В Беларусь без визы

Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці

Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) — гэта спецыялізаваная ўстанова Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

САІУ з'яўляецца найстарэйшай міжнароднай арганізацыяй у галіне аховы інтэлектуальнай уласнасці. Фактычна яна ўтварылася на дыпламатычнай канферэнцыі ў 1893 годзе. Два бюро, якія выконвалі адміністрацыйныя функцыі Парыжскай (па ахове прамысловай уласнасці) і Бернскай (па ахове літаратурных і мастацкіх твораў) канвенцый, аб'ядналіся ў адну ўстанову пад назвай БІРПІ (Аб'яднаныя міжнародныя бюро па ахове інтэлектуальнай уласнасці). У 1967 годзе ў Стакгольме была падпісана Канвенцыя, якая засноўвае САІУ. Штаб-кватэра САІУ размясцілася ў Жэневе (Швейцарыя). У 1974 годзе САІУ стала спецыялізаванай установай ААН.
 
 
 У цяперашні час членамі Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці з'яўляюцца 184 дзяржавы. Гэта больш за 90% краін свету. Генеральны дырэктар — Фрэнсіс Гары.
 
САІУ прызвана заахвочваць творчасць і садзейнічаць ахове інтэлектуальнай уласнасці ва ўсім свеце шляхам кааперацыі паміж дзяржавамі.
 
Яе дзейнасць прысвечана развіццю збалансаванай і даступнай міжнароднай сістэмы інтэлектуальнай уласнасці, якая забяспечвае ўзнагароджанне за творчую дзейнасць, стымулюе інавацыі і ўносіць ўклад у эканамічнае развіццё пры захаванні інтарэсаў грамадства.
 
Асноўныя функцыі Арганізацыі:
 
  • садзейнічанне распрацоўцы мерапрыемстваў, разлічаных на паляпшэнне аховы інтэлектуальнай уласнасці ва ўсім свеце і гарманізацыю нацыянальных заканадаўстваў у гэтай галіне;
  • заключэнне міжнародных дагавораў па ахове інтэлектуальнай уласнасці;
  • выкананне адміністрацыйных функцый Парыжскага і Бернскага саюзаў;
  • аказанне тэхніка-юрыдычнай дапамогі ў галіне інтэлектуальнай уласнасці;
  • збор і распаўсюджванне інфармацыі, правядзенне даследаванняў і публікацыя іх вынікаў;
  • забеспячэнне дзейнасці службаў, якія палягчаюць міжнародную ахову інтэлектуальнай уласнасці.
 
Першапачатковая і найважнейшая функцыя САІУ — адміністраванне шматбаковых міжнародных канвенцый. САІУ ажыццяўляе адміністратыўныя функцыі 24 міжнародных дагавораў (16 – у галіне прамысловай уласнасці, 7 – у галіне аўтарскіх і сумежных правоў, плюс канвенцыя, якая  засноўвае САІУ).

З 1998 года Сусветная Акадэмія САІУ займаецца падрыхтоўкай кадраў у галіне аховы інтэлектуальнай уласнасці. Пры ёй існуе Цэнтр дыстанцыйнага навучання, які дазваляе атрымліваць веды праз інтэрнэт. Пэўную цікавасць уяўляе праект па стварэнні WIPOnet — глабальнай сеткі інтэлектуальнай уласнасці, якая звязвае дзелавыя працэсы нацыянальных ведамстваў у рэжыме онлайн. Перспектыўным напрамкам дзейнасці САІУ з'яўляецца ўрэгуляванне камерцыйных спрэчак, звязаных з інтэлектуальнай уласнасцю. З 1994 года працуе Цэнтр па арбітражу і пасрэдніцтву САІУ.
 
Рэспубліка Беларусь стала членам САІУ 26 красавіка 1970 года.
 
Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях вызначаны адказным органам за супрацоўніцтва з САІУ (пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 лістапада 2017 г. № 877).
 
Прававая аснова ўзаемадзеяння Рэспублікі Беларусь з САІУ была закладзена ў снежні 2000 года падпісаннем Праграмы супрацоўніцтва паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і САІУ.
 
У цяперашні час супрацоўніцтва з САІУ рэгламентуецца таксама Мемарандумам аб узаемаразуменні паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і САІУ, Пратаколам аб супрацоўніцтве паміж САІУ і Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці па падрыхтоўцы кадраў у галіне аховы інтэлектуальнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама Сумеснай дэкларацыяй аб дзейнасці па ўмацаванню сістэмы інтэлектуальнай уласнасці і развіццю інавацый у Рэспубліцы Беларусь.

Асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва Беларусі і САІУ з'яўляюцца:
  • удасканаленне нацыянальнага заканадаўства ў галіне інтэлектуальнай уласнасці з улікам вопыту, набытага іншымі краінамі, і міжнародных тэндэнцый гарманізацыі;
  • узмацненне ролі інтэлектуальнай уласнасці ў адпаведных галінах навуковай, тэхнічнай і эканамічнай дзейнасці, што ажыццяўляецца на тэрыторыі Беларусі рознымі суб'ектамі гаспадарання;
  • удасканаленне правапрымяняльнай дзейнасці ў Беларусі ў мэтах папярэджання, выяўлення і спынення правапарушэнняў у галіне інтэлектуальнай уласнасці;
  • умацаванне тэхнічнай базы і павышэнне навукова-тэхнічнага патэнцыялу супрацоўнікаў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці.
 
Праца па гэтых напрамках ажыццяўляецца шляхам узаемадзеяння Міністэрства замежных спраў, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ) і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.
 
Экспертамі САІУ аказваецца кансультатыўная дапамога беларускаму боку па розных аспектах інтэлектуальнай уласнасці і яе выкарыстання ў мэтах эканамічнага і сацыяльнага развіцця, у прыватнасці, па праекту Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах».