В Беларусь без визы

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва

Папярэднікам ШАС была створаная ў 1996 годзе “шанхайская пяцёрка”, якая аб’яднала Расію, Кітай, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан і была прызначана садзейнічаць умацаванню даверу ў ваеннай сферы паміж краінамі-ўдзельніцамі і ўзаемнаму скарачэнню ўзброеных сіл у раёне мяжы. Пасля ўваходжання ў пяцёрку ў 2006 годзе шостага члена – Узбекістана – зноў створаная “шанхайская шасцёрка” атрымала новую назву – Шанхайская Арганізацыя Супрацоўніцтва.

Абноўленая арганізацыя адкрыла для сябе новыя напрамкі дзейнасці, і да цяперашняга моманту ШАС пераўтварылася ў арганізацыю шматпрофільнага, шматфарматнага супрацоўніцтва, чые патэнцыял і значнасць на міжнароднай арэне ўзрастаюць з кожным годам. Як і раней, прыярытэтным напрамкам для ШАС застаецца барацьба супраць тэрарызму, сепаратызму, экстрэмізму, трансмежнай злачыннасці і наркатрафіка.
 
Рост аўтарытэта ШАС пацвярджае імкненне ўсё новых краін далучыцца да арганізацыі. У 2004 годзе статус назіральніка пры ШАС атрымала Манголія. У 2005 годзе такі ж самы статус быў прысвоены шэрагу ўсходніх краін: Індыі, Ірану, Пакістану. 28 красавіка 2010 года яшчэ адным звяном, якое злучыла Усход і Захад у ШАС, стала Беларусь, прынятая ў Шанхайскую Арганізацыю Супрацоўніцтва ў статусе партнёра па дыялогу. Такі ж самы статус атрымала Шры-Ланка. Зараз ШАС займае 60 адсоткаў тэрыторыі Еўразіі. Арганізацыя, якая валодае такімі тэрытарыяльнымі, чалавечымі і эканамічнымі рэсурсамі, абавязкова набудзе аўтарытэт і ўплыў.
 
Органы ШАС
 
Вышэйшы орган для прыняцця рашэнняў у ШАС – Савет кіраўнікоў дзяржаў-членаў, які збіраецца кожны год. Савет кіраўнікоў дзяржаў-членаў вызначае прыярытэты і распрацоўвае асноўныя напрамкі дзейнасці Арганізацыі. Краіны старшынствуюць у Арганізацыі па чарзе, з гадавой цыклічнасцю, і завяршаюць тэрмін паўнамоцтваў самітам. У 2010-2011 гг. У ШАС старшынствуе Казахстан. З 1 студзеня 2010 года пост Генеральнага сакратара ШАС займае Муратбек Іманаліеў (Кыргызстан).
 
Савет кіраўнікоў урадаў (прэм’ер-міністраў) прымае бюджэт Арганізацыі, разглядае і вырашае асноўныя эканамічныя пытанні ў сферах развіцця ўзаемадзеяння ў рамках Арганізацыі.
 
Савет міністраў замежных спраў разглядае пытанні сучаснай дзейнасці Арганізацыі, правядзення кансультацый у рамках Арганізацыі па міжнародных праблемах. У выпадку неабходнасці Савет можа выступаць з заявамі ад імя ШАС.
 
Для разглядання канкрэтных пытанняў развіцця ўзаемадзеяння ў рамках ШАС праводзяцца нарады кіраўнікоў міністэрстваў і/або ведамстваў. Нарады праводзяцца ў адпаведнасці з пастановамі Савета кіраўнікоў дзяржаў і Савета кіраўнікоў урадаў (прэм’ер-міністраў).
 
Каардынацыю і кіраванне сучаснай дзейнасці арганізацыі ажыццяўляе Савет нацыянальных каардынатараў.
 
Пастаянны орган ШАС – Рэгіянальная антытэрарыстычная структура дзяржаў-удзельніц Шанхайскай канвенцыі аб барацьбе з тэрарызмам, сепаратызмам і экстрэмізмам ад 15 чэрвеня 2001 года.
 
