Áåëàðóñü . Ôàêòû

Арганізацыя дагавора аб калектыўнай бяспецы

Дагавор аб калектыўнай бяспецы (ДКБ) быў падпісаны 15 мая 1992 г. у г. Ташкенце главамі шасці дзяржаў: Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Пасля да яго далучыліся Азербайджан, Грузія  і Беларусь. Дагавор уступіў у сілу 20 красавіка 1994 г. У красавіку 1999 г. Пратакол аб пралангацыі Дагавора падпісалі шэсць з іх (акрамя Азербайджана, Грузіі і Узбекістана). 
 
На маскоўскай сесіі ДКБ 14 мая 2002 г. было прынята рашэнне аб пераўтварэнні ДКБ у поўнафарматную міжнародную арганізацыю – Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). У 2002 годзе ў Кішынёве падпісаны Статут і Пагадненне аб прававым статусе АДКБ, якія ўступілі ў сілу 18 верасня 2003 г.
 
2 снежня 2004 г. Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб наданні Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы статусу назіральніка ў Генеральнай Асамблеі ААН. 
 
Асноўная мэта Арганізацыі – нарошчваць цесныя і ўсебаковыя саюзніцкія стасункі ў знешнепалітычнай, ваеннай, ваенна-тэхнічнай галінах; каардынацыя і аб'яднанне намаганняў у барацьбе з міжнародным тэрарызмам і другімі сучаснымі пагрозамі бяспекі. 
 
Галоўнымі задачамі АДКБ з'яўляюцца забеспячэнне нацыянальнай і калектыўнай бяспекі, паглыбленне ваенна-палітычнага ўзаемадзеяння і інтэграцыі, каардынацыя знешнепалітычных пазіцый па міжнародных і рэгіянальных праблемах бяспекі, узмацненне шматбаковых механізмаў супрацоўніцтва, развіццё супрацоўніцтва па процідзеянні сучасным выклікам і пагрозам бяспекі, такім як міжнародны тэрарызм, наркатрафік, нелегальная міграцыя, міжнародная арганізаваная злачыннасць, інфармацыйная бяспека і кібербяспека, ажыццяўленне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.
 
На сучасным этапе АДКБ трансфармавалася з «класічнага» ваенна-палітычнага блока, арыентаванага на абарону саюзнікаў ад знешняй агрэсіі, у рэгіянальную арганізацыю, здольную забяспечыць комплексную бяспеку дзяржаў – членаў, а таксама аператыўнае і гібка рэагаваць на шырокі спектр сучасных выклікаў і пагроз.
 
Беларусь развівае актыўнае супрацоўніцтва з АДКБ, выступае за моцную і эфектыўную арганізацыю, яе інтэграцыю ў еўразійскую архітэктуру бяспекі. 
 
Асноўная ўвага нашай дзяржавы надаецца ўзаемадзеянню ў рамках АДКБ на наступных напрамках.
 
1. Забеспячэнне выканання рашэнняў, прынятых прэзідэнтамі дзяржаў – членаў АДКБ. Шэраг рашэнняў 2011-2012 гадоў і іх выкананне заклалі падмурак для развіцця і ўдасканальвання новага напрамку дзейнасці АДКБ – павышэнне бяспекі дзяржаў – членаў АДКБ у інфармацыйнай сферы. Для Беларусі прадстаўляе актуальнасць як праблематыка фармавання скаардынаванай інфармацыйнай палітыкі ў інтарэсах дзяржаў – членаў АДКБ, так і забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі.
 
2. Развіццё ініцыятыў, якія наша дзяржава агучыла ў якасці прыярытэтных падчас свайго старшынства ў АДКБ у 2011 годзе (паглыбленне супрацоўніцтва ў сферы рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, пашырэнне ўзаемадзеяння па міратворчай праблематыцы з ААН). Так, напрыклад, у верасні 2012 года ў Нью-Ёрку быў падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Сакратарыятам АДКБ і Дэпартаментам аперацый ААН па падтрыманні міру.
 
3. Пашырэнне ўдзелу Беларусі ў сферы знешнепалітычнага ўзаемадзеяння з партнёрамі па АДКБ. У 2012 годзе падрыхтаваны шэраг сумесных заяў па актуальных пытаннях міжнароднай павесткі дня. Па ініцыятыве Беларусі рэгулярна аднаўляюцца Калектыўныя ўказанні пастаянным прадстаўнікам дзяржаў – членаў пры міжнародных арганізацый.
 
4. Паглыбленне супрацоўніцтва з міжнароднымі ўніверсальнымі і рэгіянальнымі арганізацыямі, развіццё партнёрскіх сувязяў з імі. У красавіку 2012 года на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АДКБ беларускім бокам было прапанавана абмеркаваць пытанне аб шляхах пашырэння супрацоўніцтва паміж АДКБ і АБСЕ.