальных эканамічных камісій Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН (ЭКАСАС), заснавана 28 сакавіка 1947 г. са штаб-кватэрай у Жэневе.

У склад уваходзяць 56 дзяржаў. Акрамя еўрапейскіх краін ў склад арганізацыі ўваходзяць ЗША, Канада, Турцыя, Ізраіль, былыя савецкія рэспублікі Сярэдняй Азіі.

Ключавая задача ЕЭК ААН — садзейнічанне эканамічнаму супрацоўніцтву ў Еўропе, умацаванне эканамічнай інтэграцыі і гандлёва-эканамічных сувязяў ўнутры рэгіёну ЕЭК ААН і паміж гэтым рэгіёнам і астатнім светам. З гэтай мэтай ЕЭК ААН рэалізуе комплекс мерапрыемстваў па аналізе эканамічнага і тэхналагічнага патэнцыялаў, выпрацоўцы рэкамендацый, накіраваных на рашэнне рэгіянальных задач эканамічнага развіцця. Традыцыйна вялікая ўвага надаецца распрацоўцы нарматыўных дакументаў (шматбаковых пагадненняў, канвенцый, рэкамендацый, стандартаў) і пытаннях іх практычнага выканання.

ЕЭК ААН дапамагае забяспечваць выкананне мэт ўстойлівага развіцця шляхам пераўтварэння глабальных мэт у нормы, кіруючыя прынцыпы, стандарты і канвенцыі, правядзення аглядаў і даследаванняў (у галіне навакольнага асяроддзя, інавацый, нарматыўных бар'ераў, жыллёвай гаспадаркі, лясной гаспадаркі, статыстыкі), развіцця патэнцыялу і стварэння умоваў супрацоўніцтва з прыватным сектарам і грамадзянскай супольнасцю.

У склад ЕЭК ААН ўваходзяць 8 сектаральнай камітэтаў:

1) Кіруючы камітэт па патэнцыяле і стандартам гандлю;
2) Камітэт па інавацыях, канкурэнтаздольнасці і дзяржаўна-прыватнаму партнёрству;
3) Камітэт па экалагічнай палітыцы;
4) Камітэт па ўнутраным транспарце;
5) Камітэт па ўстойлівай энергетыцы;
6) Камітэт па жыллёвай гаспадарцы і землекарыстанні;
7) Камітэт па лясах і лясной гаспадарцы;
8) Канферэнцыя еўрапейскіх статыстыкаў.

Кіруючым органам ЕЭК ААН з'яўляецца сесія ЕЭК ААН, якая праходзіць адзін раз у два гады.

У красавіку 2017 года на 67-й сесіі ЕЭК ААН Беларусь была абрана намеснікам старшыні ЕЭК ААН і ўвайшла ў склад Выканаўчага камітэта Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН на перыяд да 2019 года.

Беларусь — паўнапраўны член ЕЭК ААН з моманту яе стварэння. Супрацоўніцтва ажыццяўлялася на працягу ўсяго перыяду дзейнасці Камісіі.

Агульныя пытанні дзейнасці ЕЭК ААН замацаваны за Міністэрствам замежных спраў, супрацоўніцтва з сектаральным камітэтамі Камісіі — за профільнымі органамі дзяржаўнага кіравання.

Беларусь падтрымлівае шырокія кантакты з ЕЭК ААН.

Пры садзейнічанні Камісіі ў нашай краіне актыўна развіваецца ініцыятыва дзяржаўна-прыватнага партнёрства, рэалізуюцца праекты тэхнічнай дапамогі ў такіх галінах, як ахова навакольнага асяроддзя, гандаль, інавацыйная палітыка, жыллёвая гаспадарка і землекарыстанне і інш.

Беларусь з'яўляецца актыўным удзельнікам міжнародных пагадненняў і канвенцый, прынятых у ЕЭК ААН, і забяспечвае выкананне ўзятых на сябе абавязацельстваў (Беларусь далучылася да 23 з 57 транспартных канвенцый і да ўсіх 5 экалагічных пагадненняў ЕЭК ААН).

Адбыліся 6 візітаў кіраўнікоў ЕЭК ААН у Беларусь, тры з якіх — у 2015-2016 гг. (У 2001 г. — візіт Дануты Хюбнер, у 2008 г. — Марэка Бэлькі, у лістападзе 2009 года — Яна Кубіш, у лістападзе 2015 г. чэрвені 2016, кастрычніку 2016 г. — К.Ф.Баха).

К.Ф.Бах наведаў Беларусь з візітам у лістападзе 2015 г. — з мэтай падвядзення вынікаў праекта тэхдапамогі па развіцці дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Беларусі, у чэрвені 2016 г. — з мэтай запуску 3-га Агляду выніковасці экалагічнай дзейнасці Беларусі, у кастрычніку 2016 г. — з мэтай удзелу ў канферэнцыі «Закладваючы асновы ў рэгіёне ЕЭК ААН для эканамічнай інтэграцыі і ўстойлівага развіцця да 2030 года», сумесна арганізаванай МЗС Беларусі і ЕЭК ААН.

Прадстаўнікі дзяржаўных органаў Беларусі актыўна ўдзельнічаюць у працы ўсіх камітэтаў ЕЭК ААН, што дазваляе забяспечваць ўлік беларускіх інтарэсаў пры выпрацоўцы рашэнняў па актуальных агульнаеўрапейскіх эканамічным праблемам.