Пастаянны адміністратыўны орган ШАС – Сакратарыят ШАС. Сакратарыят займаецца арганізацыйна-тэхнічным забеспячэннем мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках ШАС, рыхтуе прапановы па штогадовым бюджэце Арганізацыі.
 
Працоўныя структуры ШАС
 
Асноўнымі працоўнымі структурамі ШАС з’яўляюцца Дзелавы савет ШАС, Міжбанкаўскае аб’яднанне ШАС (МБА), Форум ШАС і Моладзевы савет ШАС.
 
Дзелавы савет Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва заснаваны 14 чэрвеня 2006 года ў Шанхаі. Дзелавы савет ШАС – няўрадавая структура. Ён аб’ядноўвае найбольш аўтарытэтных прадстаўнікоў бізнес-супольнасці краін-членаў ШАС. Асноўная мэта Дзелавога савета – пашырэнне эканамічнага супрацоўніцтва ў рамках Арганізацыі, наладжванне прамых сувязей і дыялогу паміж дзелавымі і фінансавымі кругамі дзяржаў-членаў ШАС.
 
Міжбанкаўскае аб’яднанне ШАС створана ў 2005 годзе. У склад членаў МБА ўвайшлі Банк развіцця Казахстана, Дзяржаўны банк развіцця Кітая, Знешэканамбанк Расіі, Нацыянальны банк Таджыкістана, Нацыянальны банк знешнеэканамічнай дзейнасці Узбекістана. 14 чэрвеня 2006 года ў г.Шанхаі падчас правядзення другога пасяджэння Савета МБА ШАС членам аб’яднання стала і Разлікова-ашчадная кампанія Кыргызстана.
Мэтаю Форума ШАС з’яўляецца навуковая падтрымка дзейнасці ШАС, развіццё ўзаемадзеяння навукова-даследчых і паліталагічных цэнтраў дзяржаў-членаў ШАС. Форум ШАС займаецца правядзеннем сумесных даследаванняў па актуальных пытаннях круга нагляду Арганізацыі, растлумачаннем задач і прынцыпаў дзейнасці ШАС, пашырэннем яе сувязей з навуковымі і грамадскімі кругамі і г. д.
 
Галоўнай задачай Моладзевага савета ШАС з’яўляецца “супрацоўніцтва і абмен вопытам прадстаўнікоў маладога пакалення краін ШАС у розных сферах развіцця маладой асобы, якое магло б забяспечыць фундаментальную пераемнасць палітыкі ШАС і садзейнічаць рэалізацыі яе гістарычнай місіі”.
 
Беларусь – партнёр ШАС
 
Для Беларусі дыялог з ШАС – магчымасць далучэння да міжрэгіянальных праектаў супрацоўніцтва з улікам выгоднага транзітнага становішча паміж Усходам і Захадам. Для ШАС Беларусь – гэта выхад на еўрапейскую пляцоўку, умацаванне сувязей Усхода і Захада. У Мемарандуме, які прадугледжвае прадастаўленне Беларусі статуса партнёра па дыялогу, агаворваецца шэраг узаемавыгодных напрамкаў для супрацоўніцтва. Сярод іх – стварэнне спрыяльных умоў для гандлю і інвестыцый, актывізацыя ўзаемадзеяння ў мытных справах, партнёрства ў пытаннях рэгіянальнай і глабальнай бяспекі, развіццё дыялога па знешнепалітычных пытаннях.
 
Яшчэ ў снежні 2005 года Беларусь падала заяўку на далучэнне да ШАС у якасці краіны-назіральніка. Але па прычыне рашэння краін-удзельніц не павялічваць у бліжэйшы час колькасць краін-назіральнікаў, заяўка Беларусі не разглядалася. У 2009 годзе была ўхвалена беларуская заяўка аб прадастаўленні статуса партнёра па дыялогу. Практыка ўзаемадзеяння з краінамі-партнёрамі ў ШАС пакуль што не напрацавана, але большасць краін-удзельніц схіляюцца да таго, што не будзе вылікай розніцы ў статусах назіральніка і партнёра па дыялогу.