В Беларусь без визы

Праграма Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па навакольным асяроддзі

Праграма Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) – агенцтва ААН, мэта якога — ацэнка стану сусветнага навакольнага асяроддзя і выяўленне праблем, для вырашэння якіх неабходна міжнароднае супрацоўніцтва.

Створана 15 снежня 1972 года. Дэвіз арганізацыі — «Навакольнае асяроддзе ў інтарэсах развіцця». Штаб-кватэра знаходзіцца ў г. Найробі (Кенія).
 
Галоўным кіруючым органам ЮНЕП з’яўляецца Савет кіраўнікоў, ён складаецца з прадстаўнікоў 58 краін-членаў, якія выбіраюцца Генеральнай Асамблеяй ААН на чатыры гады ў адпаведнасці з прынцыпам справядлівай геаграфічнай прадстаўленасці. Савет праводзіць рэгулярныя сесіі па няцотным гадах.
 
У якасці механізма рэалізацыі рашэнняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя выступае Сакратарыят ЮНЕП на чале з выканаўчым дырэктарам. Глава ЮНЕП па пасадзе з’яўляецца намеснікам Генеральнага сакратара ААН і прызначаецца Генеральнай Асамблеяй па рэкамендацыі Генсакратара на чатырохгадовы тэрмін.
 
ЮНЕП займаецца аналізам і ацэнкай стану глабальнага навакольнага асяроддзя, каб на ранніх стадыях папярэдзіць узнікаючыя пагрозы. Распрацоўвае палітыку і прававую базу ў сферы прыродааховы, падтрымлівае стварэнне і эфектыўнае функцыянаванне нацыянальных структур па ахове навакольнага асяроддзя, каардынуе дзейнасць прыродаахоўных канвенцый, садзейнічае распаўсюджванню экалагічна чыстых тэхналогій. Асаблівая ўвага надаецца рэалізацыі «Павесткі дня XXI стагоддзя», зацверджанай на Канферэнцыі  ААН па навакольным асяроддзі і развіцці (Рыо-дэ-Жанэйра, 1992 г.), а таксама рашэнняў Сусветнага Саміта па ўстойлівым развіцці (Йоханэсбург, 2002г.).
  
Галаўным  ведамствам па супрацоўніцтву з ЮНЕП з’яўляецца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.
 
Асноўныя напрамкамі супрацоўніцтва Беларусі і ЮНЕП: маніторынг і ацэнка стану навакольнага асяроддзя; своечасовае папярэджванне катастроф прыроднага характару і адпаведнае рэагаванне на іх; рашэнне прыродаахоўных праблем зыходзячы з гаспадарчай дзейнасці канкрэтнага рэгіёна; фарміраванне нацыянальнага заканадаўства ў галіне экалогі і інш.
 
Рэспубліка Беларусь з’яўляецца актыўным удзельнікам праектаў ЮНЕП, сярод якіх Картахенскі пратакол па біябяспецы; Манрэальскі пратакол,  у якiм былi вызначаны жорсткiя меры па спыненню вытворчасцi i спажывання найбольш небяспечных азонаразбуральных рэчываў;Стакгольмская канвенцыя аб стойкіх арганічных забруджвальніках і інш.
 
Беларусь плануе працягваць актыўна ўдзельнічаць як у нацыянальных, так і ў глабальных праграмах ЮНЕП.
 
У жніўні 2014 года пры ЮНЕП быў акрэдытаваны  Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь.